У НАН Беларусi дадзены ўрачысты старт 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыi. Сёлета на лядовы кантынент адправяцца дзесяць удзельнiкаў: як спецыялiсты, якiя ўжо пабывалi ў Антарктыдзе (пяць чалавек), так i навiчкi. Членаў экспедыцыi чакае нялёгкая праца па нарошчваннi будаўнiцтва ўласнага дому на берагах Антарктыкi — Беларускай антарктычнай станцыi «Гара Вячэрняя», а таксама па правядзеннi навуковых даследаванняў у рамках дзяржаўнай праграмы па вывучэнні Антарктыкi.
20 кастрычнiка члены 13-й Беларускай антарктычнай экспедыцыi выедуць у Санкт-Пецярбург. Туды ж будуць адпраўлены экспедыцыйныя грузы. З Санкт-Пецярбурга на борце расiйскага судна беларускiя палярнiкi накiруюцца ў Антарктыку. Са снежня да сярэдзiны лютага, гэта значыць 2,5 месяца, на Паўднёвым полюсе Зямлi будуць праводзiцца навуковыя даследаваннi i работы па разгортваннi амбулаторна-хiрургiчнага модуля станцыi. Вяртанне беларускiх палярнiкаў на радзiму плануецца ў першай палове сакавiка.
А напярэдаднi нязменны кiраўнiк усiх беларускiх антарктычных экспедыцый Аляксей ГАЙДАШОЎ расказаў у iнтэрв'ю карэспандэнту БелТА аб планах па будаўнiцтве iнфраструктуры, навуковых даследаваннях, прынцыпах адбору i побыту палярнiкаў, а таксама пра тое, калi плануецца перайсцi да
круглагадовых даследаванняў. У скарочаным варыянце прыводзiм самыя цiкавыя пытаннi i адказы.
Ад спартанскiх умоў — да камфорту
— Аляксей Аляксандравiч, як Беларусь распачынала даследаванне Антарктыкi? Чаго ўдалося дасягнуць за прайшоўшыя гады?
— Наша краiна далучылася да Дагавора аб Антарктыцы ў 2006 годзе. Доўгi час пасля гэтага мы працавалi фактычна ў палявых умовах. Расiйскi бок даў у бязвыплатнае карыстанне некалькi збудаванняў, якiя захавалiся з часоў савецкiх антарктычных экспедыцый. Яны былi даволi трухлявыя, са шчылiнамi, старой паламанай мэбляй, там было цёмна, холадна i мокра. Добра прапалiць памяшканне не было магчымасцi: дызель-генератары аказалiся слабыя. Не было неабходных санiтарна-гiгiенiчных умоў. Мылiся вадой з чайнiка, гатавалi на невялiкай газавай плiтцы на дзве фаеркi з маленькiмi балончыкамi. Што датычыцца нашай работы, мы ў асноўным рабiлi вымярэннi, збiралi пробы i ўзоры, каб прывезцi iх у Беларусь, таму што не маглi правесцi на месцы нават iх папярэднюю апрацоўку з-за адсутнасцi навуковых лабараторый.
Нягледзячы на тое, што доўгi час прыйшлося працаваць у суровых умовах, энтузiязм не знiк. Мы iшлi наперад крок за крокам. У 2013 годзе ўрад, Нацыянальная акадэмiя навук, Мiнпрыроды па ўзгадненнi з Мiнфiнам зацвердзiлi план будаўнiцтва Беларускай антарктычнай станцыi. Два гады распрацоўвалася дакументацыя, вялiся падрыхтоўчыя работы. Першы аб'ект з'явiўся ў 2015 годзе — модуль кiравання сувязi i навiгацыi.
А сёння першая чарга будаўнiцтва станцыi дазваляе размяшчаць да 11-12 чалавек асабовага складу экспедыцыi. У кожнага ёсць асобнае жылое памяшканне, хай i невялiкае, але ўтульнае, з сiстэмай абагрэву i вентыляцыi. Ёсць асобны санiтарна-гiгiенiчны модуль. Маюцца сучасныя навуковыя лабараторыi па такiх кiрунках, як фiзiка атмасферы, бiялогiя. Ёсць гiдраметэаралагiчнае бюро: яго прыборнае аснашчэнне дазваляе дыстанцыйна вымяраць асноўныя параметры прыроднага асяроддзя Антарктыкi — хуткасць i напрамак ветру, адносную вiльготнасць i тэмпературу паветра. Прычым усе звесткi адразу апрацоўваюцца i перасылаюцца на Вялiкую зямлю. Гэта важна ў тым лiку для абслугоўвання палётаў антарктычнай авiяцыi, марскога суднаходства.
— А як зараз выглядаюць асноўныя збудаваннi Беларускай антарктычнай станцыi?
