Мiкалай Гайба — навагрудскi краязнавец, прафесiянальны гiсторык i музейшчык, аўтар некалькiх кнiг i альбомаў. Ужо дваццаць гадоў, як Мiкалай Паўлавiч узначальвае дом-музей Адама Мiцкевiча. Якраз сёлета спаўняецца роўна сто гадоў, як там адкрылася музейная экспазiцыя. Цi трэба казаць, што ў сучасным Навагрудку музей з'яўляецца сапраўднай вiзiтоўкай, доказ гэтаму — музейную ўстанову кожны дзень наведваюць дзясяткi турыстаў, экскурсii праводзяцца па некалькi разоў на дзень.
А яшчэ Мiкалай Гайба — даўнi сябар нашай газеты, амаль трыццаць гадоў паштальён прыносiць яму беларускае выданне.
— Мае бацькi выпiсвалi «Звязду», а я, калi быў старшакласнiкам, — «Чырвоную змену». Калi «Чырвонка» паядналася са старэйшай газетай, я стаў сталым падпiсчыкам «Звязды», — кажа Мiкалай Паўлавiч. — У мяне нiколi не ўзнiкала пытанняў, калi пачынаецца падпiсная кампанiя, якое выданне выбраць, — канешне, «Звязду»!
Я даўно хацеў зрабiць фотапартрэт гэтага апантанага чалавека, улюбёнага ў свой горад, у Мiцкевiча, у яго паэзiю, i, што асаблiва прыемна, у нашу газету. I нарэшце ўчора такая магчымасць у мяне з'явiлася.
Анатоль КЛЯШЧУК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya