Ад яго не выслізне ні адна дэталь, ён адшукае падрабязнасці і дакапаецца да сутнасці, а яшчэ ліквідуе недахопы і прывядзе ў належны стан святую святых — кнігу. Пад яго пільным позіркам — мільёны літар, шрыфтоў і пазнак. Гродзенскі калекцыянер, краязнаўца і журналіст Аляксандр Сявенка лёгка перамяшчаецца на стагоддзі ў мінулае, дакранаецца да старажытнасці і так узбагачае сучаснасць. Акурат як казаў Канфуцый: той, хто, звяртаючыся да старога, здольны адкрываць новае, варты быць настаўнікам. Нядзіўна, што да Аляксандра Сявенкі звяртаюцца па кансультацыю як да эксперта: апантаны кнігай, ён ведае яе дасканала. А пачыналася ўсё з дзяцінства, як адзначыў Аляксандр Сявенка ў нашай гутарцы:
— Кнігі збіраю з чатырох гадоў. Калі бацькі вучыліся, аддавалі мяне бабулі. Аднойчы ехалі цыганы. Яны часта штосьці скуплялі, і на іх павозцы меўся розны тавар. Спыніліся каля нашага дома, спыталі, ці патрэбна што. Я ўбачыў старыя кніжкі і папрасіў бабулю купіць. Яна выменяла. І вось дзве першыя кнігі — Шаўчэнкі і Пушкіна — да мяне трапілі ў 4 гады. Я ўжо ўмеў чытаць. Калі вучыўся ў школе, выменьваў у аднакласнікаў. Збіралі кнігі мае бацькі — была неблагая бібліятэка асобнікаў у 300. Потым у чатырохпакаёвай кватэры ўсе сцены былі застаўлены кнігамі, і гэта яшчэ пакуль я вучыўся ў школе. А цяпер у мяне спецыяльны дом пад кнігі. Іх каля 5000 — старадаўніх кніг і перыядычных выданняў.
— Прадметы мінулага — ключы да будучыні... Шмат адкрыццяў?
— Выданні, якія да мяне трапляюць, даследую, некаторыя рамантую, але гэта патрабуе шмат часу. Вось Зборнік шатландскай тэалогіі 1706 г. Першая старонка парвана, але я знайшоў у інтэрнэце, узнавіў. Штосьці апрацаваў спецыяльным растворам, каб выратаваць скуру. Аднавіў куткі і нават пазалоту. Гэта для віленскага выдання філасофіі рэлігіі каралеўскай друкарні і друкарні ордэна піяраў 1789 года на французскай мове (пераклад на польскую). Кожную старонку дзесьці падклеіў, дзесьці адгладзіў, абрэзаў.
У дзённіку для капланаў-спаведнікаў XVIII ст. знайшоў устаўку 1789 года — фрагмент справаздачы з сесіі сейма. Эпоха Рэчы Паспалітай да 1795 года. Ёсць надпіс «Каралю Панятоўскаму». Мяркую, гэта выступленне аднаго з дэпутатаў.
А іншым разам бывае такое, што вокладка адной кнігі выкарыстоўвалася для іншай. Пачынаю рэстаўраваць і — дзіўнае адкрыццё: больш позняя польская кніга абгорнута ў больш старую яўрэйскую.
— Як у анекдоце: «Дай мне надзець твой касцюм» — «Навошта?» — «Я не ўмею плаваць. А калі на мне будзе твой касцюм, то ў выпадку караблекрушэння ты абавязкова кінешся ратаваць мяне».
— І сапраўды. Такую «штуку» выкарыстоўвалі пералётчыкі: раней пераплёты ў асноўным рабілі ў майстэрнях, а кнігі прадаваліся без пераплётаў, і кожны чалавек па сваім дастатку заказваў ці не заказваў пераплёт.
