Кнiга-альбом «Бортнiцтва — сувязь часоў» нядаўна ўбачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрцi». Выданне з'яўляецца працягам серыi «Культурная спадчына Беларусi», якая выдаецца з 2015 года пры падтрымцы ААТ «Банк развiцця Рэспублiкi Беларусь». Раней свет убачылi пяць кнiг-альбомаў пра розныя традыцыi, звычаi, абрады, што захавалiся на нашай зямлi. Пагартаўшы новае выданне разам з яго стваральнiкамi, мы даведалiся шмат цiкавага аб старажытнай пчалярскай справе.
Праваднiкi ў свеце культурнай спадчыны
— Кожны праект нараджаецца па-рознаму. З гэтым выданнем як атрымалася... Калi рыхтавалi кнiгу «Жывая культура Беларусi», шмат працавалi з вядомым беларускiм фотамастаком, членам праўлення народнага фотаклуба «Мiнск» Альфрэдам Мiкусам. Менавiта ён, калi мы згадвалi ў кнiзе пра бортнiцтва, расказаў нам, што гэты промысел найбольш захаваўся на Гомельшчыне. У гэты рэгiён два гады ездзiлi вядомыя даследчыкi, фiксавалi працэсы i занатоўвалi размовы з бортнiкамi, — расказвае дырэктар i галоўны рэдактар выдавецтва «Чатыры чвэрцi» Лiлiяна Анцух, яна ж з'яўляецца адным з аўтараў i ўкладальнiкам выдання. — Узялiся вывучаць тэму, i высветлiлася, што ў 2020 годзе запланавана ўключэнне бортнiцтва ў спiс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (матэрыялы на ўключэнне беларускiя бортнiкi падалi ў Нацыянальную камiсiю Рэспублiкi Беларусь па справах ЮНЕСКА, гэтаксама ў сябе зрабiлi i польскiя бортнiкi). I вось тады пачалася работа над кнiгай.
Бортнiцтва — пачатковая форма культурнага пчалярства, заснаванага на развядзеннi i ўтрыманнi лясных пчол-баровак у штучных дуплах (борцях). У Беларусi яно захавалася як традыцыйны промысел з глыбокiм культурным кантэкстам. Ён ахоплiвае як канкрэтныя практыкi па вырабе калод, вулляў, борцяў, прылад i прыстасаванняў, так i шырокi пласт ведаў пра навакольны свет, а таксама ўменнi i веды, звязаныя з дрэва-, скура-
апрацоўкай, элементы нематэрыяльнай культуры — i ўсё разам можна разглядаць як культурны код супольнасцi, сям'i i рэгiёнаў. Кнiга-альбом «Бортнiцтва — сувязь часоў» выйшла на беларускай, рускай, польскай i англiйскай мовах. Да супрацоўнiцтва запрасiлi даследчыкаў Рэгiну Гамзовiч i Iвана Восiпава. Улiчваючы, што iнфармацыю рыхтавалi на чатырох мовах, далучылi да працэсу найлепшых перакладчыкаў.
Выданне дае нагляднае ўяўленне, як жыве i захоўваецца бортнiцтва на Убарцкiм Палессi. Можна даведацца i пра ўвесь працэс ляснога пчалярства, i пра прылады, якiя для яго патрэбны, а таксама азнаёмiцца з абрадамi, традыцыямi, і, што самае галоўнае, убачыць i пачуць самiх бортнiкаў. Як адзначае Лiлiяна Анцух, найбольш яе здзiўляюць людзi, якiя пранеслi гэты занятак праз усё жыццё i цяпер прыкладаюць намаганнi, каб перадаць свой вопыт новаму пакаленню.
«Як пчала выжыве, то i чалавек — будзе...»
— У адрозненне ад рамачнiкаў, лельчыцкiя бортнiкi не прываблiваюць раi. За выключэннем, калi нейкiя катастрофы адбываюцца з iхнiмi раямi. Задача бортнiкаў — зрабiць са старога дрэва, струхлелага ўнутры, калодны вулей, павесiць яго, а тады (гэта называецца тварэнне) яго апрацоўваюць зёлкамi, без усялякай хiмii, мядовай вадкасцю (яна застаецца, калi вараць воск), i пчолкi лятуць на пах мёду i траў. Работа ў лесе на дрэве адбываецца два разы на год — вясной i восенню. Мёд бортнiк мае права ўзяць толькi ўвосень i толькi тады, калi пчолы ўжо нанасiлi яго для сябе на зiмоўку. А калi не назапасiлi, як сёлета, бо вельмi неспрыяльныя былi ўмовы, то бывае, што бортнiк мае i 30 вулляў, але не будзе мець мёду, iнакш пчолы не выжывуць. Асноўны клопат лельчыцкiх бортнiкаў — гэта дапамагчы пчале iснаваць у натуральных умовах, лясных i лугавых, — тлумачыць спецыфiку бортнiцкай справы грамадскi эксперт у галiне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусi Рэгiна Гамзовiч. — Тут людзi лiчаць, што пчала ад Бога. I калi яна знiкне, то знiкне i чалавек. Нам расказвалi, што калi адбылася чарнобыльская катастрофа, назiралi за пчоламi i так вырашылi для сябе: калi тыя выжывуць, то i чалавек будзе жыць. Чаму ствараюць пчолам умовы, для чаго iх прываблiваюць? Не толькi каб нанасiлi мёду (гэта стымул, але ён не заўсёды апраўдваецца), а для таго, каб на палях, агародах i ў садах, дзе пчолкi апыляюць раслiны, усё радзiла. Таму што людзi з гэтага жывуць. Лiчыцца таксама, што пчолы не толькi бортнiкам мёд носяць, а ўсiм. I калi ёсць добры ўзятак, то людзi дзеляцца iм не толькi са сваёй сям'ёй, але i з сябрамi, суседзямi.
Асноўны прынцып бортнiцтва ў Лельчыцкiм рэгiёне ў тым, што дзяды i прадзеды лясных пчаляроў перадавалi маладому пакаленню, напрыклад, iнструменты. Тут i сякера, i пешня (жалезнае долата з доўгай масiўнай драўлянай ручкай), i цясла (iнструмент з паўкруглым лязом, якi выкарыстоўваецца ў даўбёжным рамястве), i шмат iншага.
Сярод бортнага начыння — лесвiца, дымар — прыстасаванне для адпужвання пчол дымам, жэнь (лезiва) — выкарыстоўваецца для ўмацавання пчаляра на дрэве... Узаемаадносiны ў асяроддзi бортнiкаў здаўна рэгулююцца бортным правам, якое не iснуе на паперы, а хутчэй нагадвае негалосны закон. Там абгаворваюцца правы на ўладанне пчоламi i калодамi, выкарыстанне iх як сродку абмену цi дарэння, а таксама надаецца роўнасць чалавеку i пчале. А каб пазначыць свае калоды, то iснавала здаўна «бортнае знамя» (знак) — выглядае як спалучэнне геаметрычных фiгур розных вiдаў. Раней кожная частка бортнага знака мела сваю назву, i ў гiстарычнай лiтаратуры захавалiся прыклады такiх назваў: «заечыя вушы», «саха», «рубеж» ды iншыя.
Варта адзначыць, што бортнiцтва — гэта не толькi атрыманне мёду ад дзiкiх пчол. Гэты промысел напрамую звязаны таксама з вытворчасцю воску, мае сувязь з многiмi мясцовымi традыцыямi i рытуаламi. Напрыклад, вам раскажуць, што свечку на вяселле трэба зрабіць з воску ад жывых пчол, а для нябожчыка — ад памерлых пчолак. Альбо ўсе мы ведаем, што 14 жнiўня ў Беларусi адзначаецца Мядовы спас, калi людзi ў царкве асвячаюць мёд i мак, а гаспадынi гатуюць розныя стравы з выкарыстаннем гэтых прадуктаў. Дык вось, людзi старэйшага пакалення з вёскi Дзяржынск памятаюць, як iх мацi ў першы панядзелак Спасаўкi (пост з 14 да 28 жнiўня) пяклi печыва «душыкi» — па колькасцi душ у сям'i, змазвалi яго мёдам i качалi ў попеле... У тым рэгiёне ўся традыцыйная культура звязана з мёдам, воскам, пчалой.
I сёння лельчыцкiя бортнiкi, сярод якiх Васiль Сасноўскi з Руднiшча, кажуць пра галоўнае: «Зараз моладзь кiнулася пчоламi займацца. Дай бог, каб i далей так было. Гэта ж ад нашай зямлi, ад нашых продкаў, яно павiнна захоўвацца». Бортнiкi шмат усяго ведаюць, i апякуюцца пчалой, i вучацца ў яе працавiтасцi. Гэта сямейная справа, якая перадаецца ад старэйшых да малодшых у сям'i. Але, калi няма каму перадаць, то вучаць суседа, як бачаць, што з яго будзе толк.
