Вядучая кнігарня краіны ў чарговы раз уражвае адметнай прэзентацыяй. 10 лістапада ў 17:00 «Акадэмкніга» [3] запрашае на прэзентацыю кнігі вядомага вучонага Алега Анатольевіча ТРУСАВА «Эвалюцыя будаўнічых матэрыялаў і тэхнікі манументальнага дойлідства Беларусі XI–XVIII стст.»
Манаграфія, якая сталася вынікам шматгадовай даследчыцкай працы, — плён навуковай дзейнасці аўтара ў галіне архітэктурнай археалогіі. Алег ТРУСАЎ аналізуе развіццё гісторыі будаўнічай тэхнікі, у тым ліку і гісторыю будаўнічых матэрыялаў беларускага мураванага дойлідства XI–XVIII стст. У выніку гэтага аўтарам вылучаны некалькі этапаў мураванага дойлідства і створана іх перыядызацыя: візантыйскі перыяд (XI–XII стст.); гатычны перыяд (XIII – першая палова XVI ст.); эпоха рэнесансу (сярэдзіна XVI – пачатак XVII ст.); эпоха барока (канец XVI–XVIII ст.).
Асноўны змест грунтоўнага выдання склалі вынікі даследаванняў не толькі беларускіх вучоных, але і іх калег з Расіі і Літвы. У кнізе багатая бібліяграфія. Таксама змешчана рэзюмэ на англійскай, рускай, нямецкай, польскай і літоўскай мовах. Гэтая акалічнасць дазваляе разглядаць яе і як падарунак сябрам, знаёмым з іншых краін свету, як напамін пра тое, наколькі шматаблічная і цікавая сваім дойлідствам наша родная Беларусь.
Аўтар кнігі «Эвалюцыя будаўнічых матэрыялаў і тэхнікі манументальнага дойлідства Беларусі XI–XVIII стст.» перакананы, што выданне будзе карыснае археолагам, рэстаўратарам, архітэктарам, краязнаўцам, гісторыкам архітэктуры, музейным спецыялістам розных узроўняў.
Нагадваем, што прэзентацыя адбудзецца ў кнігарні «Акадэмічная кніга» 10 лістапада ў 17:00. Усім наведвальнікам, уваход якім дазваляецца строга ў медыцынскіх масках, будзе прадстаўлена магчымасць не толькі набыць кнігу, але і атрымаць аўтограф Алега ТРУСАВА. Да сустрэчы на прэзентацыі ўнікальнага гістарычнага выдання!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/arhitektura
[3] https://akademkniga.by/
[4] https://zviazda.by/be/tags/prezentacyya-knigi
[5] https://zviazda.by/be/tags/aleg-trusau
[6] https://zviazda.by/be/tags/arhitektura