Амаль трэць выпускнікоў ядзерных спецыяльнасцей ВНУ трапляюць на работу на Беларускую АЭС. Аб гэтым паведаміў кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Мікалай Маруда ў час круглага стала ў БЕЛТА [1].
«На сёння прадаўжаюць падрыхтоўку [па ядзерных спецыяльнасцях] каля 500 чалавек. Падрыхтавана і выпушчана па пяці асноўных спецыяльнасцях з 2013 па 2020 год больш за 950 спецыялістаў. Трэць з іх трапіла на работу на пляцоўку будаўніцтва і ў эксплуатуючую арганізацыю Беларускай АЭС. Трэцяя частка — у арганізацыі, звязаныя з ядзернай энергетыкай і крыніцамі іанізуючага выпрамянення. Яшчэ прыкладна трэць — у сумежныя з ядзернай энергетыкай галіны», — расказаў Мікалай Маруда.
У 2020 годзе было каля 100 выпускнікоў па ядзерных спецыяльнасцях, на БелАЭС размеркавана 32 выпускнікі. З іх 14 — выпускнікі БНТУ. Як адзначыў прадстаўнік Мінадукацыі, гэта ВНУ — перадавік па працэнту выпускнікоў, якія ідуць на БелАЭС.
«Колькасць выпускаемых спецыялістаў дазволіла ў поўным аб’ёме задаволіць патрэбы Беларускай АЭС. Эксплуатацыйны персанал АЭС у асноўным сфарміраваны», — канстатаваў ён.
Цяпер навучанне такіх спецыялістаў вядзецца па падпраграме «Падрыхтоўка кадраў для ядзернай энергетыкі» дзяржпраграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка» на 2016-2020 гады. Прадоўжыць іх падрыхтоўку плануецца ў рамках падпраграмы на 2021-2025 гады, якая распрацоўваецца. Гэта тлумачыцца неабходнасцю штогадовага папаўнення кадравага складу як эксплуатацыйнага персаналу АЭС, так і ўсёй інфраструктуры ядзернай энергетыкі.
На ўзроўні кіраўнікоў ВНУ, дзе ідзе падрыхтоўка па ядзерных спецыяльнасцях, і заказчыкаў кадраў (Мінэнерга, МНС і НАН) ёсць прапановы прадоўжыць падрыхтоўку па пяці асноўных спецыяльнасцях са штогадовым наборам 20 чалавек за кошт бюджэту. ВНУ па сваім меркаванні могуць набіраць студэнтаў і на платную форму навучання.
Акрамя таго, Мінскі дзяржаўны энергетычны каледж будзе штогод рыхтаваць за кошт бюджэту 30 чалавек па спецыяльнасці «электрычныя станцыі».
«Усё гэта дасць магчымасць у будучым мець рэзерв спецыялістаў прыкладна 500 чалавек, размова ідзе аб выпуску 2025-2030 гадоў», — дадаў Мікалай Маруда.
Па новай праграме плануецца прадоўжыць папаўненне штату прафесарска-выкладчыцкага складу ВНУ. Для заказчыкаў кадраў — Мінэнерга, МНС, НАН — будзе прадугледжана павышэнне кваліфікацыі, стажыроўкі спецыялістаў.
Прэв'ю: БЕЛТА
Спасылкі
[1] http://belta.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/belaes-0