Забарона сечкі дрэў у жылых кварталах, распрацоўка схем азелянення тэрыторый агульнага карыстання для гарадоў і сёл, стварэнне веласіпеднай інфраструктуры — па такіх кірункам мусяць уладкоўвацца беларускія мястэчкі, каб жыць у іх было камфортна. Пра патрабаванні да прыгажосці ландшафту, вертыкальнае азеляненне і асаблівасці кветкавага жыцця ў вялікім горадзе расказалі спецыялісты.
Высечы нельга пакінуць
Пытанням азелянення тэрыторый пры развіцці і мадэрнізацыі гарадоў і сёл краіны ўдзяляецца каласальная ўвага. Для кожнага раёна і квартала пералічваецца працэнт азелянення, распрацоўваюцца схемы азялененых тэрыторый агульнага карыстання, якія закліканы не дапушчаць вольнага абыходжання з зялёнымі насаджэннямі, на іх таксама абазначаны межы такой тэрыторыі для абмежавання забудовы. Такія падыходы павінны распаўсюджвацца і на іншыя ўзроўні праектавання і будаўніцтва, дзе гаворка вядзецца пра канкрэтныя будынкі і збудаванні, адзначыла Вольга ВЕРАМЕЙ, начальнік галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Мінбудархітэктуры:
— Генплан населенага пункта — не адзіны дакумент, які вызначае перспектывы развіцця. Ён задае параметры і, магчыма, тое, чым будуць прадстаўлены функцыянальнае заніраванне і транспартныя калідоры. Каласальная ўвага надаецца пытанням заніравання, кропкаваму планаванню тэрыторый.
Асновай для планамернага развіцця і добраўпарадкавання населеных пунктаў краіны і стварэння камфортнага асяроддзя з'яўляецца ўдасканаленне нарматыўна-тэхнічнай базы і ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у існуючыя ТНПА ў галіне тэхнічнага нарміравання і стандартызацыі архітэктурнай, горадабудаўнічай, будаўнічай дзейнасці, заўважыла прадстаўніца Мінбудархітэктуры:
— Напрыклад, унесеныя змяненні ў ТКП 69 па добраўпарадкаванні тэрыторый і азеляненні і змяненні ў ТКП 295, якімі прадугледжана ўвядзенне ва ўжытак тэрміну «ландшафтная кампазіцыя». Замацаваны таксама палажэнні адносна працэнтных суадносін буйнапамерных і сярэдніх памераў дрэў, якія высаджваюць у жылых кварталах падчас кампенсацыйных пасадак, а таксама ў межах будаўніцтва.
Гэтыя нормы забараняюць высечку існуючых дрэў, якія ў будучым змогуць захаваць і палепшыць экалагічны фон жылога асяроддзя і эстэтычнае ўспрыманне наваколля.
Зялёныя сценкі і кветкавыя кашпо
Звыш двух мільёнаў кветак, каля 16,5 тысячы дрэў і 89 тысяч кустоў упрыгожылі сёлета сталічныя вуліцы. Штогод у Мінску выкарыстоўваюць для гэтага самыя разнастайныя расліны, аднак праз высокую антрапагенную нагрузку і загазаванасць НАН Беларусі даволі жорстка рэгламентуе гэты асартымент, расказала Алена АКУЛІЧ, начальнік аддзела ўтрымання і добраўпарадкавання аб'ектаў зялёнай гаспадаркі Мінскзелянбуда:
— Навукоўцы рэкамендуюць высаджваць ясені і клёны, а бліжэй да дарог — кусты барбарысаў, спірэі. У скверах асартымент больш шырокі.
Адна з найбольш цікавых для вока формаў расліннага аздаблення сталіцы — вертыкальнае азеляненне. Сёлета яно было прадстаўлена рознымі вертыкальнымі формамі і раслінамі. На вуліцах з'явілася больш за 16,5 тысячы кашпо, якія павесілі на густоўна аформленыя металічныя стойкі. Дзесьці гэта былі адзіночныя штатывы на вытанчаных ножках, а дзесьці — сабраныя ў кампазіцыі ў выглядзе дрэў, арэляў, карэтак, дуг, ровараў. Прымацоўваліся кашпо і да ажурных прылад на слупах ліхтароў.
— Мы апрабавалі і такі варыянт вертыкальнага азелянення, як зялёная сценка — канструкцыя, у якую ўстаўляюць шмат ёмістасцяў з рознымі дывановымі ці гаршковымі раслінамі з маляўнічым лісцем. З дапамогай такой сцяны можна падзяліць прастору на пэўныя зоны альбо, скажам, адасобіць лаўку.
Яшчэ адзін прыгожы варыянт вертыкальных канструкцый для азелянення — комплексныя кашпо-лаўкі. Сёлета яны былі ў раёне Палаца спорту, у Сэндайскім скверы, каля Нацыянальнай бібліятэкі, і іх колькасць у будучым плануюць павялічыць.
— Каб выгадаваць пэўную расаду для кветкавага афармлення кашпо, арганізацыі, якія могуць прапанаваць свае паслугі ў гэтым кірунку, удзельнічаюць у тэндары, — падкрэсліла прадстаўніца Мінскзелянбуда. — Пераможца запраўляе кашпо спецыяльным саставам зямлі, бо асаблівасць падвесных раслін — хуткае перасыханне. Кветкавае напаўненне таксама вызначаем мы. Сёлета гэта былі ў асноўным ампельныя петуніі, гаршковыя расліны з прыгожай лістотай, такія як бакопа, гіліхрызум, іпамея, плектрантус.
Шматгадовыя кветкі і тапіярныя стрыжкі
У дадатак да кветкавага афармлення ў кожным раёне сталіцы штогод з'яўляецца не менш за 10 % новых шматгадовых раслін.
— Гэта найперш мэтазгодна эканамічна, бо яны высаджваюцца адзін раз, і налета іх ужо не трэба мяняць. Адзіны мінус шматгадовікаў — яны нядоўга квітнеюць, таму пры стварэнні кампазіцый з іх мы падбіраем расліны так, каб стварыць неперарыўнасць цвіцення: з мая да самай восені, — патлумачыла Анжаліка ПУЗАНКОВА, кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб'ектаў зялёнай гаспадаркі Мінскзелянбуда. — Затым гэтыя кампазіцыі дапаўняюцца восеньскімі кветкамі, накшталт хрызантэм. Сёлета мы дадаткова высадзілі асеннюю віёлу, якая не баіцца замаразкаў і будзе красаваць літаральна да самага снегу.
Шматгадовікі ў горадзе выконваюць не толькі эстэтычную, а і выхаваўчую ролю. З іх дапамогай, напрыклад, накіроўваюць рух людзей.
— Каб прадухіліць выхад пешаходаў на праезную частку, высаджваем шматгадовікі, падымаем аб'ёмы, ствараючы альпійскія горкі. Тым самым не толькі ўпрыгожваецца аб'ект, але і перанакіроўваецца рух людзей. Такім жа чынам можна змагацца і з «народнымі сцежкамі», памяншаючы іх колькасць і павялічваючы хараство гарадскога асяроддзя, — удакладніла Анжаліка Пузанкова.
У складзе шматгадовых кампазіцый высаджваюцца таксама і вастраводарныя расліны, накшталт мяты, алісуму, якія дадаюць у «функцыянал» кветак яшчэ і момант рэлаксу.
Для кампазіцыі горада важна ствараць зялёныя архітэктурныя элементы ў адпаведнасці з асяроддзем. Падобная цэласнасць дасягаецца праз тапіярныя стрыжкі дрэў і кустоў. Галоўнае — рабіць гэта кропкава, каб прыгажосць заставалася фішкай, а не растваралася ў звычайным асяроддзі, раяць спецыялісты.
— На вуліцах з'яўляюцца расліны, выстрыжаныя ў выглядзе цыліндраў, конусаў, шароў. Гэтак жа выстрыгаюцца і жывыя агароджы. Яны таксама накіроўваюць рух людзей або падкрэсліваюць архітэктуру месца, дзе растуць. Напрыклад, у выглядзе купалаў каля храма на плошчы 8 Сакавіка, — дадала кіраўнік службы Мінскзелянбуда.
«Стрыжкі» дрэвам і кустам робяць некалькі разоў на год па меры адрастання лісця, каб падтрымліваць задуманую для раслін форму і вытрымліваць рост у розных узроўнях. На вуліцах Аранскага і Гашкевіча ёсць дрэвы трохвугольнай формы, а на Машэрава — прамавугольнікі, прывяла прыклады Алена Акуліч:
— Існуе такі спосаб азелянення, калі расліны расцягваюць у адну плоскасць. Дрэву з дапамогай спецыяльных фіксатараў прыдаюць напрамак росту ў дзвюх плоскасцях, а не ў чатырох, дазваляючы яму прымаць задуманую азеляніцелямі форму. Для дрэва гэта бясшкодна. Прыклады такога азелянення ёсць насупраць парка Чалюскінцаў, а на праспекце Незалежнасці кусты пастрыжаны ў двух узроўнях. У парку Горкага туі выстрыжаны спіраллю. Такую незвычайную прыгажосць робяць спецыялісты станцыі аховы раслін.
Стаянкі, паркоўкі... для ровараў
У межах устойлівага развіцця стараюцца прыцягваць да гарадскога тэрытарыяльнага планіравання грамадскасць, асабліва на ранніх стадыях распрацоўкі праектаў.
— Беларусь — адна з найбольш урбанізаваных краін СНД, таму апошнія гады мы назіраем узрастанне цікаўнасці да тэматыкі гарадскога развіцця з боку грамадзян і неабходнасць адэкватнага рэагавання на гэты запыт, то-бок партысіпатыўнае планаванне. Магчыма, у далейшым мы будзем распрацоўваць нарматыўныя дакументы, якія забяспечаць аднолькавы падыход да гэтага метаду сярод розных праектных арганізацый. У 2018 годзе ў Мінбудархітэктуры зацверджаны метадычныя рэкамендацыі па правілах азелянення тэрыторыі, якія ўключаюць правілы праектавання сістэмы азелянення тэрыторыі, асобных відаў аб'ектаў азелянення на розных этапах горадабудаўнічага развіцця тэрыторый, — нагадала Вольга Верамей.
Каб стварыць да 2021-га веласіпедны асяродак, распрацоўваюцца новыя патрабаванні, якія закліканы ўрэгуляваць пытанні па ліквідацыі бар'ераў для развіцця велатранспарту і павелічэння бяспекі транспартнага руху. Мяркуецца вызначыць патрабаванні да месцаў захоўвання двухколавых сродкаў — «веласіпеднай стаянкі», а таксама вызначыць паняцце «велапаркоўка». У рэдакцыю будаўнічых нормаў «Планіроўка і забудова населеных пунктаў» ужо ўнесены новы адасоблены раздзел 11.4 «Веласіпедная інфраструктура», дзе вызначаны асноўныя патрабаванні да месцаў часовага і пастаяннага захоўвання ровараў.
А вось сёлета тэма бяспечнага руху ў Мінску ўпершыню была абазначана з'яўленнем на раздзяляльных лініях уздоўж дарог жывых зялёных агароджаў з ліставых кустоў і дзёрну.
Ірына СІДАРОК, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/gorad
[5] https://zviazda.by/be/tags/azelyanenne-gorada