Больш як 250 навуковых распрацовак укаранілі за мінулы перыяд бягучага года айчынныя акадэмічныя арганізацыі. Зараз у НАН Беларусі рыхтуецца зборнік з іх пералікам, які будзе накіраваны ва ўсе міністэрствы і ведамствы для пашырэння кола спажыўцоў прадукцыі, тэхналогій і матэрыялаў, распрацаваных акадэмічнымі навукоўцамі. Пра гэта паведаміў галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук, старшыня Савета маладых вучоных Андрэй ІВАНЕЦ.
У іх ліку, напрыклад, беспілотны лятальны апарат «Буравеснік МН», асвоены ў НПЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН. Аналагаў яму ў Беларусі няма, прычым комплекс значна ніжэйшы па кошце за замежныя распрацоўкі.
Хімікі і мікрабіёлагі актыўна працуюць над стварэннем новых матэрыялаў і тэхналогій для ачышчэння вады. У прыватнасці, над стварэннем новых мікрабіялагічных прэпаратаў, якія дазваляюць праводзіць ачыстку гаспадарчых і пітных сцёкавых вод, у першую чаргу, прамысловых, ад таксічных прымесяў. Гэта, на думку Андрэя Іванца, дасць магчымасць павысіць як экалагічнасць нашых прамысловых прадпрыемстваў, так і якасць пітнога водазабеспячэння насельніцтва.
На папяровай фабрыцы Дзяржзнака ў Барысаве ўжо наладжана вытворчасць актыўнага біяраскладальнага папяровага матэрыялу. Размова ідзе пра выпуск спецыяльнай устойлівай да тлушчаў і вільгаці паперы з кансервавальнымі ўласцівасцямі.
Вучоны сакратар Інстытута фізіялогіі, старшыня Савета маладых навукоўцаў аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі Маргарыта ДОСІНА расказала пра цікавую распрацоўку Цэнтра мозга, які з'явіўся ў Інстытуце фізіялогіі ў 2018 годзе:
— Мы мадэлюем розныя тыпы паталогій і спрабуем знайсці рашэнні. Адна з нашых распрацовак — біячып, прызначаны для вывучэння нейронных сетак, функцый галаўнога мозга і распрацоўкі ў будучыні новых падыходаў да лячэння і аднаўлення яго структур.
Разам са спецыялістамі РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі акадэмічныя вучоныя распрацавалі і ўводзяць у практыку методыку лячэння траўм мозга і інсультаў (ішэмічнага і гемарагічнага) з выкарыстаннем мезенхімальных ствалавых клетак, узятых з тлушчавых тканак самога пацыента. Адметнасць гэтага метаду ў параўнанні з замежнымі заключаецца ў спосабе дастаўкі ствалавых клетак. Апошнія ўводзяцца не ў крывяносную сістэму, а ў вобласць канчаткаў двух чэрапна-мазгавых нерваў у поласці носа або ў трайчасты нерв. Адтуль яны самастойна ўздоўж нерваў мігрыруюць у мозг і размяшчаюцца ў разбураных ачагах. Прычым там яны могуць апынуцца ўжо праз паўгадзіны.
Яшчэ адна важная эксперыментальная распрацоўка Інстытута фізіялогіі — інгалятар, які падае разагрэтую да 70 градусаў кіслародна-геліевую сумесь. Гелій папярэджвае апёк дыхальных шляхоў у пацыента, разам з тым згубна ўздзейнічае на каранавірус. Працягласць лячэбнага сеанса вар'іруецца ад 5 да 30 хвілін, а прыстасаванне можа выкарыстоўвацца як ва ўмовах стацыянара, так і ў дамашніх умовах.
— Сёння Нацыянальная акадэмія навук супрацоўнічае з найбуйнейшымі навуковымі цэнтрамі больш чым ста краін свету: Рэспублікі Карэя, Японіі, Германіі... На базе навуковых арганізацый НАН дзейнічаюць 42 міжнародныя даследчыя цэнтры і лабараторыі розных узроўняў. Вядзецца падрыхтоўка да стварэння яшчэ дзесяці. Найбольш дынамічным з'яўляецца супрацоўніцтва з калегамі з Кітая, нават нягледзячы на няпростую эпідэміялагічную сітуацыю, — падкрэсліў Андрэй Іванец.
Трывалыя сувязі наладжаны і з расійскімі навукоўцамі, у прыватнасці, з арганізацыямі Расійскай акадэміі навук. «У сувязі з уводам у эксплуатацыю Беларускай АЭС вельмі важным нам бачыцца ўзаемадзеянне беларускіх і расійскіх фізікаў-ядзершчыкаў. Курчатаўскі інстытут і Аб'яднаны інстытут ядзерных даследаванняў у Дубне — два найбуйнейшыя навуковыя цэнтры, якія шмат у чым з'яўляюцца лідарамі ў гэтай сферы. Мы вельмі дынамічна працуем разам», — дадаў Андрэй Іванец.
А літаральна днямі ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё Навукова-вытворчага цэнтра электронна-прамянёвых тэхналогій. Ён аснашчаны ўнікальным тэхналагічным абсталяваннем, прыстасаваным для электронна-прамянёвай зваркі, у тым ліку розных металаў.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота прэс-службы Нацыянальнай акадэміі навук
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[5] https://zviazda.by/be/tags/raspracouki
[6] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-akademiya-navuk