— У службова-жылым модулi кiравання сувязi i навiгацыi, якi мы пабудавалi першым, размешчана метэаралагiчнае бюро, навiгацыйнае абсталяванне, апаратура для сувязi як па Антарктыдзе, так i з Вялiкай зямлёй, авiяцыяй, марскiмi суднамi. Другi аб'ект — васьмiсекцыйны лабараторна-жылы модуль, фармiраванне якога мы завяршылi падчас 12-й экспедыцыi. Там ёсць навуковыя лабараторыi, жылыя памяшканнi, тэхналагiчны модуль кантролю за электраэнергiяй, санiтарна-гiгiенiчная секцыя з душавымi, пральнымi машынамi, секцыя-саўна з пакоем адпачынку, амбулаторыя-медпункт з сучасным кантрольна-дыягнастычным, фiзiятэрапеўтычным абсталяваннем. I яшчэ адна секцыя — аперацыйна-хiрургiчны блок, абсталяваны па самых сучасных патрабаваннях медыцынскага абслугоўвання. Абсталяванне дазваляе праводзiць у выпадку неабходнасцi складаныя хiрургiчныя ўмяшаннi.
На жаль, з лагiстычных прычын медыцынскiя канструкцыi прыйшлi толькi ў канцы сезона. Мы iх разгрузiлi i вымушаныя былi ўжо эвакуіравацца, сыходзiць на Вялiкую зямлю. Таму медыцынскi аб'ект пакуль застаецца закансерваваным. Задача наступнай экспедыцыi — разгарнуць яго, зманцiраваць, праверыць i ўвесцi ў эксплуатацыю абсталяванне.
Свой «дом культуры»
— Цi плануецца ў найблiжэйшыя гады працягваць будаўнiцтва?
— Так, фармiраванне Беларускай антарктычнай станцыi нельга лiчыць завершаным. У планах — наступны этап пяцiгадовай дзяржаўнай праграмы. Прадугледжана далейшае развiццё iнфраструктуры. Напрыклад, патрэбны кают-кампанiя i камбуз — не толькi для падрыхтоўкi i прыёму ежы, але i для стварэння спрыяльнага сацыяльна-псiхалагiчнага клiмату ў калектыве. Там усе змогуць сабрацца, правесцi разам вечар, пагаварыць, адпачыць. У антарктычных умовах гэта будуць не толькi кухня i сталовая, але i свайго роду дом культуры. Размесцiм там бiблiятэку, вiдэатэку, настольныя гульнi.
У наступнай пяцiгодцы ў нас павiнна з'явiцца i геафiзiчная абсерваторыя. Там будзе i лабараторыя, i месца для пражывання двух супрацоўнiкаў. У абсерваторыi размесцiм геафiзiчнае абсталяванне, у тым лiку сейсмограф, якi будзе адсочваць падземныя ваганнi ў Антарктыцы i за яе межамi.
— Беларускую станцыю ў гэтым сезоне наведала мiжнародная iнспекцыя Дагавора аб Антарктыцы. Як замежныя эксперты ацанiлi работу беларускiх палярнiкаў?
— Iнспекцыя вывучала ў нас пытаннi бяспекi, экалогii, энергазабеспячэння, водазабеспячэння, бяспекi транспартных сродкаў, сувязных камунiкацый, у тым лiку спадарожнiкавых, арганiзацыi навуковых даследаванняў. Праводзiлася комплексная, непрадузятая, аб'ектыўная праверка. Па вынiках iнспекцыi нам сказалi, што Беларуская антарктычная станцыя з'яўляецца найлепшай з 12 праiнспектаваных гэтай групай у сезон 2019—2020 гадоў. Iнспектары падкрэслiлi высокую ступень экалагiчнай бяспекi, тэхналагiчнасць, шырокае выкарыстанне альтэрнатыўных крынiц энергii, аснашчэнне энергаэфектыўным абсталяваннем, бяспечнае i эфектыўнае абсталяванне жыццезабеспячэння.
Вельмi высокiя водгукi атрымаў навуковы складнiк: прыборная база, комплексы, тыя вiды навуковых праграм i назiранняў, якiя рэалiзуюцца Беларускай антарктычнай экспедыцыяй.
Iнспектары гутарылi з кожным палярнiкам асобна. Затым, дзелячыся ўражаннямi, яны падкрэслiлi, што на станцыi працуе вельмi квалiфiкаваны персанал, пануе ўзорная дысцыплiна.
Навiчкi i «ветэраны»
— Беларускiя палярнiкi па дзяржпраграме працавалi ў Антарктыдзе толькi ў летнi сезон. Калi плануеце застацца на зiмоўку?
— Пераход да зiмовачных мерапрыемстваў з аб'ектыўных прычын у найблiжэйшыя год-два не разглядаецца, пакуль не стабiлiзавалася агульнасусветная транспартна-лагiстычная сiтуацыя. Было б авантурызмам зараз заставацца на зiмоўку не разумеючы, што будзе праз паўгода цi год, як вяртаць людзей, як iх забяспечваць, як змяняць склад экспедыцыi. Мы прынялi рашэнне пакуль праводзiць толькi сезонныя экспедыцыi.
Паказальна, што кожны год у складзе чарговай экспедыцыi ёсць спецыялiсты, якiя ўжо бывалi ў Антарктыцы i хочуць паехаць зноў. Напрыклад, у складзе 13-й экспедыцыi будзе пяць вопытных палярнiкаў. Гэта вельмi важна. Навiчка навучыць досыць складана: ён можа быць суперпрафесiяналам на Вялiкай зямлi, але ў Антарктыдзе вельмi шмат нюансаў, складанасцяў, асаблiвыя ўмовы для жыцця. З кожным даводзiцца працаваць iндывiдуальна. Усе палярнiкi, якiя ўдзельнiчалi ў беларускiх антарктычных экспедыцыях, у нас на вагу золата, бо яны ведаюць, куды i навошта едуць, як там сябе паводзiць i як працаваць.
— У зiмовачную экспедыцыю вы будзеце браць толькi дасведчаных палярнiкаў?
—- Так не бывае, каб не было навiчкоў. 50 % спецыялiстаў з вопытам работы ў Антарктыцы — як правiла, аптымальная колькасць для таго, каб стабiльна адпрацаваў увесь калектыў. Зiмовачная экспедыцыя не прадугледжвае пашыранага складу, бо некаторыя вiды навуковых назiранняў падчас антарктычнай зiмы не праводзяцца. У будучынi мы плануем, што ў перыяд правядзення сезонных работ на Беларускай антарктычнай станцыi будзе працаваць 14-15 чалавек, а на зiмоўку заставацца 10-11.
Зiмоўка — гэта асаблiвы выпадак. Восем месяцаў у годзе аказаць дапамогу ў Антарктыцы нiхто не зможа: самалёт не прыляцiць i карабель не прыйдзе. На працягу сезоннай экспедыцыi ў выпадку нейкiх форс-мажорных абставiн можна вырашыць пытанне эвакуацыi хворага, даставiць запчасткi, калi нешта выйшла са строю. Але калi пачынаюцца зiмовачныя мерапрыемствы, разлiчваць можна толькi на тое, што прывезлi, i на людзей, якiя побач. На зiмовы перыяд патрабуецца фiксаваны састаў, кампактны, мiнiмальна неабходны з пункту гледжання эфектыўнасцi выконваемых работ i бяспекi. Гэта тэхнiчныя спецыялiсты па жыццезабеспячэннi i навуковыя супрацоўнiкi для выканання круглагадовых навуковых праграм.
За 15 гадоў мы напрацавалi вопыт i кадры. Але трэба разумець, што нiколi сур'ёзныя праекты i аб'екты не ўводзяцца адразу ў эксплуатацыю для шырокага выкарыстання, няхай гэта будуць станцыi метро цi палёты ў космас. Спачатку ўсё шматразова адпрацоўваецца i тэсцiруецца. Так i ў нашым выпадку. Спачатку трэба правесцi пiлотную зiмоўку з удзелам пераважна тэхнiчных спецыялiстаў. Хай там будзе ўсяго адзiн-два навуковыя супрацоўнiкi, але абавязкова павiнны быць тэхнары — кожны па сваiм кiрунку. На працягу гэтай iзаляцыi трэба праверыць усе сiстэмы i пераканацца, што ўсё бяспечна. А калi нешта не так, вярнуўшыся назад, зрабiць работу над памылкамi. Толькi пасля гэтага можна будзе казаць пра пачатак бесперапыннага цыкла круглагадовых зiмовачных мерапрыемстваў у Антарктыдзе.
У склад Беларускай антарктычнай экспедыцыi (БАЭ) сезона 2020—2021 гадоў увайшлi навуковыя супрацоўнiкi НАН Беларусi (Рэспублiканскага цэнтра палярных даследаванняў, Iнстытута фiзiкi, НПЦ НАН Беларусi па бiярэсурсах, Iнстытута прыкладной фiзiкi, Iнстытута прыродакарыстання), БДУ (Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра манiторынгу азонасферы) i iншых арганiзацый краiны: Аляксей ГАЙДАШОЎ — кiраўнiк экспедыцыi; Уладзiмiр НЕСЦЯРОВIЧ — начальнiк сезоннай палявой базы; Павел РАСТОЎ — галоўны спецыялiст-механiк; Ягор КОРЗУН — вядучы спецыялiст (бiёлаг-эколаг); Сяргей ЛЮТЫ — вядучы спецыялiст, адказны за харчаванне; Уладзiслаў БАЗЫЛЕВIЧ — вядучы спецыялiст (фiзiка атмасферы); Леанiд НIКIЦЮК — урач вышэйшай катэгорыi, хiрург-анестэзiёлаг; Сяргей ЗУБРЫЦКI — вядучы спецыялiст (электрык-энергетык, спецыялiст па сродках сувязi); Павел ШАБЛЫКА — вядучы спецыялiст-геафiзiк; Мiкалай ЗIНЬКЕВIЧ — вядучы спецыялiст-праграмiст.
Падрыхтавала Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/antarktyda
[5] https://zviazda.by/be/tags/zimouka