Эксперты Маскоўскага цэнтра Сусветнай асацыяцыі арганізацый, якія эксплуатуюць атамныя электрастанцыі (САА АЭС), правялі заключны этап перадпускавой партнёрскай праверкі першага энергаблока Беларускай АЭС, паведамілі [1] БелТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.
Спецыялісты САА АЭС вывучылі дзеянні змен аператыўнага персаналу на поўнамаштабным трэнажоры блочнага пульта кіравання энергаблокам у імітаваных сітуацыях з элементамі нармальнай эксплуатацыі, парушэнняў нармальнай эксплуатацыі і аварый. Акрамя таго, выканана ацэнка ўкаранення 70 рэкамендацый па паведамленнях САА АЭС аб значным вопыце эксплуатацыі (SOER).
«На падставе назіранняў, гутарак і разгляду дакументацый эксперты не выявілі нейкіх недахопаў, якія маглі б стаць перашкодай для бяспечнага пуску першага энергаблока Беларускай атамнай электрастанцыі. Перадача фінальнай справаздачы кіраўніцтву эксплуатуючай арганізацыі плануецца ў канцы 2020 года», — адзначылі ў прэс-службе.
Эксперты адзначылі высокую ступень супрацоўніцтва з боку кіраўніцтва і персаналу станцыі.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце «АЭС-2006» паблізу Астраўца Гродзенскай вобласці. Генеральным падрадчыкам выступае інжынірынгавы дывізіён дзяржкарпарацыі «Расатам». Энергаблокі пакалення 3+ маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўная асаблівасць энергаблока — унікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/economics/view/eksperty-pravjali-zakljuchny-etap-peradpuskavoj-praverki-energabloka-belaes-92905-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/belaes-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/eksperty