Яшчэ я збіраю старыя фатаграфіі. І вось што заўважыў. Падлеткі, каб паказаць сябе сур’ёзнымі і больш дарослымі, бралі для кадра ў рукі кнігу. Такім чынам, кніга была своеасаблівым паказчыкам, што чалавек сталы. Дзеля гэтага з кнігай і фатаграфаваліся. На жаль, усё змяняецца... А крызіс кнігі пачаўся, як ні дзіўна, яшчэ ў Савецкім Саюзе. Хоць народ лічыўся самым чытаючым, але некаторыя толькі рабілі выгляд. Куплялі ў кватэру сценку, а паліцы застаўлялі кніжкамі па колеры вокладак. Іншыя ж тым часам шукалі кнігі, хадзілі ў бібліятэку... А хтосьці купляў, але кнігі стаялі мёртвым грузам. Такая з’ява прысутнічала ўжо ў 1980-х гадах. Цяпер нашчадкі гэтых людзей лёгка расстаюцца з такім «багаццем». Бацькі памерлі — кнігі здалі на макулатуру ці выкінулі. У сучасных кватэрах нячаста можна пабачыць кнігі.
— Але дом без кнігі — як цела без душы…
— Раней, напрыклад, я прыходзіў у госці да каго-небудзь і цікавіўся, якія ёсць кнігі, — гэта магло шмат расказаць пра чалавека, — і заўсёды знаходзіў для сябе штосьці цікавае. А цяпер, бывае, кніг няма ўвогуле. У сучасных кватэрах не заўсёды знаходзіцца для іх месца. Людзі кажуць, што чытаюць у інтэрнэце і г. д. Але я лічу, што гэта нібы сучасны шырспажыў, бо «элітны» чытач знойдзе кнігу ў арыгінале, возьме ў рукі. Да таго ж сучасныя кнігі багата аформлены — іх прыемна трымаць, не кажучы пра тое, што зручней чытаць. У будучыні, мяркую, будуць кнігі ў інтэрнэце, адкрываць і чытаць іх прапануюць за грошы. Але кніга як такая не памрэ, яе не перастануць купляць, нават калі дорага. Кніга будзе захоўвацца, працягне сваё жыццё. Гэта як вінілавая пласцінка. Гук цяпер можна слухаць у інтэрнэце, на камп’ютары, але якасць не тая. Сапраўдныя знаўцы і сёння дорага плацяць, каб купіць вінтажныя прайгравальнікі, дарагія іглы... Слухаюць вінтажныя пласцінкі, аддаючы за іх вялікія грошы, бо там зусім іншы гук, які ацэняць сапраўдныя аўдыяфілы. Таксама і з кнігай. Бібліяфілы будуць купляць кнігі, зберагаць, перадаваць па спадчыне. Гэта стане багаццем, а стаўленне — такое, як было ў нашых продкаў. Я ў гэта веру.
— Так, дарэчы, лічыў і амерыканскі пісьменнікфантаст Айзек Азімаў. Ён сцвярджаў, што кнігу нічога не заменіць у будучыні, як нічога не змагло замяніць яе ў мінулым.
— Раней да кнігі ставіліся як да багацця. У сям’і магло не быць матэрыяльных каштоўнасцей, а кнігі зберагалі. Часам гэта было іх адзінае багацце. Народ імкнуўся да ведаў, да вучобы. І дзякуючы гэтаму кнігі дажылі да нашага часу.
У маёй мясцовасці імкнуліся выбіцца ў людзі, атрымаць адукацыю. У некаторых сем’ях многа пакаленняў настаўнікаў. Сярод маіх родных таксама былі настаўнікі — яшчэ да рэвалюцыі, напрыклад, настаўнік царкоўнапрыходскай школы. Адзін з маіх продкаў закончыў Гродзенскую мужчынскую гімназію яшчэ ў 1850—60-я гады і быў чыноўнікам, прытым што нарадзіўся прыгонным селянінам.
— Вы, відаць, даследавалі свой радавод?
— Прозвішча Сявенка ўпершыню з’явілася ў дакументах у 1680 годзе. Размова ішла пра Аляксея Сявенку, які нарадзіўся ў 1630-м. Прозвішча сялянскае. Раней у нас на Гродзеншчыне былі бедныя пясчаныя глебы, і каб выжыць, дадаткова да сельскай гаспадаркі трэба было мець якое-небудь рамяство. У мясцовасці, адкуль родам мой бацька, самае старое прозвішча Сявенка — гэта той, хто рабіў сявенкі — прылады для сяўбы. Якуб Колас пісаў у адным са сваіх твораў, што дзядзька Антось назбіраў поўную сявенку грыбоў. Такім чынам, той, хто рабіў сявенкі, і атрымаў такое прозвішча. А мая бабуля па бацьку, напрыклад, Дашкевіч. Адкуль? Спачатку прозвішча гучала Дзяжкевіч. Продак — дзеж, рабіў дзяжы. Такім чынам, людзі, акрамя таго, што апрацоўвалі зямлю, мелі дадатковае рамяство, каб пракарміць сям’ю. Цяпер на Гродзеншчыне глеба палепшылася, бо яе сотні гадоў апрацоўвалі. Сёння тут адзін з самых вялікіх ураджаяў у краіне: да 100 ц атрымліваюць зерневых з гектара. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы сялянскай працы. Я заканчваў аспірантуру гістарычнага факультэта і ведаю, што археолагі, калі праводзяць у нас раскопкі ў сельскай мясцовасці, канстатуюць: людзі першапачаткова жылі на пяску. Капаюць слой 30—40 см — знаходзяць чарапкі, рэшткі ганчарных вырабаў, яны і ідуць у слоі пяску. На пясчаных глебах сеялі авёс, проса. Пясчаныя глебы яшчэ называлі аўсянымі. Каня трымаць мог не кожны: яго трэба было сур’ёзна карміць, і ў XVIII ст. ад коней адышлі. У асноўным усе аралі на валах. У сям’і ў сярэднім было па дзве пары валоў: адна адпачывала ці на ей араў сын, а на другой — бацька. Валы давалі шмат угнаення і за кошт гэтага глеба ўдасканальвалася (валоў і кароў зімой кармілі саломай, бо сена было раскошай і ішло для коней і цялят). Не было ніводнага вольнага кавалка зямлі: усё выкарыстоўвалася.
— Вы актыўна супрацоўнічаеце з Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Я. Ф. Карскага. Як перасякліся?
— Першапачаткова кантактаваў з Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеем, які быў у адным памяшканні з бібліятэкай. Неўзабаве паступіла прапанова ад дырэктара бібліятэкі Лідзіі Мальцавай. Першы раз выстаўляўся ў 2010 годзе ў асабістай бібліятэцы. Тады праводзілася канферэнцыя, прысвечаная творчасці Элізы Ажэшкі — да 100-годдзя з дня смерці. Было шмат гасцей, у тым ліку дырэктар кніжніцы ў Беластоку. Падчас канферэнцыі арганізавалі выстаўку, я прадставіў сваю калекцыю: прыжыццёвыя, пасмяротныя, больш познія выданні, разнастайныя паштоўкі з выявай Ажэшкі... Пазней прыйшоў да супрацоўніцтва з аддзелам мастацтва гродзенскай кніжніцы. Адначасова ўдзельнічаў у іншых выстаўках, якія ладзяцца бібліятэкай: да свята кнігі, перасоўныя выстаўкі, у гарадскім парку, у тэатры, на Дзень беларускага пісьменства ў Шчучыне, выязная выстаўка ў Мількаўшчыне, дзе нарадзілася Эліза Ажэшка. Супрацоўнічаю, дарэчы, з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі — бяруць мае асобнікі для алічбоўкі.
— Ці раскрыеце тайну, адкуль да вас паступаюць кнігі?
