Прэзідэнт абмеркаваў работу прадпрыемстваў Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта і супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі.
«Мяне цікавіць, як працуе Кіраўніцтва справамі з прадпрыемствамі сваімі, — абазначыў адну з тэм размовы Аляксандр Лукашэнка. — Якая там сітуацыя і што найбольш насцярожвае?»
У распараджэнні Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта знаходзяцца 118 прадпрыемстваў дзяржаўнай, сумеснай формы ўласнасці, а таксама прадпрыемстваў, якія адпавядаюць форме дзяржаўна-прыватнага партнёрства, удакладніў Віктар Шэйман. Калі дадаць прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў працэсе стварэння, прычым блізкія да яго завяршэння, будзе 126. Гэта цэлае міністэрства, заўважыў Прэзідэнт.
Другая тэма размовы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком справамі Прэзідэнта — выхад на афрыканскі рынак. Гэта таксама сфера адказнасці Віктара Шэймана ў апошнія гады.
«Бачу, што пайшлі зрухі па продажы тэхнікі, няхай не маштабныя, але тое, пра што мы дамаўляліся і што планавалі, ужо нейкі працэс пачаўся, — сказаў Лукашэнка. — Як ідуць справы? Што ўплывае негатыўна на развіццё адносін з афрыканскімі дзяржавамі?»
Прэзідэнт падкрэсліў, што з афрыканскімі краінамі трэба і надалей супрацоўнічаць. «Гэта дзяржавы, як мы кажам, далёкай дугі. Дзяржавы багатыя прыроднымі рэсурсамі. Можа мы нешта зможам для сябе здабываць, можа ў абмен на свае тавары неяк будзем працаваць. Ну і прадаваць праз афрыканскія банкі», — дадаў ён.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/tags/viktar-sheyman
[5] https://zviazda.by/be/tags/kiraunictva-spravami-prezidenta
[6] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka