У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь 15 кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай выстаўкі вядомага беларускага фатографа Юрыя Іванова «100 ракурсаў часу», якая прысвечана 45-годдзю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Прадстаўлены 55 рэтраспектыўных фотаздымкаў з жыцця Беларусі і 45 фотаздымкаў, якія распавядаюць пра сучаснае жыццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Імя Юрыя Іванова ў свеце рэпартажнай фатаграфіі не проста вядомае — яно стала сінонімам творчага, нестандартнага падыходу да фатаграфіі, якая, здавалася б, павінна проста захоўваць і дэманстраваць рэальнасць без якіхнебудзь прыўкрас. Імя гэтае стала знакам якасці. Варта толькі зірнуць на біяграфію Юрыя Іванова, каб зразумець, якім чынам ён дасягнуў такой вядомасці і павагі.
Працаваў фотакарэспандэнтам у газетах «Знамя юности» і «Советская Белоруссия», агенцтве друку «Новости» (АПН). На працягу некалькіх гадоў узначальваў аддзел фотаілюстрацый газеты «Культура». У цяперашні час — спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У 1987 годзе ўвайшоў у лік 100 найлепшых фатографаў свету. Прымаў удзел у стварэнні кнігі «Адзін дзень з жыцця Савецкага Саюза» (Collins Publishing, USA). У 1990 годзе фотаздымак Юрыя Іванова «Лятучка» быў прызнаны найлепшым у свеце за апошнія 10 гадоў (1980—1990). Персанальныя выстаўкі фатографа праходзілі ў многіх краінах Еўропы, Азіі і Амерыкі. Адзіны фотакарэспандэнт у Беларусі — лаўрэат прэміі міжнароднага фотаконкурсу «World Press Photo» ў Гаазе, прэміі Саюза журналістаў Беларусі (цяпер — Беларускі саюз журналістаў), прэміі «Залатая Літара». Рэгалій і цікавых момантаў у яго біяграфіі сапраўды шмат, але значна цікавей паспрабаваць зразумець, што ж зрабіла яго стыль настолькі пазнавальным у свеце.
Чаго патрабуе рэпартажная фатаграфія і што трэба зрабіць, каб быць добрым фотарэпарцёрам? Здаецца, адказ на гэтыя пытанні на паверхні: дастаткова проста быць прафесіяналам, разбірацца ва ўсіх тэхнічных дробязях, апынуцца ў правільным месцы і ў правільны час, добра выконваць задачы, умець адбіраць самую сутнасць, адсейваць непатрэбнае і гэтак далей. Усімі гэтымі характарыстыкамі, безумоўна, валодае Юрый Іваноў, і ў наведвальнікаў персанальнай выстаўкі ў Нацыянальным гістарычным музеі не ўзнікне ніякіх сумневаў. Але калі паглядзець з іншага боку, то ўсімі гэтымі якасцямі валодаюць і сотні, тысячы іншых фатографаў, якія штодня выконваюць прафесійныя абавязкі, працуючы ў розных СМІ. Але мала хто з іх заслугоўвае такой увагі, як Юрый Іваноў. Вядома, ёсць тыя, чые фатаграфіі набылі сусветную вядомасць і сталі сімваламі пэўных падзей, але менавіта ў такіх фотаздымках — разгадка поспеху некаторых фатографаў, у пантэон якіх уваходзіць і Юрый Іваноў.
Усе падобныя фатаграфіі адрознівае ў першую чаргу тое, што яны зроблены выпадкова, бо менавіта выпадковасць часцяком лепш за ўсё раскрывае самую сутнасць той ці іншай з’явы. Часам гэта можна назваць чыстай вады журналісцкай удачай, што не зусім справядліва ў адносінах да фатографаў: акрамя таго, што ім давялося апынуцца ў патрэбны час у патрэбным месцы, яны праявілі і ўласнае творчае бачанне, звярнуўшы ўвагу на тыя рэчы, якія выслізнулі ад калег. Гэта значыць, у добрай рэпартажнай фатаграфіі, акрамя факта захаванай рэальнасці, ёсць яшчэ і значная доля аўтарскага пачатку. Прычым гэта не значыць, што падобныя фатаграфіі заўсёды павінны мець аўтарскую ацэнку. Наадварот, найвышэйшае мастацтва рэпартажнай фатаграфіі заключаецца ў тым, каб адной фатаграфіяй адлюстраваць сутнасць чаго б там ні было, пры гэтым не паказаўшы ўласнага стаўлення. А даць гледачу магчымасць самому ацаніць сітуацыю, адлюстраваную на фатаграфіі.
Як толькі з’яўляецца момант рэцэпцыі і інтэрпрэтацыі, мы можам казаць пра мастацтва, паколькі мастацтва заўсёды неадназначнае, яно заўсёды, асабліва пасля «смерці аўтара», можа і павінна мець самыя розныя сэнсы, нават калі аўтар першапачаткова іх не закладваў. Для кагосьці сама думка пра тое, што рэпартажная фатаграфія можа з’яўляцца творам мастацтва, гучыць парадаксальна, бо, здавалася б, як мастацтвам можа быць тое, што проста паказвае рэальнасць? Асноўны прынцып у рэалістычным мастацтве (а рэпартажная фатаграфія адносіцца да гэтага кірунку) — перайманне рэчаіснасці. Менавіта перайманне, а не яе ўзнаўленне. І, як ні дзіўна, добрая рэпартажная фатаграфія вызначаецца якраз гэтым.
Мастацтвам рэпартажная фатаграфія становіцца тады, калі шляхам адсячэння ўсяго канкрэтнага і нязначнага мастак дамагаецца таго, што фотаздымак, які ён стварыў, становіцца ўжо не проста злепкам з рэчаіснасці. Фатаграфія ператвараецца ў сімвал — эпохі, народа, характару, нейкай з’явы... Менавіта сімвал, які заключаны ў адзін з кадраў на фотастужцы, менавіта ўменне ўбачыць рэальнасць цалкам, але пры гэтым не паддацца спакусе паказаць усё, менавіта жаданне не проста захаваць імгненне, але паказаць рэальнасць як аўтарскае выказванне — гэта ўсё ў сукупнасці з прафесійнымі якасцямі і зрабіла Юрыя Іванова адным з самых вядомых савецкіх і постсавецкіх фатографаў.
Тая частка выстаўкі, дзе прадстаўлены старыя фатаграфіі майстра, якія сталі вядомыя ў Савецкім Саюзе, — гэта рэпартажнае мастацтва ва ўсёй сваёй красе. Юрый Іваноў у дасканаласці авалодаў майстэрствам назірання, якое дазваляе фатографу зліцца з мясцовасцю, каб героі рэпартажаў не звярталі на яго ўвагі, а ўсё, што адбываецца ў кадры, было натуральным. Менавіта таму на яго фотаздымках двойчы героі сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў, Уладзімір Бядуля, Уладзімір Кавалёнак і Уладзімір Ралько паўстаюць не панурымі старцамі, на тварах якіх захаваліся ўсе пражытыя гады і цяжкасці, як належыць афіцыйным партрэтам, а дзядулямі, што весела смяюцца. Ды менавіта ў іх усмешках, паставе счытваецца характар: Юрый Іваноў не дачакаўся, пакуль яны прымуць правільныя афіцыйныя паставы і пакуль стануць у шэраг, каб было відаць іх узнагароды. Не, ён вырашыў злавіць момант, захаваць жыццё, што, можа, не вельмі адпавядала афіцыйным пратаколам, але затое дазволіла фатографу з рэальнасці зрабіць мастацтва.
Гэтак жа, як фатаграфія вялізнага БелАЗа, які спыніўся на святлафоры, каб прапусціць калону маленькіх дзяцей. У кожнага дзіцяці ёсць свій самазвал, толькі маленькі, пластмасавы, а ў кузаве грузавіка — плюшавая цацка. Дзіўнае сутыкненне дзіцячага свету і дарослага, дзе велізарны дарослы пакуль не ўрываецца ў дзіцячую ўтопію, а самі дзеці не звяртаюць на БелАЗ ніякай увагі, таму што ў кожнага з іх ёсць уласны грузавік і ў фантазіях ён нашмат большы, чым тая махіна, што цяпер прапускае іх на дарозе.
Дзякуючы майстэрству фатографа ў Юрыя Іванова атрымліваецца паказаць легендарных «Песняроў» не як зорак сусветнага ўзроўню, а як дзіўных юнакоў з задуменнымі вачыма ў белых швэдрах з беларускім геаметрычным арнаментам — нешта сярэдняе паміж The Beatles і тым падкрэслена народнафальклорным вобразам, якім надзялілі музыкантаў СМІ таго часу. Гэтае ж майстэрства пазбаўляе яго звыклай для многіх рэпарцёраў невыразнасці фотаздымкаў, таму Міхась Дрынеўскі на фота не проста міла ўсміхаецца са сцэны, а як быццам крычыць, бо Юрый Іваноў сфатаграфаваў яго непасрэдна падчас выступлення.
На жаль, фатаграфіі, якія прысвечаны жыццю Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў не адрозніваюцца такім жа ўзроўнем мастацкасці. Гэта звычайныя рэпартажныя фатаграфіі. У іх ужо няма той натуральнасці, няма адчування, што аўтар не проста паказвае рэальнасць, а стварае сімвалы. Але гэта і нядзіўна, бо, калі чалавеку, які прывык здымаць сам час, даюць у распараджэнне ўсяго толькі ўніверсітэт, ён, напэўна, губляецца, і магія знікае.
Гэта не адмяняе таго факта, што кожная фатаграфія выстаўкі дакладна адпавядае заяўленай назве. Прадстаўлена сапраўды сто ракурсаў цэлай эпохі. Увесь прынцып работ Юрыя Іванова нагадвае фатаграфію з Андрэем Вазнясенскім, дзе з дапамогай тэхнікі накладання яго постаць прадубліравана некалькі разоў. Прывіды паэта запаўняюць усё палатно фатаграфіі, перавернутыя і адлюстраваныя. Можна бясконца ўзірацца ў гэты кругазварот Вазнясенскіх і задавацца пытаннем: ці адрозніваюцца хоць чым-небудзь усе шматлікія вобразы аднаго і таго ж чалавека? І адказ на пытанне не важны, бо фантазія дазволіць даць на яго абодва адказы. Важна, што гэта мноства адлюстраванняў аднаго і таго ж часу, кожнае з якіх прапушчана праз творчае ўспрыманне не проста рэпарцёра, але сапраўднага мастака.
Цімур ВЫЧУЖАНІН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mastactva