Справа, якая павiнна захоўвацца
— Бортнiцтву вучацца не паўгода i не год, а ўсё жыццё. Напрыклад, кажуць «мой дзед распавядаў, калi вясна будзе цёплая, без марозу, то значыць, набяром мёду», альбо што «кожныя тры гады трэба вылоўлiваць соты старыя, каторыя ў галаве калоды, каб пчала пачала зноў цягнуць новыя соты i далей жыла, i ёй там было ўтульна». I бортнiк такiя веды збiрае i назапашвае, — кажа кiраўнiк установы развiцця традыцыйнага бортнiцтва «Братэрства босых бортнiкаў», член Студэнцкага этнаграфiчнага таварыства, акрэдытаванага ў ЮНЕСКА, Iван Восiпаў. — У бортнiцтве пчала не проста галоўная, яна i сёння мае сакральны статус. Нават калi яна джалiць бортнiка i памiрае, то ён яе не выкiдвае, а хавае. I калi пчолы памерлi ў калодзе, то бортнiк выграбае гэтых пчол i хавае ў зямлi. Гэта i ёсць самае галоўнае адрозненне, што бортнiк ставiць на першае месца пчалу, яе выжыванне. Напрыклад, калi год дрэнны на медазбор, то галоўнае, каб пчолам засталося. Бортнiк увесь час назiрае за навакольным светам i робiць высновы. Калi вясна доўгая i халодная, то гэта вельмi моцна адбiваецца не толькi на колькасцi мёду, але i на колькасцi раёў, якiя будуць раiцца самi па сабе. Але ўсё адно ўлетку бортнiкi, каб не турбаваць пчол, могуць падыходзiць максiмум на адлегласць 10—15 метраў, каб упэўнiцца, што з калодамi ўсё ў парадку. Часам бортнiк шмат працуе, глядзiць пчол, падразае суш (сухiя соты), але ў вынiку застанецца без мёду.
Стагоддзе таму спрытныя бортнiкi трымалi i па 500 калод. Безумоўна, яны не толькi самi займалiся, але i наймалi людзей для дапамогi. А ўжо блiжэй да нашага часу медазбор моцна змянiўся. З-за тых жа асушаных балот, з-за асаблiвасцi лясной гаспадаркi. Бо пчале не пасаджаны лес патрэбны, а той, якi традыцыйна расце ў нашых клiматычных умовах. I засушлiвы клiмат апошнiх гадоў адбіваецца.
— У сённяшнiх умовах вельмi складана данесцi да сучаснага грамадства саму каштоўнасць, самi прынцыпы бортнiцтва. Бо спажывецтва вельмi моцна ўплывае на перспектывы i на сутнасць гэтай дзейнасцi. Зараз людзям часта хочацца ўсяго i адразу. А промысел мiж тым цiкавы сам па сабе як занятак, якi патрабуе фiзiчнай актыўнасцi, пастаяннага мыслення, — дадае Iван Дзмiтрыевiч. — Калi мы кажам пра промысел, то сёння яшчэ захавалiся традыцыйныя механiзмы перадачы, засталiся яшчэ носьбiты розных узростаў. Аднак перспектыва дваiстая: першае — захаванне промысла самiмi носьбiтамi ў першапачатковым выглядзе, у якiм ён iм перадаваўся, а другое — пераход чыста ў камерцыйнае рэчышча, што адразу забiвае сутнасць бортнiцтва.
Сёння кнiга-альбом «Бортнiцтва — сувязь часоў» перададзена выдавецтвам у розныя рэгiёны Беларусi i за мяжу з мэтай распаўсюджвання ведаў пра адзiн з найбольш старажытных промыслаў.
Каментарый у тэму
Начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Лельчыцкага раёна Наталля Гаўрылавец:
— Бортнiцтва ў нашым рэгiёне i ўсё, што да яго мае дачыненне, — тэма цiкавая, i ў нас назiраецца да яе iнтарэс. Але ж мы разумеем, што бортнiкi — гэта не супрацоўнiкi сферы культуры, а людзi абсалютна розных прафесiй, якiя займаюцца гэтым промыслам. Таму мы вырашылi неяк аб'яднаць нашых жыхароў i, напрыклад, у маi, калi адзначаецца Мiжнародны дзень пчалы, на базе аграгарадка Сiманiчы пачалi ладзiць свята мёду. Туды мы запрашаем усiх пчаляроў, ладзiм дэгустацыi, выстаўкi i продаж мёду, а таксама выстаўкi адпаведнай лiтаратуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Бачым, што iнтарэс з боку як удзельнiкаў, так i наведвальнiкаў высокi, таму маем намер праводзiць гэтае свята штогод. Плюс у нас у Мiлашэвiцкiм лясгасе таксама збiраюць розныя матэрыялы, звязаныя з гэтай тэмай, для стварэння музея. У раённым музеi можна ўбачыць экспанаты, якiя распавядаюць пра бортнiцтва. Прэзентавалi гэты промысел i на форуме «Музеi Беларусi». Але, зразумела, што мы толькi ў пачатку вялiкага шляху па папулярызацыi згаданага занятку. Мы iмкнёмся актыўна супрацоўнiчаць са школамi, каб у дзяцей не толькi было ўяўленне пра культурную спадчыну нашага рэгiёна, але каб яны самi рабiлiся ўдзельнiкамi пэўных абрадаў, промыслаў. Думаю, гэтаксама будзе i з бортнiцтвам, але патрэбен час.
Алена ДРАПКО
Фота дадзена выдавецтвам «Чатыры чвэрцi»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kniga
[4] https://zviazda.by/be/tags/spadchyna
[5] https://zviazda.by/be/tags/abrad
[6] https://zviazda.by/be/tags/pchalyarstva