25 кастрычніка ва Украіне прайшлі мясцовыя выбары — першыя пасля пачатку рэформы дэцэнтралізацыі ўлады ў краіне і перадачы большай колькасці паўнамоцтваў мясцовым органам самакіравання. Гэта галасаванне называлі «чацвёртым турам прэзідэнцкіх выбараў» — яго вынікі павінны паказаць, як змянілася стаўленне ўкраінцаў да партыі Уладзіміра Зяленскага «Слуга народа». Выбаршчыкі чакалі вынікаў вельмі доўга — падлік галасоў працягваўся некалькі тыдняў. Днямі стаў вядомы расклад сіл па Украіне. Як і прагназавалася, галоўным пераможцам на гэтых выбарах сталі мясцовыя партыі і партыі мэраў. Дэцэнтралізацыя ўмацавала пазіцыі рэгіяналаў. Цэнтрабежныя сілы ва Украіне імкліва набіраюць абароты, а «фрагментацыя» краіны ідзе імклівымі тэмпамі, заўважыў eadaіly.com мясцовы палітолаг Косць Бандарэнка. Чаму так адбываецца і да чаго можа прывесці?
Моладзь не пайшла
На выбарчыя ўчасткі прыйшло толькі каля 37 працэнтаў украінцаў, якія маюць права голасу, — амаль на 10 працэнтаў менш, чым на мясцовых выбарах 2015 года. Для параўнання: на леташніх прэзідэнцкіх выбарах прагаласавала каля 62 працэнтаў выбаршчыкаў. Зразумела, паўплываў шэраг аб'ектыўных фактараў. Мясцовыя выбары традыцыйна выклікаюць у выбаршчыкаў менш цікавасці, чым агульнанацыянальныя кампаніі, што характэрна не толькі для Украіны. Гэтым разам на яўку паўплывала і пандэмія каранавіруса. Украінскае заканадаўства не прадугледжвае датэрміновага або дыстанцыйнага галасавання, таму нямала выбаршчыкаў у дзень выбараў палічылі за лепшае застацца дома.
Яшчэ адна прычына нізкай яўкі, пра якую кажуць кіеўскія назіральнікі, у тым ліку адзін з самых аўтарытэтных сацыёлагаў Украіны Яўген Галаваха, — расчараванне выбаршчыкаў у цэнтральнай уладзе, у камандзе Зяленскага, паведаміла «Бі-бі-сі». Менавіта з гэтай прычыны, канстатавала група «Рэйтынг», якая праводзіла ў дзень выбараў маштабны экзітпол, большасць — 56 працэнтаў тых, хто прыйшоў на ўчасткі, — склалі людзі старэйшыя за 50 гадоў. Пры тым, што іх доля ў агульнай структуры электарату не перавышае 45 працэнтаў.
А вось украінцы ва ўзросце 18—29 гадоў, якія складаюць 18 працэнтаў ад агульнай колькасці выбаршчыкаў, выбары праігнаравалі: з гэтай узроставай групы прагаласавала ўсяго 11 працэнтаў тых, хто мае права голасу. Мацней за ўсіх ад нізкай яўкі, на думку экспертаў, пацярпелі партыі, якія рабілі ў сваёй кампаніі ўпор менавіта на маладых выбаршчыкаў, — «Слуга народа», «Партыя Шарыя» і «Голас».
Магія больш не працуе
Спікеры прэзідэнцкай партыі «Слуга народа» яшчэ перад выбарамі сцвярджалі: паколькі ў палітсілы да гэтага моманту сваіх дэпутатаў у мясцовых саветах не было зусім, поспехам будзе лічыцца любы вынік кампаніі. Пасля выбараў фармальны кіраўнік партыі Аляксандр Карніенка назваў вынік «Слугі народа» вялікім поспехам, бо менавіта яна атрымала найбольшую колькасць мандатаў дэпутатаў раённых і абласных саветаў.
Але ёсць і іншыя меркаванні. Як заўважылі эксперты, параўнанне цяперашніх поспехаў «Слугі народа» з вынікамі леташніх парламенцкіх выбараў павінна стаць для партыі Зяленскага халодным душам. Летась у партыйнай часткі выбараў у Вярхоўную Раду яна паказала першы вынік ва ўсіх абласцях Украіны, акрамя Данецкай, Луганскай і Львоўскай. Цяпер монабольшасці няма нідзе.
Як вобразна заўважыла «Бі-бі-сі», цяперашняя кампанія паказала, што магія брэнда «Зяленскі» ва ўкраінскай палітыцы перастае працаваць. Летась сам факт вылучэння ад «Слугі народа» дазваляў выйграць выбары вясельным фатографам, беспрацоўным або акцёрам комік-трупы Зяленскага. Сёлета — кандыдатам ад прэзідэнцкай партыі не ўдалося выйграць ніводных выбараў мэра абласнога цэнтра, а тых з іх, хто выйшаў у другі тур выбараў, можна пералічыць па пальцах.
