Змены замацуюцца асобным Указам Прэзідэнта або навацыямі ў пэўныя законы.
Нарада, на якой разглядаліся праблемы гаражных кааператываў, выкарыстання індывідуальных гаражоў і варыянты заканадаўчага вырашэння пытанняў у гэтай сферы, прайшло ў рэжыме відэаканферэнцыі з удзелам дэпутатаў ніжняй палаты парламенту, прадстаўнікоў міністэрстваў і абласных выканкамаў.
Сярод навацый, якія плануюць унесці, — зацвярджэнне тыповай формы статута гаражнага кааператыва, што спросціць яго стварэнне і дзейнасць, будзе стымуляваць членства ў кааператывах, узмацніць абарону правоў уладальнікаў гаражоў. Прапануецца замацаваць тэрміны ўнясення членскіх узносаў удзельнікамі кааператываў. Важныя праблемы, якая патрабуюць прававога вырашэння, — ажыццяўленне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў гаражных масівах і вызначэнне ўладальнікаў безгаспадарных гаражоў.
«Канстатуем, што выкарыстанне месцаў стаянкі прыватных транспартных сродкаў, гаражоў або месцаў у стаяначных кааператывах з цягам часу кардынальна змянілася. Калі ў савецкія часы гаражы выкарыстоўваліся як месцы не толькі стаянкі, але і месцы для самастойнага рамонту ўладальнікамі сваіх аўтамабіляў, то зараз выкарыстанне гаражоў для самастойнага рамонту памяншаецца», — сказаў начальнік юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства эканомікі Уладзімір Хлабардоў.
Як паказвае практыка, многія прававыя нормы ў адносінах да гаражных кааператываў састарэлі і не рэгулююць шэраг складанасцяў у сферы, таму для выпрацоўкі рашэнняў будзе створана міжведамасная група. Асаблівую ўвагу яна надасць спыненню карыстання гаражамі, прызнанню іх безгаспадарнымі і закінутымі. Таксама сярод тэм, якімі зоймецца рабочая група, — карыстанне гаражом у кааператыве не яго членам, кіраванне ў гаражным кааператыве, правядзенне сходаў, выбранне, прызначэнне кіраўнікоў, бухгалтараў, выхад з гаражнага кааператыва, тэрміны будаўніцтва і дзяржрэгістрацыі гаража, выкарыстанне гаражоў у якасці майстэрні.
Намеснік спікера Палаты прадстаўнікоў Валерый Міцкевіч адзначыў, што тэма гаражных кааператываў паднятая з-за вялікай колькасці зваротаў да дэпутатаў па прычыне недасканаласці заканадаўства ў сферы.
«Час змяніўся, людзі ўсе менш карыстаюцца гаражамі па прызначэнні. Улічваючы, што асноўная іх маса будавалася даўно, сёння ўзнікаюць праблемы. Існуе праблема ўліку — уладальнікі змяніліся, хтосьці памёр, некаторым збудаванні перайшлі ў спадчыну. Таму кіраўнікі гаражных кааператываў часта не могуць знайсці дзеючых уладальнікаў гаражоў. А частка збудаванняў увогуле не выкарыстоўваецца па прызначэнні», — падкрэсліў Валерый Міцкевіч.
Ён дадаў, што неабходна стварыць механізмы кіравання гаражнымі кааператывамі для мясцовых органаў улады і ўдасканаліць працэдуру пераходу права ўласнасці на такія збудаванні.
Марыя ДАДАЛКА
Прэв’ю: gbu-tn.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/garazhy