Пандэмiя каранавiруса, якая пачалася мiнулай вясной, стала выпрабаваннем для нашага грамадства, у тым лiку — на здольнасць да суперажывання, спагадлiвасцi i дапамогi iншым. Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа было, бадай, самай актыўнай арганiзацыяй, якая аб'яднала нераўнадушных — арганiзацыi i людзей, гатовых падтрымаць тых, хто мае ў гэтым асаблiвую патрэбу.
Больш за 1,8 тысячы валанцёраў па ўсёй краiне, 52 тысячы паслуг па дастаўцы прадуктаў i рэцэптаў i некалькi дзясяткаў тысяч удзячных пажылых людзей — гэта той вынiк, якога ўдалося дасягнуць. Падчас другой хвалi COVID-19 асноўным кiрункам дзейнасцi беларускага Чырвонага Крыжа застанецца падтрымка ў першую чаргу пажылых людзей. Акрамя таго, дапамогу, у тым лiку i грашовую, змогуць атрымаць тыя, хто сутыкнуўся з фiнансавымi праблемамi, — шматдзетныя i няпоўныя сем'i, людзi без пэўнага месца жыхарства i тыя, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волi.
Больш за 1,8 тысячы валанцёраў i 52 тысячы даставак
— Падчас першай хвалi каранавiруснай iнфекцыi мы вызначылi прыярытэтныя кiрункi, па якiх была перафармацiравана наша работа. Першы з iх — забеспячэнне ўстойлiвай работы нашай медыка-сацыяльнай службы «Дапамога», — расказвае спецыялiст па навучаннi Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Алена Русiновiч. — Пад апекай 147 медыцынскiх сясцёр i 17 малодшых сясцёр мiласэрнасцi знаходзiцца каля 1,5 тысячы падапечных. Гэта пажылыя людзi, якiя ўвесь час дома, яны маюць патрэбу ў пастаянным квалiфiкаваным доглядзе. Таму важна было захаваць здароўе медсясцёр. Былi закуплены сродкi iндывiдуальнай аховы — як для персаналу, так i для падапечных. Даводзiлася шмат тлумачыць пажылым людзям, што цяпер да iх не будуць прыходзiць пажылыя валанцёры, як гэта было раней. Замест гэтага яны тэлефанавалi нашым падапечным i такiм чынам аказвалi псiхасацыяльную падтрымку. Гэта было вельмi значна для людзей, якiя застаюцца адны.
Дарэчы, пандэмiя стала выклiкам i для самiх пажылых валанцёраў, якiх нямала ў шэрагах Чырвонага Крыжа. Як заставацца валанцёрам, знаходзячыся дома? Яны знаходзiлi выйсце — запiсвалi мiнi-ролiкi пра фiзiчную актыўнасць, тэлефанавалi не толькi падапечным, але i сваiм пажылым суседзям i знаёмым, дзялiлiся iнфармацыяй i пераконвалi ў неабходнасцi пабыць дома.
Яшчэ адзiн запатрабаваны кiрунак дзейнасцi, якi аб'яднаў дзясяткi тысяч людзей гэтай вясной — аказанне сацыяльнай падтрымкi адзiнокiм пажылым людзям, якiя праз пандэмiю вымушаны былi заставацца дома. Iм дастаўлялi прадукты i тавары першай неабходнасцi, рэцэпты з палiклiнiк. Такая паслуга аказана больш за 52 тысячы разоў! Пiк даставак прыйшоўся на красавiк—май. I калi спачатку больш заявак паступала ў Чырвоны Крыж праз тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання, то ў хуткiм часе людзi сталi тэлефанаваць наўпрост. Каардынатары размяркоўвалi заяўкi такiм чынам, каб усе яны выконвалiся ў той жа дзень.
— У пажылых людзей былi самыя розныя пажаданнi, i гэта не толькi набыццё прадуктаў. Калi пажылы чалавек прасiў пагуляць з яго сабакам цi набыць корм, якога няма ў суседнiм магазiне, зразумела, нашы валанцёры не маглi адмовiць, — дзелiцца Алена Русiновiч.
Падчас пандэмii Чырвоны Крыж сутыкнуўся з нечаканым выклiкам: патрабавалася вялiкая колькасць валанцёраў — значна больш, чым працавала тут звычайна. У кароткi тэрмiн было рэкрутавана больш за 1800 чалавек.
— Мы стварылi базу, дзе ўсе ахвотныя маглi зарэгiстравацца. А каардынатар у рэгiёне звязваўся з iмi, праводзiў iнструктаж. Усё навучанне праходзiла ў анлайн-рэжыме. Усяго аднойчы трэба было прыйсцi ў офiс, каб атрымаць спецыяльную камiзэльку, бэйдж i сродкi iндывiдуальнай аховы — пальчаткi, маскi i антысептык, — расказвае Алена Русiновiч.
Адметна, што ўсе валанцёры Чырвонага Крыжа былi застрахаваныя ад няшчасных выпадкаў, а таксама захворвання на каранавiрусную iнфекцыю.
— Многiя з тых «спантанных» валанцёраў, якiя далучылiся да нас у сакавiку—красавiку, сталi пастаяннымi. Яны гатовы падтрымлiваць Чырвоны Крыж па iншых кiрунках, — кажа суразмоўнiца. — Мы назiралi вялiкую актыўнасць, асаблiва нашых маладых людзей. Кiроўцы былi гатовы або набыць прадукты i адвезцi, або падвезцi валанцёра з цяжкiм пакетам. Адгукалiся службы таксi i дзялiлiся прома-кодамi для бясплатных паездак. Кожны дапамагаў па меры магчымасцi — хтосьцi працаваў раз на тыдзень, нехта — кожны дзень. Самая вялiкая запатрабаванасць паслуг дастаўкi, канешне, была ў Мiнску. У дзень паступала да 200 заявак. Але нi адна паслуга не пераходзiла на наступны дзень. Валанцёрылi нават сем'ямi. А некаторыя валанцёры пазнаёмiлiся, працуючы ў нас на дастаўцы, i вырашылi стварыць сям'ю.
«Добры тэлефон» не змаўкае
Для iнфармавання i псiхасацыяльнай падтрымкi зноў-такi найперш пажылых людзей была арганiзавана лiнiя «Добры тэлефон» (201 — нумар для мабiльнага тэлефона, 122 — для гарадскога). На яе з пачатку красавiка патэлефанавала больш за 1,2 тысячы чалавек.
— Гэта валанцёрская лiнiя, i той, хто звяртаецца, мог атрымаць усю iнфармацыю аб паслугах, запiсацца на дастаўку. Але галоўная яе функцыя — псiхасацыяльная падтрымка. Бо многiя людзi, якiя знаходзяцца ў iзаляцыi, цяжка гэта пераносяць, — кажа начальнiк аддзела па рэагаваннi на надзвычайныя сiтуацыi i вышуку Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вiталь Тарашкевiч. — Валанцёры i самi тэлефанавалi пажылым людзям, расказвалi пра важнасць самаiзаляцыi, дыстанцыравання, ненаведвання месцаў масавага збору. Часам пажылыя людзi баяцца нагрузiць iншых нейкай праблемай, да некаторых мы нават выязджалi дадому, дапамагалi вырашаць бытавыя пытаннi.
Нягледзячы на адноснае зацiшша летам, «Добры тэлефон» працягваў працаваць i дзейнiчае цяпер. Штодзень тут прымаюць тры-чатыры дзясяткi званкоў. Валанцёр Вольга Бладыка ў перапынку памiж тэлефанаваннямi расказвае, што прыйшла ў Чырвоны Крыж пару месяцаў таму, да гэтага таксама працавала валанцёрам у Цэнтры развiцця эфектыўнай камунiкацыi «Жывая бiблiятэка». Дзяўчына вучыцца на псiхолага на чацвёртым курсе факультэта фiласофii i сацыяльных навук БДУ i ўпэўнена, што валанцёрскi вопыт спатрэбiцца ў прафесii.
Звычайным валанцёрам прыйшла ў Чырвоны Крыж у красавiку i псiхолаг Валянцiна Ракецкая. Сёння яна — спецыялiст па псiхасацыяльнай падрыхтоўцы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа i каардынуе работу валанцёраў на «Добрым тэлефоне».
— Мне была вельмi цiкавая работа на iнфалiнii, таму я i прыйшла валанцёрам, — кажа дзяўчына. — Кожная гiсторыя, дзе нам удалося дапамагчы, па-свойму кранальная. У нас ёсць наша бабуля Надзея, для якой iнфалiнiя стала чымсьцi родным. Яна жыве адна, цалкам страцiла зрок. Бабуля тэлефануе нам вельмi часта, пазнаёмiлася з усiмi валанцёрамi, яна не страцiла цiкавасцi да жыцця, абмяркоўваем з ёй усе падзеi. Для пажылых людзей вельмi важная такая падтрымка — калi пачынаеш размаўляць i распытваць чалавека, некаторыя з iх ад такой увагi да сябе нават пачынаюць плакаць.
Садзейнiчанне шматдзетным i няпоўным сем'ям i не толькi
— Калi першапачаткова мы меркавалi, што звяртацца да нас будуць толькi пажылыя людзi, то памылялiся — нам пачалi тэлефанаваць тыя, хто захварэў цi стаў кантактам першага ўзроўню i знаходзiўся на самаiзаляцыi, — працягвае Алена Русiновiч. — Многiя з iх — маладыя. Нягледзячы на дастатак, сацыяльную актыўнасць, iм давялося сядзець дома. Мы нiкому не адмаўлялi ў самых розных сiтуацыях.
Сэрвiсы Чырвонага Крыжа, якiя працавалi падчас першай хвалi COVID-19, застануцца даступныя i цяпер. Але дапамога будзе пашырана.
— Мы прааналiзавалi нашу работу i звароты ў Чырвоны Крыж i разумеем, што, акрамя хваробы, людзi сутыкнулiся i з эканамiчнымi наступствамi. Усе краiны-суседкi былi закрытыя, некаторыя, хто там працаваў, страцiлi работу i мусiлi вярнуцца дадому. Таму мы звернем увагу на такую катэгорыю, як шматдзетныя i няпоўныя сем'i, дзе страта адзінай крынiцы даходу — вялiкая праблема. Яшчэ адна ўразлiвая катэгорыя — людзi з iнвалiднасцю, якiя маюць вялiкiя расходы на лекi. Сумесна з Мiжнароднай федэрацыяй Чырвонага Крыжа i Чырвонага Паўмесяца мы распрацавалi праект па аказаннi фiнансавай падтрымкi названым катэгорыям грамадзян. Гэта будзе ваўчар на суму 50 франкаў (каля 140 рублёў. — «Зв.»). Хутка праграма пачне рэалiзоўвацца, — адзначае Вiталь Тарашкевiч.
Мяркуецца, што пакуль такая падтрымка будзе аднаразовай. Звесткi пра людзей, якiя маюць патрэбу ў дапамозе, супрацоўнiкi Чырвонага Крыжа атрымлiваюць з дзяржорганаў. Таксама можна i самастойна звярнуцца ў арганiзацыю, напiсаўшы заяву i дадаўшы адпаведныя дакументы.
— Прааналiзаваўшы сiтуацыю ў свеце, мы зразумелi, што падчас iзаляцыi найбольш уразлiвымi становяцца людзi без пэўнага месца жыхарства. Цяпер яны сканцэнтраваны ў цэнтрах часовага знаходжання. У нас маецца два свае цэнтры — у Гродне i Гомелi, дзе гэтыя людзi атрымлiваюць дапамогу. I мы прынялi рашэнне падтрымаць iх прадуктовымi i гiгiенiчнымi наборамi, — дадае суразмоўнiк.
Садзейнiчанне будзе аказана i людзям, якiя вызвалiлiся з месцаў пазбаўлення волi.
— Яны часта не маюць блiзкiх i сродкаў да iснавання, адчуваюць складанасцi з працаўладкаваннем. Мы правялi сустрэчы з дэпартаментам выканання пакаранняў i нагляднымi органамi i вызначылiся з тымi, хто можа атрымаць нашу дапамогу. Гэта таксама прадуктовыя i гiгiенiчныя наборы. Прадуктовы разлiчаны на тое, каб падтрымаць чалавека на працягу месяца. У асобных выпадках гэтыя людзi могуць разлiчваць i на грашовы ваўчар. Ён дазваляе набыць любыя рэчы з асартыменту ў адной з гандлёвых сетак.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-chyrvony-kryzh