Адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі — «Гомсельмаш» — паспяхова выпрабаваў новы кормаўборачны камбайн. Сёлета навінку — кормаўборачны камбайн FS 450 — шырокай публіцы прадставілі на выставе «Белагра». Яго выпрабаванне прайшло на ўборцы кукурузы поўнай воскавай спеласці.
— Камбайн FS 450 выдатна спраўляецца з эфектыўнай корманарыхтоўкай з высокаякасным драбненнем у самых складаных умовах, — паведамляецца на афіцыйным сайце ААТ «Гомсельмаш».
Навінка абсталявана рухавіком Volvo Penta магутнасцю 450 к. с. Ёмістасць паліўнага бака мадэлі — 750 л. Транспартная хуткасць камбайна складае 30 км/г і дазваляе скарачаць часавыя выдаткі камбайнера пры перагонах. Камбайн FS 450 мае прасторную сучасную кабіну з выдатным аглядам. Яна абсталявана ўсім неабходным для камфортнай працы камбайнера. Ёсць і магутная электраасвятляльныя сістэма для работы ноччу.
— Новая мадэль прадугледжвае шэраг опцый, якія дапамогуць павысіць эфектыўнасць корманарыхтоўкі: аўтакіраванне, выдалены маніторынг, відэаназіранне, поўны прывад, аўтаматызаваная цэнтралізаваная сістэма змазкі, сістэма пажаратушэння, вызначэнне параметраў нарыхтаванага корму, — адзначаюць на прадпрыемстве.
Новы камбайн укамплектаваны складанай жаткай шырынёй захопу 4,5 метра для грубасцяблявых культур, адмысловым падборшчыкам і жаткай для траў шырынёй захопу 5 метраў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота: Гомсельмаш
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kambayn
[2] https://zviazda.by/be/tags/gomselmash
[3] https://zviazda.by/be/tags/selskagaspadarchaya-tehnika