— Адусюль. Новыя кнігі прыбаўляюцца ў мяне пастаянна. Купляю ў інтэрнэце: на kufar.by, на ау.by, у прыватных асоб. Многія ведаюць, што я збіраю, вось і прапаноўваюць купіць або памяняцца. Колькі грошай мне б ні далі, усе б на гэта патраціў! У мяне ёсць цэлая чарга, у каго купіць. Мае кнігі цікавяць многіх, але сам нічога не прадаю — толькі купляю. З-за мяжы асобнікаў у мяне няма — цікаўлюся менавіта гродзенскімі выданнямі. Кніга жыве ў двух сусветах: як рэч, як помнік эпохі, мастацтва, кнігадрукавання свайго часу і як духоўны сімвал. Кнігі памятаюць сваіх уладальнікаў. Узнаўляю гісторыю кніг, даследую, каму належалі. Удача, калі да мяне трапляюць кнігі з бібліятэк выдатных асоб. Як, напрыклад, кнігі з бібліятэк рэктараў гродзенскіх універсітэтаў, у прыватнасці аднаго з першых рэктараў Маркоўскага. Ёсць кнігі з аўтографам Васіля Быкава, Алеся Карпюка. Каштоўны асобнік прафесара Крэня, графаў Касакоўскіх, Хадкевічаў, Дзяконскіх, Марыі Гажэч; з бібліятэкі лейб-гвардыі Ізмайлаўскага палка, гродзенскага 101-га пяхотнага пермскага палка, рускага дабрачыннага аб’яднання ў Гродне, з бібліятэкі Ваўкавыскага сельскагаспадарчага аб’яднання Гродзенскай губерні.
Калі яшчэ не было інтэрнэту, там, дзе я бываў па рабоце, у вёсках, размаўляў з жыхарамі, прасіў, калі ў каго што ёсць, каб мне набыць. Самыя каштоўныя кнігі мне абышліся нядорага — дзякуючы кіпучай дзейнасці, цікавасці. Некаторыя ўвогуле бясплатна. Большасць кніг збераглася на гарышчах, на хутарах — там быў недахоп зносін, таму выпісвалі часопісы і газеты. Так я набыў часопіс «Closy» 1870-х. У тыя часы людзі ў сельскай мясцовасці выпісвалі шмат перыёдыкі. Такім чынам, штосьці мне падарылі, штосьці набыў. Я звычайны чалавек, у мяне няма шмат сродкаў. Усё дзякуючы актыўнасці і зносінам.
— Кніга настолькі глыбока ўвайшла ў ваша жыццё, што, пэўна, чытаць у арыгінале для вас — як дыхаць...
— Так, аддаю перавагу арыгіналу, першакрыніцы. Калі чытаеш старыя кнігі — пранікаешся духам таго часу і разумееш лепш. Патроху на кожнай мове разумею, а сур’ёзна — на польскай. Цікавыя для мяне і латынь, французская, нямецкая. Натуральна, чытаю і на англійскай. У мяне тры вышэйшыя адукацыі. Палітэхнічны інстытут, юрфак, Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь (25 гадоў прысвяціў службе ва Узброеных Сілах) і аспірантура гістарычнага факультэта. Кніга для мяне — захапленне. Чалавек павінен мець нейкае захапленне. Яно дае яму душэўную раўнавагу, магчымасць адпачыць, прывесці ў парадак думкі. Гэта і пастаянная крыніца ведаў, самаадукацыі. Я ўжо стаў спецыялістам у гэтай галіне. Мяне запрашаюць як кансультанта для ацэнкі выданняў, якія бяруць, напрыклад, у бібліятэку. Кніга — найважнейшае духоўнае багацце. Стаўленне да кнігі — адзін з галоўных паказчыкаў культуры народа. Я не толькі сам цікаўлюся кнігамі, але і прыцягваю іншых: каб кнігі цанілі, захоўвалі, фарміравалі зборы, перадавалі нашчадкам, зберагалі, любілі.
Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura