Пружаны сустрэлі развітальнай красой і водарам восеньскіх красак. Ад самага вакзала ідзеш тут і адчуваеш асалоду цішы малога горада. Людзей сустракаецца мала, машын пасля ранняй гадзіны пік — таксама. Дык вось ідзеш па гэтым утульным, дагледжаным правінцыйным гарадку… і раптам упіраешся ў старадаўні парк, пасярод якога невялікі
сапраўдны палац.
Матэрыялізацыя мары аб прыгожым жыцці
Ён мае дзіўнаваты выгляд, нібы складзены з розных па памеры, форме і абліччы будынкаў. Адзін з чатырох пружанскіх помнікаў архітэктуры ХІХ стагоддзя — ёсць яшчэ сабор у імя Аляксандра Неўскага, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, гандлёвыя рады «Белыя лаўкі» — палац Швыкоўскіх за апошнія два дзясяткі гадоў стаў галоўнай славутасцю горада, яго візітоўкай і своеасаблівым брэндам.
Гэта цяпер. А тады, у 50—60-я гады пазамінулага стагоддзя, пяцітысячны павятовы цэнтр Гродзенскай губерні мала чым мог пацешыць вока. Вузкія, амаль усе незабрукаваныя вуліцы, уздоўж якіх цягнуліся шэрыя драўляныя дамы і крамкі, пара храмаў, некалькі дзяржаўных устаноў... І раптам пасярод гэтай шэрасці — такі цуд. Нехта з даследчыкаў, матэрыялы якіх беражліва захоўваюцца ў цяперашнім музеі, назваў узвядзенне палацыка ў цэнтры Пружан матэрыялізацыяй мары аб лепшым і прыгожым жыцці, якога заўсёды трэба прагнуць. Тэзіс гэты застаецца актуальны заўсёды, хоць многае змянілася з тае пары. Думаю, варта згадаць асноўныя вехі гісторыі «Пружанскага палацыка». Яго гаспадары дакладна таго вартыя. Ды і палац адзіны на Беларусі, які застаўся ў першапачатковым выглядзе з часоў пабудовы.
Пасля падаўлення касцюшкаўскага паўстання ў 1794 годзе, землі, якія называліся Пружанскі «ключ» імператрыца Кацярына ІІ шчодрай рукой даравала графу Румянцаву-Задунайскаму. У пачатку ХІХ стагоддзя Румянцавы прадалі маёнтак аднаму тайнаму саветніку, а праз шэсць гадоў яго набылі Швыкоўскія, прадстаўнікі заможнага шляхецкага роду. На працягу амаль васьмі дзесяцігоддзяў яны гаспадарылі тут, з гэтым прозвішчам звязаны слава і росквіт пружанскага маёнтка.
Па законе «векавых праўдаў»
Сваім з'яўленнем палац абавязаны Валенцію Швыкоўскаму, які стаў тут гаспадаром у 1843 годзе. Нарадзіўся Валенцій каля 1817 года, адукацыю атрымаў у Дэрпцкім універсітэце (Дэрпт — цяпер Тарту ў Эстоніі). У 1841 годзе Валенцій ажаніўся з Германіяй Важынскай. Сучаснікі называлі маршалка Пружанскага павета вялікім эрудытам, сумленным грамадзянінам і патрыётам. Яны з Германіяй былі вельмі адукаваныя людзі. Бібліятэка іх налічвала амаль паўтары тысячы тамоў выданняў на польскай, рускай, нямецкай, французскай мовах. Швыкоўскія адкрывалі народныя школы для навучання вясковых дзяцей, спрыялі культурнаму развіццю свайго краю: у горадзе была адкрыта грамадская бібліятэка, арганізавана конная пошта і пабудаваны паштовы тракт. Па тым часе гэта было інфармацыйным прарывам. Папулярная і ўплывовая ў той час газета «Русский инвалид» змясціла ў 1860 годзе артыкул пра павятовы горад Пружаны і яго маршалка.
Валенцій Пятровіч жыў і працаваў у тых умовах, пры той уладзе, але наўрад ці спадабаліся б губернскаму альбо яшчэ вышэйшаму кіраўніцтву погляды маршалка. Засталіся яго лісты з эміграцыі, куды трапіў Швыкоўскі, як і многія патрыёты свайго краю, пасля паўстання 1863 года. Былі ў пісьме такія радкі: «Весці з краю заўсёды тыя ж самыя: бяда, смутак, нястача і ўбоства агульныя. Расце сквапнасць царскіх катаў: чаго нельга ўкрасці, тое знішчае чужая мова і чужая прывіваецца вера. Сэрца рвецца перад гэтай страшнай карцінай маральнай і матэрыяльнай пакуты народа... У грамадскім жыцці распад і адмаўленне веры, сям'і і найсвяцейшых праўдаў...» Самі яны з жонкай жылі па законах тых самых «векавых праўдаў». І ім пашанцавала. Гэта быў надзвычай рэдкі выпадак, калі сасланаму гаспадару дазволілі вярнуцца ў свой маёнтак. Германія, якая Пружанскі палацык не пакідала ні на дзень, ва ўсе інстанцыі накіроўвала пісьмы і звароты з просьбамі за мужа. І была пачутая.
Лёс адвёў ім яшчэ многа шчаслівых гадоў у любімым імі палацыку, дзе яны прымалі дарагіх сваіх гасцей — мастака Напалеона Орду, пісьменніка Юзафа Крашэўскага, іншых вядомых навукоўцаў і людзей мастацтва, займаліся ўлюбёным сваім гаспадарствам. Германія памерла першая, Валенцій дажываў свой век у Варшаве. Але пахаваны яны разам у Пружанах. Магіла Швыкоўскіх на каталіцкіх могілках у Пружанах і цяпер знаходзіцца ў здавальняючым стане.
Ад інтэрната да музея
Пашанцавала і палацыку, па-першае, з наступнай гаспадыняй, ёй стала Вера Кляйнміхель, а па-другое, з тым, што ён перажыў і рэвалюцыі, і войны ды застаўся стаяць. Вера Уладзіміраўна Кляйнміхель, сваячка Наталлі Ганчаровай, жонкі Пушкіна і пляменніца сяброўкі апошняй імператрыцы Аляксандры Фёдараўны, рэдка жыла ў Пружанах. Прыдворная дама часта здавала маёнтак у арэнду, але заняпаду яго не дапусціла. За польскім часам палацык займала павятовае староства, у вайну — штаб генерала Гудэрыяна, потым інтэрнат нямецкіх афіцэраў, пазней інтэрнат савецкіх афіцэраў, пасля вайны — дзіцячы садок і стаматалагічная паліклініка. А ў 1990 годзе даследчык напіша: «Сучаснае становішча сядзібы адчайнае. Будынак у страшэннай занядбанасці. Зусім запушчаны парк. Дрэвамі і хмызнякамі зарос сядзібны падворак. Ён быццам сарамліва хавае тое, што засталося ад палацыка. Такая рэчаіснасць».
Але будынку зноў усміхнулася фартуна. Яго доўга збіраліся рэстаўраваць, пазней — доўга аднаўлялі, і нарэшце ў 1999 годзе адкрылі. Сюды пераехаў краязнаўчы музей, які стаў называцца музей-сядзіба «Пружанскі палацык». За два дзесяцігоддзі сядзіба стала грамадска-культурным і навуковым цэнтрам Пружан. Тут праводзяцца літаратурныя і музычныя вечарыны, канферэнцыі па захаванні гістарычнай спадчыны, мноства розных асветніцкіх мерапрыемстваў, выстаўкі.
Дырэктар музея Юрый ЗЯЛЕВІЧ правёў кароткую экскурсію па залах, якія абсталяваны ў стылі шляхецкай сядзібы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. На першым паверсе знаходзяцца салон-гасцёўня, Паляўнічы кабінет, Кветкавая зала, Зімовы сад, дзе можна ўбачыць мэблю, карціны, гадзіннікі той эпохі. Тут жа знаходзяцца тры выставачныя залы. Памяшканні для выставак ёсць і на другім паверсе. У адным з іх, напрыклад, зараз экспануюцца карціны Анатоля Жалудко. А ў «Іконнай зале» можна ўбачыць работы іканапісцаў канца ХVІІІ — пачатку ХХ стагоддзя. На выстаўцы пад назвай «Res Sacrae» (Сакральная рэч) прадстаўлены прадметы праваслаўнага рэлігійнага культу, выяўленыя на тэрыторыі раёна і падораныя святарамі. Ёсць харугва, якую распісаў невядомы аўтар. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэта рука Мікалая Чурабы, вядомага брэсцкага мастака.
«Таемная вячэра» з Варанілавіч і яе захавальніца
А цяпер у адной з залаў упершыню на ўсеагульны агляд выстаўляецца ўнікальны экспанат — фрагмент надбрамнай драўлянай разной іконы «Таемная вячэра», якая ў свой час узвышалася над Царскай брамай Спаса-Праабражэнскай царквы ў вёсцы Варанілавічы.
Гэта толькі ўявіць: нейкі тутэйшы майстар ажно ў 1580-м ці можа ў 1590-м з дрэва выразаў сапраўдны абраз. А многія ж здзіўляюцца, адкуль узяўся ўнікальны самавучка Мікалай Тарасюк, што выразаў свой драўляны люд? На гэтай зямлі спрадвеку жылі такія ўмельцы...
Дык вось царква са сваёй драўлянай брамай (апошняя, дарэчы, цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь) спакойна служыла людзям да 1962 года. Менавіта ў гэтым годзе з Саўміна БССР прыйшоў цыркуляр, які прадпісаў пераабсталяваць царкоўны будынак пад школу. Людзі, вядома, адстойвалі царкву, але ж мясцовыя ўлады праявілі «ініцыятыву». У выніку ў 1968 годзе царкву наогул разабралі, драўніну перавезлі ў вёску Манчыкі і дабудавалі спартыўную залу да школы. Ну а царкоўную маёмасць спасціг розны лёс. Найбольш каштоўная яе частка, названая брама, варанілавіцкі летапіс, некаторыя іконы пераехалі ў Мінск, папоўнілі калекцыі музеяў. Нешта перадалі Ружанскаму прыходу, астатняе проста спалілі. Перад тым як кінуць старадаўнія драўляныя іконы ў вогнішча, іх секлі на часткі. Пра гэта расказала пазней жыхарка Варанілавіч Ніна Уладзіміраўна Новік. Вось так, відаць, рассеклі і «Таемную вячэру». Як ацалела верхняя частка з лікамі, жанчына не ведала. Яе яна знайшла на дарозе за вёскай. Жанчына падабрала яе і ўсё жыццё беражліва захоўвала. А перадала ў музей незадоўга да сваёй смерці па просьбе пружанскага святара Іосіфа Балюка. Айцец Іосіф да свайго скону маліўся за Ніну і яе сваякоў у знак удзячнасці.
На невялікай дошчачцы даўжынёй 103 см і шырынёй 16 см вясковым майстрам адлюстравана адна з найвялікшых у біблейскай гісторыі падзей: апошняя вячэра Ісуса Хрыста і дванаццаці апосталаў, падчас якой Гасподзь устанавіў таінства Еўхарыстыі, прадказаў здраду Іуды, сваю смерць і ўваскрэсенне, будучы лёс усяго свету. Цяпер яна выстаўлена на агляд.
...Супрацоўнікі палацыка вельмі ганарацца сваім домам і стараюцца падтрымліваць яго годна, каб душы Валенція і Германіі былі спакойныя, нават калі яны захочуць зірнуць на свой стары маёнтак. Кажуць жа, што кожны замак ці палац хоць аднойчы наведваюць прывіды.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва музея
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/krayaznaustva
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[5] https://zviazda.by/be/tags/pruzhany
[6] https://zviazda.by/be/tags/ikona