Сваё жыццё з медыцынай інструктар-валеолаг Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Святлана Юрчанка марыла звязаць з маленства. Яна і зараз з хваляваннем згадвае, як дзяўчынкай разам са сваёй бабуляй гуляла каля лесапарку, дзе ў той час будавалася дзіцячая абласная бальніца, з цікавасцю назірала за тым, як паўстае новы аб'ект, і марыла працаваць менавіта тут. А праз пэўны час запаветная мара Святланы здзейснілася.
Вось ужо 36 гадоў Святлана Браніславаўна з вялікай ахвотай ходзіць сюды на работу. За гэты час заслужыла павагу і аўтарытэт сярод калег. Яна ўзначальвае і прафсаюзную арганізацыю бальніцы, заўжды займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, удзельнічае ў шматлікіх мерапрыемствах разам са сваімі калегамі, якіх яна ўмее аб'яднаць дзеля добрых спраў. Яе аптымізму і неўтаймаванай энергіі можна толькі па-добраму пазайздросціць.
Святлана Браніславаўна заўсёды некуды спяшаецца, у яе шмат новых ідэй і планаў, многія з іх паспяхова рэалізаваны. Сярод іх — распрацоўка і ўкараненне методык і сродкаў захавання і ўмацавання здароўя. Яна неаднойчы станавілася пераможніцай у шматлікіх конкурсах па прапагандзе здаровага ладу жыцця, дзякуючы чаму іх установа здароўя па гэтым кірунку ўжо не раз была прызнана найлепшай у вобласці.
— У нас на базе Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы створаны мадэльны цэнтр па навучанні бацькоў асновам бяспечнай жыццядзейнасці дзяцей. Ён такі адзіны ў вобласці і функцыянуе для павышэння інфармаванасці насельніцтва аб фактарах рызыкі дзіцячага траўматызму, асваення новых навыкаў бяспечнага догляду за маленькімі дзецьмі, удасканальвае прафілактычную работу, — удакладняе Святлана Юрчанка. — У мадэльным цэнтры праводзіцца групавое і індывідуальнае кансультаванне бацькоў.
Доўгі час Святлана Юрчанка сябруе са «Звяздой». Жанчына прызнаецца, што на старонках газеты шмат карыснай інфармацыі, актуальных навін і парад. Таму «Звязда» заўсёды побач — і на рабоце, і дома.
Таццяна МАЛІНІНА, фота аўтара
Святлана Юрчанка разам са старэйшым унукам Алегам.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-malinina
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda-1