37-гадовы барысаўчанін планаваў паездку ў Мінск на аўто каршэрынгавай фірмы. Месцам сустрэчы для атрымання машыны стала адна з АЗС горада. Мужчына разлічыўся за транспарт, сеў у яго і з'ехаў. Пры гэтым асабісты заплечнік з партманэ пакінуў на асфальце.
У гэты ж дзень з мужчынам звязаўся невядомы і паведаміў, што выпадковым чынам выявіў яго заплечнік. Незнаёмы высвятліў, што ўладальнікам забытага з'яўляецца дырэктар фірмы: усярэдзіне былі шматлікія візітоўкі, па якіх і ўдалося выйсці з ім на сувязь. Апошні быў рады сітуацыі, якая склалася, паколькі нават не мог уявіць, дзе пакінуў сваю маёмасць.
Заплечнік вярнуўся да законнага ўладальніка, вось толькі грошай і часткі маёмасці там ужо не было, паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама. Мужчына быў вымушаны паведаміць пра гэта ў міліцыю.
У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена, што да здзяйснення крадзяжу датычны той самы дабрадзей, 45-гадовы кіроўца таксі. У той дзень мужчына заехаў заправіцца на АЗС. Выходзячы з машыны, кінуў позірк на пакінуты заплечнік. І, паколькі было нешматлюдна, непрыкметна закінуў яго да сябе ў багажнік. А ўжо ад'ехаўшы, зазірнуў унутр знаходкі. Усё што ўяўляла для яго каштоўнасць: партманэ з грашыма, дзве партатыўныя прылады, ліхтар, - прыкарманіў.
Характэрна, што пасля здзяйснення крадзяжу таксіст сам патэлефанаваў пацярпеламу і паведаміў пра знаходку. Мужчына падахвоціўся адказаць за захаванасць маёмасці, пакуль уладальнік самастойна яго не забярэ.
Выйсці на след зламысніка дапамаглі ў тым ліку і запісы з камер відэаназірання, дзе выразна відаць, што акрамя кіроўца таксі ніхто да заплечніка не падыходзіў. Пасля барысаўчанін добраахвотна аддаў усё узятае, акрамя грошай, якія ўжо паспеў выдаткаваць на асабістыя патрэбы. У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа за крадзеж.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв’ю: alegria-realestate.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[2] https://zviazda.by/be/tags/barysau
[3] https://zviazda.by/be/tags/zlamysnik