У Магілёўскай вобласці працягваецца адкрыццё розных аб'ектаў, прымеркаваных да святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. Учора першых гульцоў прынялі дзве новыя міні-футбольныя пляцоўкі — у клімавіцкай сярэдняй школе № 3 па вуліцы Камуністычнай і ў Крычаве — на базе раённай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.
Гэтыя два тыпавыя спартыўныя аб'екты памерамі 20 на 40 метраў з штучным пакрыццём, агароджай і ўбудаванымі варотамі з'явіліся дзякуючы падтрымцы Беларускай федэрацыі футбола і Тураўскага малочнага камбіната.
А старт святочным адкрыццям даў увод у дзеянне пасля капрамонту плавальнага басейна ў школе аграгарадка Аўсянка, што ў Горацкім раёне. Ім цяпер могуць карыстацца дзеці і дарослыя не толькі гэтага раёна, але яшчэ і Шклоўскага. Тут жа плануецца праводзіць спартыўна-масавыя і аздараўленчыя мерапрыемствы. Падчас рамонту будаўнікі памянялі пакрыццё гідратэхнічнага збудавання, узмацнілі падмурак будынка, абнавілі водаправодныя і каналізацыйныя інжынерныя сеткі. Да паслуг наведвальнікаў падлогі з падагрэвам, сучасныя душавыя кабіны і зручныя раздзявальні. Басейн знаходзіўся на рамонце каля двух гадоў, і для жыхароў аграгарадка і іх дзяцей адкрыццё стала доўгачаканай падзеяй.
— Гэта вельмі вялікі падарунак ад Прэзідэнта звычайнаму аграгарадку, — адзначыў падчас адкрыцця аб'екта старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. — Будаўнікі папрацавалі на якасць. У аб'ект укладзена шмат сродкаў, але гэта той выпадак, калі выдаткі апраўданыя. Жыхары атрымалі добрую магчымасць заняцца спортам і фізкультурай.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/mini-futbol