У многіх рэгіёнах слупок тэрмометра ўпершыню ў гэтым сезоне пакажа адмоўныя значэнні. Такі працяглы перыяд без восеньскіх замаразкаў адзначаецца ў многіх рэгіёнах краіны ўпершыню, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У сераду будзе воблачна з праясненнямі і пераважна без ападкаў. У асобных раёнах чакаецца туман, уначы і раніцай слабы галалёд. Вецер прагназуецца няўстойлівы слабы. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 3 градусаў да 3 цяпла, месцамі пры праясненнях — 5 марозу. Удзень будзе ад 1 да 8 градусаў цяпла.
Не чакаецца ападкаў і ў чацвер. У гэты дзень будзе воблачна з праясненнямі. У асобных раёнах магчымы туман, уначы і раніцай слабы галалёд. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ў начны час складзе ад мінус 4 градусаў да 3 цяпла, пры праясненнях — да мінус 5 градусаў. Удзень таксама будзе халаднавата — 1—7 цяпла.
Надвор'е пачне злёгку мяняцца толькі ў пятніцу. У гэты дзень яшчэ захаваецца павышаны фон атмасфернага ціску. Будзе пераважна без ападкаў. Толькі ўдзень да меж краіны наблізіцца малаактыўны франтальны раздзел з Польшчы, і ў асобных раёнах па захадзе краіны магчымы кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай чакаецца слабы галалёд. Вецер прагназуецца паўднёвы ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 градусаў да 4 цяпла, па ўсходзе пры праясненнях — да мінус 5 градусаў. Удзень будзе 1—8 цяпла.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у выхадныя праз Беларусь будзе перамяшчацца малаактыўны франтальны раздзел. У суботу ў асобных раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Месцамі чакаецца туман, уначы і раніцай слабы галалёд. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні ўмераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 градусаў да 4 цяпла, удзень — 1—8 градусаў вышэй за нуль.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: rg.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1