Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, школьнікі складаюць 8-12 % сярод захварэлых на COVІD-19. Нягледзячы на такую невялікую лічбу, а таксама той факт, што дзеці і падлеткі пераносяць гэту інфекцыю лягчэй, чым дарослыя, у школах прымаюцца пэўныя меры па папярэджанні захворвання. Пра арганізацыю навучальнага працэсу ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, а таксама пра асаблівасці другой хвалі мы распыталі спецыялістаў — загадчыка аддзела эпідэміялогіі Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Анжэлу Галенчык і загадчыка аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кацярыну Сухавер.
— Раскажыце, калі ласка, пра асноўныя метадалагічныя рэкамендацыі, якія санітарная служба распрацавала для школ.
К. С.: — Яны падрыхтаваны з мэтай папярэджання распаўсюджвання інфекцыі COVІD-19 ва ўстановах адукацыі Беларусі ў 2020/2021 навучальным годзе. На іх аснове, а таксама ўлічваючы ўказанні і планы выканаўчых і распарадчых органаў, у кожнай установе з улікам яе тыпу і ўмоў, асаблівасцяў рэжыму дзейнасці распрацоўваецца «План арганізацыйных і санітарна-супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў па папярэджанні ўзнікнення і распаўсюджвання інфекцыі COVІD-19, дзеянняў пры выяўленні інфекцыі COVІD-19», які зацвярджаецца кіраўніком установы адукацыі.
Асноўныя рэкамендацыі такія: захаванне мер сацыяльнага дыстанцыявання, правіл асабістай гігіены (мыццё рук і твару), павелічэнне працягласці перапынкаў, раздзяленне часу пачатку і заканчэння змен, пры магчымасці пераход на двухзменны рэжым пры адназменным, наведванне сталовай па максімальна размежаваным графіку, забеспячэнне работы кур'ерскай службы і прыём карэспандэнцыі бескантактавым спосабам, абмежаванне ў залежнасці ад інтэнсіўнасці развіцця эпідэміялагічнага працэсу правядзення спартыўных, культурна-масавых і іншых відовішчных мерапрыемстваў, абмежаванне ўваходу ва ўстанову. Таксама павінны быць створаны ўмовы для арганізацыі «прапускнога фільтру» для работнікаў, забяспечаны належны санітарны стан памяшканняў, вільготная прыборка з выкарыстаннем дазволеных для гэтых мэт дэзынфікуючых сродкаў. Работнікі мусяць выкарыстоўваць індывідуальныя сродкі аховы органаў дыхання. Пры адсутнасці медыцынскага ізалятара павінна быць вызначана памяшканне, якое можа выкарыстоўвацца для часовай ізаляцыі навучэнцаў ці работнікаў з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі.
— Пры якіх умовах клас закрываюць на каранцін?
А. Г.: — Каранцін — гэта больш абывацельскі тэрмін. Мы ў сваім асяроддзі выкарыстоўваем такое паняцце, як увядзенне супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. І тое, што цяпер адбываецца ў нашай краіне, гэта якраз супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы. Меры, звязаныя з роспускам класа, уводзяцца, згодна з дзеючым заканадаўствам, калі ў наяўнасці не менш за 30 % захварэлых з прычыны, як правіла, ВРВІ ці грыпу. Такой колькасці цяпер няма і амаль не бывае. Калі паглыбляцца ў эпідэміялагічнае расследаванне, то высвятляецца, што вучні адсутнічаюць не толькі ў сувязі з хваробай: захварэў аднакласнік, і маці вырашыла пакінуць дзіця дома. Тут мае значэнне не колькасць адсутных на занятках, а менавіта хворых, якія маюць адпаведнае медыцынскае заключэнне.
— Калі клас усё ж распускаюць, усім вучням павінны зрабіць тэсты на COVІD-19?
А. Г.: — Не. Лабараторнае даследаванне (ПЛР ці экспрэс-тэсты) праводзяцца тады, калі маецца клінічная карціна захворвання або чалавек з'яўляецца кантактам першага ўзроўню. І тут яшчэ важна, як даўно адбыўся кантакт з хворым.
— Хто прымае рашэнне, напрыклад, аб пераводзе класа на дыстанцыйнае навучанне?
А. Г.: — Мы бачым і ацэньваем неспрыяльную сітуацыю, даём рэкамендацыі, у тым ліку дырэктару навучальнай установы. Напрыклад, мінімізаваць перамяшчэнні дзяцей з кабінета ў кабінет. Такім чынам, клас вучыцца ў адным памяшканні, да іх прыходзяць настаўнікі, вызваляецца дадатковы час на праветрыванне і дэзінфекцыю. Мы рэкамендуем, а ўпраўленне адукацыі можа замацаваць такія меры сваім загадам, калі ў той ці іншай школе маюцца для гэтага ўмовы. Дырэктар можа звярнуцца ва ўпраўленне адукацыі і хадайнічаць, скажам, аб пераводзе на дыстанцыйнае навучанне старэйшых класаў, калі там хварэюць вучні. Але гэта ўнутраныя пытанні ўстаноў адукацыі. Таксама ўводзіць дадатковыя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы звыш устаноўленых санітарных нормаў і правіл можа раённы выканаўчы камітэт.
— Ці абавязаны школьнікі і настаўнікі насіць маскі?
К. С.: — Маскі і пальчаткі выкарыстоўваюць медыцынскія і іншыя работнікі, задзейнічаныя ў рабоце «прапускнога фільтра». Вучні, старэйшыя за 14 гадоў, могуць насіць сродкі аховы органаў дыхання па жаданні.
— У якіх выпадках школьніку робяць тэст?
А. Г.: — Калі ён захварэў і маецца клінічная карціна COVІD-19, ці стаў кантактам першага
ўзроўню.
— Калі бацькі жадаюць зрабіць дзіцяці экспрэс-тэст на платнай аснове, ці ёсць такая магчымасць?
А. Г.: — Яго можна зрабіць у тых установах аховы здароўя, якія аказваюць такія паслугі. Наколькі мне вядома, некаторыя прыватныя медыцынскія цэнтры робяць платную ПЛР-дыягностыку. Але тут важна ацэньваць мэтазгоднасць гэтай працэдуры. Па інтэрпрэтацыю вынікаў варта ўсё роўна звяртацца да спецыяліста. Нават станоўчы вынік ПЛР-дыягностыкі пры адсутнасці клінічных праяў не сведчыць, што чалавек хворы і з'яўляецца крыніцай інфекцыі. Гэта могуць быць абломкі РНК-віруса, доза якіх настолькі мізэрная, што не можа выклікаць захворванне.
Напрыклад, у тых жа экспрэс-тэстах наяўнасць імунаглабуліну М неабавязкова сведчыць пра тое, што чалавек цяпер хворы ў вострай фазе. Імаверна, імунаглабуліны М не паспелі сфарміравацца ў імунаглабуліны J. Таму не варта паддавацца паніцы і бяздумна рабіць тэсты па шмат разоў.
— Цяпер з улікам інтэнсіўнай работы лабараторый наколькі хутка можна атрымаць вынік ПЛР-тэста?
— Лабараторыя праводзіць тэсціраванне па двух кірунках: захварэлых і кантактаў першага ўзроўню (гэта бюджэтныя віды даследаванняў) і тых, хто выязджае за мяжу, дзе патрабуюць дакумент аб адсутнасці каранавіруснай інфекцыі (гэта робіцца на пазабюджэтнай аснове). Вясной працавалі ў кругласутачным рэжыме. Цяпер пакуль такой неабходнасці няма, лабараторыі спраўляюцца. Вынік мы паведамляем цягам 1-2 дзён.
— Колькі лабараторый працуе ў Мінскай вобласці?
— Чатыры на базе цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі — па адной у Мінску і Ратамцы, а таксама ў Салігорскім і Барысаўскім занальных цэнтрах плюс у Мінскай абласной бальніцы. Пры неабходнасці нам дапамагае Міністэрства аховы здароўя, падключаюцца РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі і Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
— Колькі мусяць цяпер знаходзіцца на самаізаляцыі кантакты першага ўзроўню?
А. Г.: — У залежнасці ад выніку лабараторнага даследавання і клінічных праяў. Калі вынік ПЛР-даследавання ці экспрэс-тэста адмоўны і адсутнічаюць клінічныя праявы, то 10 дзён. Калі тэст станоўчы, але адсутнічае клінічная карціна, то 14. Пры станоўчым тэсце і сімптомах хваробы — да знікнення клінічных праяў і выздараўлення пацыента.
— Цяпер паўторны мазок пры выздараўленні не бяруць?
А. Г.: — Назапашаны вопыт паказаў, што мэтазгодна лабараторнае тэсціраванне праводзіць аднаразова, прычым аналіз бяруць да сёмага дня з моманту кантактавання ці ўзнікнення сімптомаў.
— Ці правяраюць цяпер знаходжанне на самаізаляцыі?
А. Г.: — Безумоўна, гэта знаходзіцца ў межах кампетэнцыі Міністэрства ўнутраных спраў, куды мы накіроўваем спісы грамадзян, якім неабходна знаходзіцца на самаізаляцыі.
— Якія асаблівасці другой хвалі COVІD-19?
А. Г.: — Яна адрозніваецца не столькі цячэннем захворвання, колькі адсутнасцю насцярожанасці сярод насельніцтва. Усе стаміліся і расслабіліся, перасталі насіць маскі, апрацоўваць рукі і клапаціцца аб сацыяльнай дыстанцыі. У грамадскім транспарце лічаныя асобы ў масках. Пры наяўнасці ў агульнадаступных месцах антысептыкаў карыстанне імі цяпер — даволі рэдкая з'ява. У мяне гэта выклікае неразуменне, тым больш што ўсе ведаюць, што ў асенне-зімовы перыяд назіраецца рост іншых ВРВІ.
— У які момант вы адчулі напружанне ад надыходу другой хвалі?
— Трэба адзначыць, што санітарна-эпідэміялагічная служба ў цэлым сёлета працуе даволі напружана. Канешне, летам было менш шпіталізаваных пацыентаў, але лабараторыя тэсціравала тых, хто выязджаў на адпачынак, праводзіліся супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы ў дзіцячых лагерах. Увогуле, гэты год вельмі цяжкі для ўсіх нас, і хочацца спадзявацца, што праз нейкі час мы выдыхнем з палёгкай, як і ўся сістэма аховы здароўя, якая цяпер інтэнсіўна працуе ў надзвычайных умовах.
Алена КРАВЕЦ
Прэв’ю: somalimemo.net
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[5] https://zviazda.by/be/tags/epidemiyolagi