Добра ілюструе працэсы, якія адбываюцца ў партыі Зяленскага, выбарчая кампанія ў Кіеве. Летась кандыдаты ад «Слугі народа» выйгралі выбары ва ўсіх 13 мажарытарных акругах сталіцы. Сёння прэзідэнцкая партыя набірае тут усяго толькі каля 10 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў. Яшчэ горшы аказаўся вынік кандыдата ў мэры Кіева ад «Слугі народа» Ірыны Верашчук, якую падтрымаў асабіста Зяленскі. Кандыдат правяла вельмі актыўную і, як відаць, дарагую кампанію, але паказала ўсяго толькі пяты вынік і публічна абвінаваціла ў правале прэзідэнцкай партыі на выбарах кіраўніка яе сталічнай арганізацыі Мікалая Цішчанку.
Усход і захад
Кастрычніцкае галасаванне ператварыла прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў «кульгавую качку» — ад яго пачалі публічна дыстанцыявацца нават учарашнія паплечнікі, заўважыў expert.ru. Вынікі мясцовых выбараў ва Украіне азначаюць зніжэнне легітымнасці ўлады, народ ёй не давярае, заявіў у інтэрв'ю «Украінскай праўдзе» экс-кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Богдан. Паводле яго слоў, катастрофы не адбылося, але ёсць разуменне, што той курс, які выбралі, няправільны. Гэта асабісты правал прэзідэнта Украіны, які няправільна пабудаваў сістэму каардынат выбарчага штаба, лічыць экс-кіраўнік Офіса прэзідэнта. «Ведаеш, выбары — гэта філасофія, а не матэматыка. Гэта адчуванне нічым нельга падлічыць, нельга завесці ў матэматычную формулу. Гэта нешта такое, чаму людзі ідуць ці не ідуць галасаваць. Можна выдаткаваць мільёны і мільёны, можна мець адміністрацыйны рэсурс і ўсё прайграць. А можна не мець нічога, не мець тысяч людзей, не мець мільёнаў долараў і выйграць», — растлумачыў Богдан.
«Слуга народа» мае трэнд да дэградацыі сваёй сацыяльна-палітычнай падтрымкі і на вачах губляе перспектывы. Падобная сітуацыя ўзмацняе крызіс унутры монабольшасці ў парламенце, урадзе і ў акружэнні прэзідэнта. Многія цяперашнія члены гэтай каманды пачынаюць разумець, што ў будучыні ім гэтая платформа не абяцае нічога добрага», — лічыць кіраўнік Украінскага інстытута аналізу і менеджменту палітыкі Руслан Бортнік.
Правалам «Слугі народа» скарысталіся апаненты партыі Зяленскага з абодвух палітычных флангаў — партыя «Еўрапейская салідарнасць» (ЕС) Пятра Парашэнкі і «Апазіцыйная платформа — За жыццё» (АПЗЖ). ЕС, якая паказала нядрэнныя вынікі ў Заходняй Украіне і перамагла ў стратэгічна важных Кіеве і Кіеўскай вобласці, заявіла, што яна стала адзінай партыяй, якая атрымала па выніках выбараў прадстаўніцтва ва ўсіх абласных саветах краіны. Па факце партыя Парашэнкі аслупавала за сабой месца лідара на празаходнім флангу ўкраінскай палітычнай сцэны. Пераможцам выбараў назвала сябе і АПЗЖ. Цяперашнія выбары зафіксавалі яе статус «партыі нумар адзін» на поўдні краіны.
Праціўнікі прэзідэнта Зяленскага сцвярджаюць: час папулізму ў духу «і нашым, і вашым», «за ўсё добрае, супраць усяго дрэннага» прайшоў, ад кіраўніка дзяржавы і яго партыі выбаршчыкі чакаюць большай пэўнасці ў прынцыповых пытаннях унутранай і знешняй палітыкі Украіны. А вось паліттэхнолаг Міхаіл Падаляк, які працуе ў Офісе прэзідэнта, наадварот, упэўнены, што на гэтых выбарах «наўмысна быў «забіты» ўмераны выбаршчык — на першыя ролі зноў выйшлі радыкалы з абодвух бакоў, і Украіна вярнулася да традыцыйнага спаборніцтва ўсходу з захадам.
25 «княстваў»
Ні нізкая яўка, ні дрэнны вынік «Слугі народа» не сталі нечаканасцю — гэта прагназавалася, заўважыў eadaіly.com палітолаг Косць Бандарэнка. «Выбары паказалі, што краіна стала занадта фрагментаванай. Сітуацыя змянілася ў параўнанні з мінулымі выбарамі — кіеўская ўлада сутыкнецца з наяўнасцю 25 «удзельных княстваў», якія будуць дыктаваць Кіеву свае ўмовы і з якімі трэба будзе шукаць агульную мову. Гэта — галоўны вынік мясцовых выбараў», — адзначыў эксперт.
