Актывісты беларускай суполкі “Сябры” з эстонскага горада зладзілі бульбяныя вячоркі
Для многіх у свеце, як вядома, Беларусь асацыюецца з вялікімі ўраджаямі смачнай бульбы. Дарэчы, у Самахвалавічах, пад Мінскам, дзейнічае Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводстве й садавіна-гароднінаводстве. І што беларусы любяць стравы з бульбы — таксама не сакрэт.
Аддаючы належную пашану бульбе, 25 кастрычніка Нарвская беларуская суполка “Сябры” правяла ў Доме народаў Нарвы незвычайную імпрэзу. Мы назвалі яе “Бульбяныя вячоркі” — ушанавалі нашу беларускую бульбу. На жаль, у сувязі з рэкамендацыямі Дэпартамента здароўя нам прыйшлося абмежаваць колькасць гледачоў у зале. І ўваход зрабілі па запрашальных білетах. Гасцям выдаваліся маскі, была таксама магчымасць бескантактавым спосабам вымераць тэмпературу.
А перад вячоркамі суполка “Сябры” абвясціла конкурс малюнкаў і вырабаў, прысвечаных бульбе, сярод навучэнцаў Нарвскай мастацкай школы. Пераможцы і ўдзельнікі конкурсу былі ўшанаваны падзячнымі лістамі, падарункамі.
З вітальным словам да ўсіх звярнуўся Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Эстоніі Аляксандр Татаркін. Песні пра бульбу спявалі гаспадары імпрэзы, прадстаўнікі іншых нацыянальна-культурных таварыстваў Нарвы. А задаў тон усім дзіцячы фальклорны ансамбль “Гусельки” пад кіраўніцтвам Надзеі Маскалёвай.
І яшчэ адзін цікавы паварот у бульбяной тэме чакаў гасцей імпрэзы: песні нарвскіх “Сяброў”суправаджаліся дэгустацыяй страў з бульбы.
Віктар Байкачоў, г. Нарва
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/vestki