7 лістапада ў 12.30 адбылася эпахальная для сталіцы падзея. Для пасажыраў адкрылася трэцяя лінія метрапалітэна. Першыя цягнікі адправіліся насустрач адзін аднаму са станцый «Юбілейная плошча» і «Кавальская Слабада». Паміж імі – яшчэ дзве станцыі: «Вакзальная» і «Плошча Францішка Багушэвіча».
— Па нашым графіку мяркуецца, што ў будні будуць працаваць пяць цягнікоў, у выходныя — чатыры. Інтэрвал руху ў будні складзе 5-6 хвілін у гадзіну пік. Па суботах і нядзелях — 8, — расказвае начальнік службы руху Мінскага метрапалітэна Ігар Дадалка.
Трэцяя лінія сталічнага метрапалітэна ўкамплектавана новым рухомым складам айчыннай вытворчасці. Яшчэ адна асаблівасць — платформенныя дзверы, зманціраваныя на ўсіх станцыях. Такім чынам, упасці на рэйкі тут немагчыма. Гэтым новая лінія кардынальна адрозніваецца ад першых дзвюх.
Ад «Кавальскай Слабады» да «Юбілейнай плошчы» цягнік рухаецца 6-7 хвілін. На першы погляд, гэта няшмат. Але калі ўлічыць, што першая чарга складаецца ўсяго з чатырох станцый, то такі паказчык цалкам нармальны.
— Цягнікі на трэцяй лініі будуць складацца з чатырох вагонаў. Гэта планавалася, зыходзячы з пасажыраплыні. Але калі лінія будзе падоўжана, то разгледзім пытанне і аб набыцці пяцівагонных саставаў.
Новыя цягнікі куды больш ціхія за сваіх папярэднікаў. Таму пра тое, што састаў пад’язджае да платформы, паведаміць святлодыёдная індыкацыя на платформенных дзвярах.
Цікаўлюся: ці можа быць так, што цягнік прыедзе, а платформенныя дзверы не адчыняцца? І атрымаецца так, што прылада, скіраваная на тое, каб не было падзенняў на рэйкі, будзе перашкаджаць выйсці з цягніка.
— У дзяжурных па станцыі ёсць спецыяльныя пульты. Дзверы можна перавесці з аўтаматычнага ў ручны рэжым. Такія сітуацыі не выключаны, асабліва на першым этапе. Усё-такі на постсавецкай прасторы такую сістэму не выкарыстоўвае больш ніхто.
Адначасова з тым у мінскім метро тытул самай глыбокай станцыі сышоў да «Юбілейнай плошчы». Ад паверхні зямлі трэба пераадолець 32 метры, каб трапіць на перон. Эскалатар едзе прыблізна 45 секунд. Для неспрактыкаванага вока – незвычайна. У сваю чаргу, шырыня «Вакзальнай» складае нязвыклыя шаснаццаць метраў. Ёсць дзе павярнуцца з валізкамі!
А тое, як выглядаюць станцыі, можна пабачыць на фотаздымках ніжэй.
Валяр’ян ШКЛЕННІК
Фота Яна ХВЕДЧЫНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/author/yan-hvedchyn
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/metro
[5] https://zviazda.by/be/tags/metrapaliten