Менавіта рэгіянальным элітам удалося сабраць каля 40 працэнтаў галасоў па ўсёй краіне. Па словах кіраўніка Украінскага інстытута аналізу і менеджменту палітыкі Руслана Бортніка, мясцовыя партыі ўзялі на сябе ролю палітычнага цэнтра ў рэгіёнах. Сітуацыя ў многім нагадвае вынікі выбарчай кампаніі 2015 года, калі рэгіянальныя партыі таксама сталі фаварытамі сярод жыхароў Украіны. Па сутнасці, бягучая кампанія толькі ўзмацніла гэты трэнд і ўмацавала іх пазіцыі.
У той жа час цэнтр улады зрушыўся за кошт рэформы, якая дае ў рэгіёнах магчымасць вырашаць праблемы сацыяльнай сферы на месцах. «У Кіеве не ўлічылі, што разам з гэтым, па факце, яны перадалі рэгіёнам уласна саму ўладу. Гэта значыць незаўважна адбыўся палітычны перакос, калі рэгіянальныя ўлады сталі нашмат папулярнейшыя за ўсеўкраінскія палітычныя праекты. Рэальная сувязь паміж грамадствам і ўладай сканцэнтравалася на мясцовым узроўні, на гэтым фоне дзейнасць прэзідэнта або ўрада часцяком выглядае дзіўнай і небяспечнай для насельніцтва», — заўважыў gazeta.ru Руслан Бортнік.
У шэрагу выпадкаў рэгіянальныя эліты багацейшыя, яны больш уплывовыя і папулярныя, але сур'ёзна абмежаваныя ў свае правах, лічыць эксперт. З-за гэтага Украіна знаходзіцца на своеасаблівым скрыжаванні, і ёсць некалькі варыянтаў развіцця сітуацыі. «З аднаго боку, на месцы неабходна перадаваць яшчэ больш адміністрацыйных і фінансавых правоў, узмацняць рэальную незалежнасць для рэгіянальных элітаў — хоць бы на тым узроўні, які дэ-факта прысутнічае на цяперашні момант. Гэта неабходна для захавання стабільнасці, здаровых адносін паміж цэнтрам і рэгіёнамі. З іншага боку, можна не заўважаць гэты працэс, але тады будзе адбывацца ціхая феадалізацыя. Гэта значыць на пні будуць скупляцца сілавыя структуры, прадстаўніцтва органаў выканаўчай улады», — папярэдзіў Руслан Бортнік. Апошні варыянт прывядзе да таго, што рэгіянальныя эліты нефармальна атрымаюць велізарную ўладу, не маючы на гэта ніякіх паўнамоцтваў, а гэта тоіць у сабе бясконцыя канфлікты паміж цэнтрам і рэгіёнамі.
Баланс не адпавядае настроям
Мясцовыя выбары ўзнялі яшчэ адно пытанне: ці пойдзе Украіна на датэрміновыя парламенцкія выбары з улікам нізкіх вынікаў кіруючай партыі? Сапернікі «Слугі народа» ўжо неаднойчы заклікалі да перавыбараў, у прыватнасці, кіраўнік палітсавета АПЗЖ Віктар Медвядчук патрабаваў ад Зяленскага распусціць Раду. «Калі вы лічыце сябе ўсенародным прэзідэнтам, і калі вы сапраўды хочаце адстойваць інтарэсы ўсяго ўкраінскага народа, вам, паважаны спадар прэзідэнт, трэба прыняць рашэнне аб роспуску парламента і абвяшчэнні датэрміновых выбараў», — заявіў палітык. Прыкметай палітычнага крызісу і адсутнасці даверу народа да ўлады Медвядчук лічыць якраз няўдалыя для «Слугі народа» вынікі выбараў у мясцовыя органы ўлады. Ён таксама падкрэсліваў, што амаль палова ўкраінцаў падтрымліваюць ідэю аб роспуску парламента.
На думку Руслана Бортніка, мясцовыя выбары сапраўды на крок наблізілі парламенцкія выбары ў сілу таго, што цяперашні баланс не адпавядае сітуацыі ў Вярхоўнай Радзе. «Няма ўжо ў «Слугі народа» маральнага права мець монабольшасць у парламенце. Апазіцыйныя партыі сур'ёзна ўзмацніліся. Верагодна, у хуткім часе сацыялагічныя апытанні зафіксуюць страту лідарства кіруючай партыі ў палітычным полі Украіны. Акрамя таго, з'явіліся непарламенцкія партыі, якія патэнцыйна маюць добры рэйтынг», — адзначыў эксперт. Гэта значыць баланс сіл у Радзе не адпавядае грамадскім настроям, таму ціск на гэтую сістэму паступова ўзрастае, рэзюмаваў Бортнік. На думку эксперта, правядзенне датэрміновых выбараў у парламент ужо ў 2021 годзе выключаць нельга — пакуль іх верагоднасць можна ацаніць у 30 працэнтаў. Аднак гэты расклад можа імкліва змяніцца.
Пётр ДУНЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/tags/ukraina