Менавіта такую задачу бачаць перад сабой заканадаўцы, юрысты, палітычныя і грамадскія дзеячы, якія бяруць удзел у шырокім грамадскім абмеркаванні магчымых змяненняў у Канстытуцыю Беларусі.
2 кастрычніка ў парламенце распачаўся збор прапаноў па змяненні Канстытуцыі. Пазней да шырокага грамадскага абмеркавання падключыліся дыялогавыя пляцоўкі па ўсёй краіне. Пра тое, што прапануюць людзі і ў што ўсё гэта павінна выліцца, ішла размова падчас круглага стала ў рэдакцыі «Звязды».
«На канец кастрычніка колькасць прапаноў налічвала тысячы, — расказаў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Віктар СВІЛА. — Людзі, якія ўносяць гэтыя прапановы, не абавязаныя быць юрыстамі. Яны выказваюць свае пажаданні, меркаванні. Ёсць два варыянты распарадзіцца гэтым. Мы ў Палаце прадстаўнікоў вырашылі, што ўсе прапановы, якія не датычацца Канстытуцыі, будуць размеркаваныя па нашых профільных камісіях у якасці сыравіны для далейшай работы над канкрэтнымі законапраектамі».
Большая частка выказаных ідэй будзе рэалізаваная, не сумняваецца дацэнт кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ала Шаўцова: «Калі не на ўзроўні Канстытуцыі, то на ўзроўні Грамадзянскага, Падатковага кодэксаў, Кодэксу аб шлюбе і сям'і і іншых нарматыўных прававых актаў, што з'яўляюцца фундаментам сацыяльных, эканамічных каштоўнасцяў. Грамадзяне будуць пачуты — гэта пытанне часу. Ён неабходны, каб заканадаўчы орган змог прапрацаваць прапановы і выйсці на ўзровень унясення змяненняў і дапаўненняў у прававыя акты».
Сенатар Віктар ЧАЙЧЫЦ згодны, што ў Канстытуцыі ўсяго не прапішаш, але зараз любыя выказванні грамадзян важныя для дзяржавы і грамадства, падкрэслівае ён. Тым не менш ёсць пытанні, якія можна вырашыць толькі праз унясенне пэўных змяненняў у Асноўны закон. Гэта датычыцца паўнамоцтваў і статусу Канстытуцыйнага суда, суда прысяжных, партыйнага будаўніцтва, пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж рознымі галінамі ўлады.
Усе гэтыя пытанні патрабуюць як усенароднага абмеркавання, так і дасканалай работы спецыялістаў. «Накідаць тэзісы на дыялогавай пляцоўцы проста, але тэхнічна забяспечыць іх рэалізацыю вельмі складана», — заўважыў галоўны ўрач 1-й гарадской клінічнай бальніцы горада Мінска, дэпутат Палаты прадстаўнікоў пятага і шостага скліканняў Дзмітрый ШАЎЦОЎ. Ён прывёў прыклад прапарцыянальнай выбарчай сістэмы, якая запатрабуе альбо павелічэння колькасці дэпутатаў, альбо змяншэння колькасці выбарчых акруг.
Поўную тэкставую версію гутаркі чытайце ў найбліжэйшых нумарах «Звязды».
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/zmeny-u-kanstytucyyu
[5] https://zviazda.by/be/tags/vi-usebelaruski-narodny-shod