У знак адзінства, міру і згоды на некаторых дрэвах завязвалі зялёна-чырвоныя стужачкі.
— Па ініцыятыве прэзідыума БСЖ у гэтым годзе ў рамках тыдня маці аб'яўлена рэспубліканская акцыя «За Беларусь!», — сказала на адкрыцці рабінавай алеі ў Слоніме старшыня Беларукага саюза жанчын Алена БОГДАН. — У ёй прымаюць удзел актывісткі жаночага руху, жанчыны розных сфер дзейнасці і прафесій, якія выступаюць за захаванне міру і стабільнасці ў краіне.
Між іншым, толькі на Гродзеншчыне больш за 700 дрэў нядаўна ўпрыгожылі населеныя пункты. Дзевятнаццаць бярозавых, рабінавых, кляновых, туевых, ліпавых алей закладзены ва ўсіх рэгіёнах Прынямоння.
— Пасадка дрэў — гэта пасланне ў будучыню, бо яны будуць радаваць сваёй прыгажосцю нашых дзяцей і ўнукаў, — упэўнена лідар жаночага руху Воранаўшчыны Алена Ястрэмская. — Жанчыны павінны заўсёды несці творчы і пазітыўны пачатак. Гэтаму спрыяе і закладка алей.
26 бярозак з'явіліся 26 кастрычніка на праспекце Энергетыкаў і ў Астраўцы:
«Жанчыны нашага краю — за мірнае спакойнае жыццё ў Беларусі і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, — сказала лідар жаночага руху Астравеччыны Наталля БАНІЦЭВІЧ падчас пасадкі бярозавай алеі. — Жанчыны кожнага раёна далучыліся да добрай кастрычніцкай акцыі».
Штогод 14 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці, заснаваны Указам Прэзідэнта ў 1998 годзе па ініцыятыве Беларускага саюза жанчын. Да правядзення Дня маці прымеркаваны і Тыдзень маці, падчас якога па ўсёй краіне праводзяцца святочныя мерапрыемствы — сустрэчы, конкурсы вершаў і сачыненняў, выстаўкі дзіцячай творчасці, святочныя канцэрты, вечары адпачынку. Арганізавана ўшанаванне шматдзетных і маладых маці, віншаванне пажылых жанчын, якія пражываюць у дамах-інтэрнатах, дамах для ветэранаў, якія знаходзяцца ў шпіталях сястрынскага догляду, наведванне дому адзінокіх пажылых жанчын. Традыцыйна да Дня маці прымеркаваны пасадкі кастрычніцкіх алей Маці.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/les
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-sayuz-zhanchyn