На тэрыторыi Магiлёўшчыны рэалiзоўваецца дзяржпраграма па падтрымцы сямi паўднёва-ўсходнiх раёнаў вобласцi — Крычаўскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага, Клiмавiцкага, Краснапольскага, Касцюковiцкага i Хоцiмскага. Усе яны атрымалi магчымасць карыстацца прэферэнцыямi i льготамi па Указах № 235 i 177, якiя былі прыняты сёлета.
— Новы ўказ адчувальна пашыраў ільготы для развiцця эканомiкi на вёсцы, — удакладняе старшыня камiтэта эканомiкi Магiлёўскага аблвыканкама Дзмiтрый Мудрагелаў. — Iм прадугледжана ў тым лiку закупка сельскагаспадарчай i будаўнiчай тэхнiкi, тое, што вельмi актуальна для прадпрыемстваў гэтага рэгiёна. У развiццё дадзенага ўказа намi прынята праграма, дзе ўсё распiсана па напрамках дзейнасцi. Агаворваецца, на якiя параметры трэба выйсцi раёнам, i асноўныя мерапрыемствы ў рэальным сектары эканомiкi i ў сацыяльнай сферы. На рэалiзацыю мерапрыемстваў праграмы будзе накiравана з розных крынiц парадку паўмiльярда рублёў.
Некалькi буйных праектаў пачалi рэалiзоўвацца на тэрыторыi Слаўгарадскага раёна яшчэ ў рамках дзеяння 235-га Указа. Магiлёўскi мясакамбiнат пабудаваў свiнакомплекс у вёсцы Перагон праектнай магутнасцю 24 тысячы галавы ў год. А бабруйскi вытворца салодкай прадукцыi «Чырвоны харчавiк» у гэтым месяцы запусцiў у Слаўгарадзе вытворчасць па разлiве мёду магутнасцю 300 тон у год.
— Гэтыя прадпрыемствы даюць нам перш за ўсё магчымасць развiваць сваю эканомiку i ствараць новыя рабочыя месцы, — кажа старшыня Слаўгарадскага райсавета Святлана Язерская. — Дзякуючы iх iнвестыцыям маленькiя гарады атрымлiваюць шанц на новае жыццё.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/zyamli-nadzeynaya-apora
[4] https://zviazda.by/be/tags/malyya-garady
[5] https://zviazda.by/be/tags/ukaz-no235