Заклікі да забастовак не нанеслі эканамічнага ўрону прамысловым прадпрыемствам Беларусі, лічыць міністр прамысловасці Пётр Пархомчык. Пра гэта ён заявіў на БелАЗе, перадае БЕЛТА [1].
«Абсалютна няма [шкоды для эканомікі прадпрыемстваў]. Прадукцыя выраблялася ў штатным рэжыме і адгружалася спажыўцу», — сказаў Пётр Пархомчык, адказваючы на пытанне пра эканамічныя шкоды прадпрыемствам з-за сённяшніх падзей.
Паводле яго слоў, арганізацыі Міністэрства прамысловасці працуюць у звычайным рэжыме, нягледзячы на пэўныя хваляванні. Ён адзначыў, што ў абедзенны і тэхнічныя перапынкі людзі на прадпрыемствах збіраліся і абмяркоўвалі бягучую сітуацыю.
Пётр Пархомчык распавёў, што з улікам заклікаў да страйкаў у некаторых Telegram-каналах і чатах кіраўнікі прадпрыемстваў напярэдадні выходных правялі гутаркі з калектывамі. Акрамя таго, быў узмоцнены прапускны рэжым на прадпрыемствах. «Таму што асобныя чаты заклікалі да паломкі абсталявання, парушыць нейкія тэхналагічныя працэсы, каб людзі, якія прыйдуць у панядзелак на працу, не змаглі выконваць свае абавязкі», — растлумачыў кіраўнік Мінпрама.
Ён лічыць, што спробы вырашыць пытанне з дапамогай страйку «ніколі не прывядуць да нейкага поспеху, такія ультыматыўныя дзеянні не прыводзяць да дабра».
«Збіраюцца 10, 15, 20 чалавек, робяцца спецыяльныя фатаграфіі і кідаюцца ў сетку, каб сказаць, што завод не працуе, пратэстуе, не выконвае свае абавязацельствы. Закон сёння вельмі жорсткі — чалавек, які не выконвае свае абавязкі, то-бок парушае працоўны распарадак, панясе адказнасць», — падкрэсліў міністр.
Гаворачы аб немэтазгоднасці забастовак, Пётр Пархомчык прывёў у прыклад сітуацыю на БелАЗ, які выконвае буйны кантракт на пастаўку тэхнікі ў Індыю. Гарантыі беларускага банка на выкананне дадзенага кантракта складаюць каля $20 млн.
«Калі заўтра БЕЛАЗ не выканае свае абавязацельствы, будзе прад’яўлена гарантыя і з рахунку БелАЗ будзе спісана $20 млн. Хто ад гэтага выйграе? Давайце спытаем у людзей, якія выходзяць на плошчы, заклікаюць прадпрыемствы не працаваць», — сказаў Пётр Пархомчык.
Спасылкі
[1] http://belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/belaz-1
[3] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-parhomchyk