Якуб Колас, безумоўна, — адна з самых значных фігур у беларускай культуры. Да гэтага часу яго творы з’яўляюцца ключавымі ў школьнай праграме, а паэма «Новая зямля» лічыцца своеасаблівай энцыклапедыяй беларускай ментальнасці, кодам, пры дапамозе якога можна расшыфраваць неадназначны беларускі нацыянальны характар. Яго ўласна літаратурная дзейнасць пакінула вялікі след і аказала ўздзеянне на многіх іншых літаратараў. Аднак уплыў Якуба Коласа распаўсюджваецца і за межы літаратурнага поля. Нядзіўна, што фігура пісьменніка і яго спадчына, прасякнутыя любоўю да беларускай прыроды і культуры, сталі крыніцай натхнення для многіх мастакоў.
Якуб Колас і яго творы сталі настолькі натуральнай часткай беларускага культурнага ландшафту, што мы ўспрымаем постаць пісьменніка і яго спадчыну як абсалютную дадзенасць, калі не сказаць больш — як адзін са слупоў, на якім грунтуецца беларуская культура і без якога нельга нават уявіць сучасную Беларусь.
З-за таго, што Якуб Колас стаў у нейкім сэнсе ключавым аўтарам для беларускай літаратуры, адбылася яго дэгуманізацыя. Ён перастаў успрымацца як рэальна існуючы чалавек і стаў хутчэй культурнай канцэпцыяй, філасофскай катэгорыяй. Нават нягледзячы на тое, што музей Якуба Коласа — гэта дом, дзе захаваліся яго рэчы, якімі ён сам карыстаўся, у пакоях якога жыў, усё роўна цяжка ўявіць класіка як жывога чалавека. Рана ці позна гэта здараецца з любым творцам. Ён раствараецца ў медыяполі, з некаторымі гэта здараецца нават пры жыцці, як у сітуацыі з Джэромам Сэлінджэрам. Выявы Якуба Коласа сталі настолькі звыклымі, што ў нейкі момант можа нават здацца: гэта згенерыраваныя нейрасецівам партрэты «тыповага беларуса». Адзіны спосаб справіцца з такой ілюзіяй — разгледзець некаторыя вядомыя мастацкія партрэты Якуба Коласа больш падрабязна, каб пераканацца: нават самыя значныя класікі — гэта не напаўбагі, а рэальныя людзі, і мастакі бачылі іх менавіта такімі.
У кожнага класіка ёсць нейкае максімальна стэрэатыпнае выяўленне, па якім ён і вядомы. Часцей за ўсё гэта партрэт або фатаграфія. Той самы партрэт Пушкіна ўсплывае ў галаве практычна адразу. У Якуба Коласа таксама ёсць такі стэрэатыпны партрэт. Менавіта таму першай карцінай для разбурэння вобраза жыхара неба лепш узяць тую работу, якая з гэтым партрэтам максімальна кантрастуе.
Якаў Кругер напісаў партрэт маладога Якуба Коласа, а гэта ўжо само па сабе выхад за рамкі любога канона выяўлення класікаў. Бо калі партрэт Дастаеўскага, то абавязкова павінен быць мудры стары з барадой. Вось і Коласа так сама часцей за ўсё малююць менавіта ў сталым узросце. Гэта ў цэлым пазбаўляе вобраз пісьменніка чалавечнас ці, бо ствараецца ўражанне, што ён такі быў заўсёды, нібы нарадзіўся ўжо немалады і адразу ж узяўся пісаць «Новую зямлю». Таму партрэты маладых класікаў вельмі каштоўныя для культурнага кантэксту, паколькі дазваляюць не забываць, што і прызнаныя мэтры таксама калісьці праходзілі праз усе ўзроставыя праблемы (з папраўкай на час, вядома ж), з якімі сутыкаец ца моладзь. І творчыя няўдачы, і адсутнасць прызнання, і спробы прабіцца ва ўмоўную культурную багему — усё гэта знаёма многім з тых, хто знаходзіцца ці знаходзіўся на чале «стала культуры».
У цэлым партрэт пэндзля Якава Кругера выкананы ў рэалістычнай манеры з усімі ўласцівымі жанравымі асаблівасцямі. Умоўны вясковы пейзаж, які быццам бы ствараўся па метадычцы: вясковы дом на заднім плане, каб падкрэсліць прыналежнасць Коласа да сялянства; некалькі бярозак, каб умацаваць сувязь з беларускай прыродай; умоўная дарога, якая сыходзіць кудысьці ў далеч да месца, дзе цямнее на гарызонце лес, каб паказаць, што ў героя яшчэ ўвесь жыццёвы шлях наперадзе; светлае неба як сімвал спакойнага, размеранага сялянскага жыцця. Уся пейзажная частка партрэта выканана ў мяккай, зялёнакарычневай гаме, якая робіць сувязь паміж Коласам і прыродай яшчэ больш відавочнай і моцнай. Сам жа пісьменнік паказаны ў звычайнай сялян скай кашулі цёмна-карычневага колеру, са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Гэта пастава ўпэўненага, спакойнага і свабоднага чалавека, які пакуль яшчэ не задушаны рэгламен там савецкай дзяржавы і ўсімі тымі званнямі, што прынясе яму паспяховая літаратурная дзейнасць. Калі не ведаць, што перад намі той самы Колас, то здагадацца практычна немагчыма. І ў гэтым асноўная каштоўнасць дадзенага партрэта: ён прачыняе дзверы ў міну лае пісьменніка, дзе той яшчэ не вялікі і яго партрэты не вісяць у кожнай школе, а асноўным клопатам яго з’яўляецца хутчэй дабрабыт сваёй сям’і з максімальна матэрыяльнага пункту гледжання, а нелітаратура.
Другі партрэт — гэта карціна Міхаіла Савіцкага, якая моцна кантрастуе з творам Якава Кругера. Паколькі работа была створана ў больш позні перыяд, то пазбаўлена многіх характэрных жанра вых рыс класічнага рэалістычнага партрэта: няма ўмоўнага пейзажу на фоне, у цэлым манера мастака адрозніваецца меншай увагай да дэталяў. Савіцкі наўмысна быццам злёгку размывае сілуэт пісьменніка ў навакольнай прасторы, змяшча ючы яго ў цень. Колас тут намаляваны як сярэдніх гадоў худы мужчына за сталом з кнігамі, які, падпёршы галаву рукою, задуменным, практычна пустым позіркам глядзіць кудысьці міма гледача. Менавіта твар і погляд Коласа на гэтай карціне прыцягваюць найбольшую ўвагу. Бо звычайна героі партрэтаў глядзяць на гледача, вядуць з ім дыялог, мэта якога — даць рэцыпіенту ўяўленне не толькі пра тое, як выглядаў чалавек, але і мінімальна пра тое, якім характарам валодаў. І партрэт Савіцкага дэманструе нам ужо пісьменніка, сур’ёзнага чалавека, які, хутчэй за ўсё, знаходзіцца на нейкім афіцыйным прыёме, бо проста так наўрад ці б надзеў гэты парадны касцюм. Але ў яго поглядзе шмат стомленасці і нейкага таямнічага суму, які вельмі цяжка выказаць. Становіцца зразумелым тое, пра што многія і не задумваюцца, кажучы пра жыццё класікаў: несці на сабе цяжар культурнага сімвала — нялёгкая праца, часам выконваць яе не хочацца, бо стамляешся. Але менавіта гэтая стомленасць на твары Коласа, якую адлюстраваў Савіцкі, і не дае нам забыць пра тое, што любы класік — гэта таксама чалавек.
І, вядома, размова пра вобраз Якуба Коласа на палотнах айчынных жывапісцаў не будзе поўнай без згадкі вядомай кар ціны Уладзіміра Стальмашонка. На ёй класік намаляваны ў вобразе звычайнага селяніна, а ад звыклага для школьнікаў вобраза засталіся хіба што вусы і характэрны трохі сумны глыбокі погляд, які, відаць, быў настолькі выразны, што практычна ўсе мастакі малююць Коласа менавіта з ім. Тоны карціны вельмі восеньскія: карычневы розных адценняў, няяркі жоўты, брудны белы. Калі на карціне Кругера пейзаж за спінай пісьменніка зелянее і палае жыццём, як і сам Колас у той перыяд, то Стальмашонак, наадварот, падкрэслівае: класік на яго карціне — чалавек сталага ўзросту і таму, нягледзячы на ўнутраную сілу духу, усё роўна ўжо рухаецца ў бок захаду свайго жыцця, гэтак жа, як і прырода восенню слабее, губляючы летнюю жвавасць і прывабнасць. Але ад гэтага вобраз Якуба Коласа становіцца толькі больш чалавечным, бо гэта ўжо таксама не той класік, які глядзіць са сцяны ў класе, быццам бы злёгку пасмейваючыся з тых, хто не прачытаў «Новую зямлю».
Гэта чалавек, які прайшоў вельмі доўгі і далёка не лёгкі жыццёвы шлях, дзе былі як паразы, так і гучныя перамогі. Ён калісьці быў малады, як на карціне Кругера, і імкнуўся да большага, калісьці бываў стомлены, як на партрэце Савіцкага, але да канца жыцця прый шоў упэўненай хадой чалавека, які за сваё жыццё зрабіў шмат для беларускай культуры. Якуб Колас на карціне Стальмашонка — гэта чалавек, адзінай слабасцю якога з’яўляецца ўзрост, а таму, калі б у людзей была такая магчымасць, яго творчы шлях доўжыўся б вечна. Гэтак жа, як дарога на заднім плане карціны, што пятляе праз восеньскія пагоркі і сыходзіць за гарызонт.
Цімур ВЫЧУЖАНІН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mastactva