Мінулым летам у краіне стартаваў рэспубліканскі конкурс найлепшых бізнес-ідэй у галіне экалогіі «Belarus Green Awards 2020». Яго місіяй стаў пошук рашэнняў экалагічных праблем праз інавацыйныя праекты.
З 58 прынятых анкет з усёй Беларусі ў паўфінал выйшлі 12 удзельнікаў. Народнае галасаванне, у якім узяло ўдзел больш за 7000 чалавек, вызначыла сем фіналістаў.
— Колькасць удзельнікаў конкурсу і народнага галасавання сведчыць аб тым, наколькі актуальная тэма аховы навакольнага асяроддзя, «зялёнай», цыркулярнай эканомікі, экалагічнай бяспекі, — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК. — Я вельмі рады, што сёння грамадскасць так турбуе гэта тэма. Таму што самае важнае ў нашым жыцці — здаровае навакольнае асяроддзе. Будзе яно — будзе здаровая нацыя, будзе эканоміка і будзе квітнець наша родная Беларусь.
Якія ж праекты на думку журы сталі найлепшымі?
Дапамагчы прыродзе і пасёлку
Першае месца ў конкурсе заняў праект «ZNOVA» (г. п. Зэльва, Гродзенская вобласць). Гэта школьная бізнес-кампанія Зэльвенскай сярэдняй школы № 2 па вытворчасці паперы з трыснягу. Па словах яго кіраўніка, настаўніцы хіміі Наталлі ГРОМ, праект дапамагае паменшыць выкарыстанне пластыку, замарудзіць працэс знікнення лясоў і вырашыць праблему зарастання вадаёмаў.
З трыснягу можна вырабляць паперу для экапакетаў і кардонных скрынак, а таксама для дэкаратыўнай творчасці і сувенірнай прадукцыі. Такую паперу лёгка перапрацоўваць і выкарыстоўваць без дадатковых выдаткаў і шкоды для наваколля.
— Мы гадуем юных бізнесменаў, якія робяць упор на экалогію, — расказала Наталля Гром. — Наша мэтавая аўдыторыя — рамеснікі, мастакі, свядомыя спажыўцы.
Канчатковая ж мэта — запусціць вытворчасць экаўпакоўкі з трысняговай паперы. Гэта не толькі дапаможа рашэнню экалагічных праблем, але і створыць дадатковыя рабочыя месцы ў пасёлку.
Агарод у цэнтры горада
«Серабро» конкурсу атрымала «Сіціферма Ogorod» (Мінск). На першай гарадской ферме вырошчваецца мікразеляніна — маленькія парасткі агароднінных і салатных культур, вострых траў. Яе выкарыстоўваюць у рэстаранах і кафэ, прадаюць у прадуктовых крамах, ужываюць для дэкору страў.
Па словах прадстаўніка праекта Кацярыны МІРОНАВАЙ, вертыкальныя фермы становяцца ўсё больш папулярныя ў свеце, да таго ж яны дапамагаюць вырашыць праблему харчавання. З-за перанасялення Зямлі, змены клімату, росту плошчы гарадоў і дэградацыі зямель у найбліжэйшыя дзесяцігоддзі колькасць ежы можа паменшыцца. Вертыкальныя ж фермы можна размяшчаць і ў гарадах, яны не патрабуюць значнай колькасці вады, на іх не выкарыстоўваюцца пестыцыды.
«Зялёны» дакументаабарот
Трэцяе месца на конкурсе заняў ІT-праект «Е3» (Мінск) па стварэнні і развіцці экалагічнага электроннага дакументаабароту. Ён прызначаны дапамагчы спецыялістам у галіне аховы навакольнага асяроддзя скараціць працягласць выканання руцінных аперацый і павялічыць час на рашэнне важных экалагічных задач на прадпрыемстве.
Як расказала кіраўнік праекта, інжынер-эколаг Алеся ГАЦУРА, ключавая яго ідэя — стварэнне зручнай анлайн-праграмы на базе «воблачнай» платформы для збору і апрацоўкі экалагічнай інфармацыі. Гэта дазволіць аптымізаваць работу аддзелаў экалогіі на прадпрыемствах, скараціць працазатраты, выключыць падаванне няправільных даных у кантрольныя органы.
Праект «Е3» уключае некалькі модуляў. Спецыялісты ўжо працуюць з модулем «Е3 паветра», затым плануецца падключыць «Вытворчыя адходы», «Водаадвядзенне і водакарыстанне», «Зялёныя насаджэнні» і «Агрэгаванне».
Арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, праект здаровага спосабу жыцця і «зялёнага» спажывання «Пастарнак» і нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа».
Вераніка КОЛАСАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kolasava-1
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/karani-i-krony
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekalagichnyya-prablemy
[7] https://zviazda.by/be/tags/konkurs