Валянціна Рудакова і цяпер жыве ў Мышкавічах Кіраўскага раёна, у тым доме, дзе калісьці яна дзяліла дах разам са сваёй цёткай і яе легендарным мужам. Потым яны пабудавалі яшчэ адзін дом, больш прасторны і мураваны — па суседстве. Той самы, дзе цяпер вісіць памятная шыльда. Але там гаспадараць ужо зусім іншыя людзі. І цікавасць да былой маёмасці Арлоўскага іх нават раздражняе. Малады чалавек, які выйшаў высветліць, у чым справа, растлумачыў, што будынак купілі гадоў 18 таму і ўсё ўнутры перарабілі. А хутка паставяць яшчэ і вялікую агароджу — маюць права, прыватная ўласнасць. Цікава, а шыльда застанецца?
Жывая легенда
Пра адважнага разведчыка, які потым стаў славутым на увесь Савецкі Саюз старшынёй калгаса, сказана і напісана шмат. Менавіта ён з'яўляецца прататыпам Ягора Трубнікава — галоўнага героя фільма «Старшыня», якога сыграў таленавіты акцёр Міхаіл Ульянаў. Стужка пра франтавіка-інваліда, які пасля ваеннай разрухі аднаўляе калгаснае жыццё ў савецкай вёсцы, уразіла многіх, фільм атрымаў Ленінскую прэмію. Кажуць, акцёр не адразу ўвайшоў у вобраз. Толькі калі ўбачыў у часопісе «Огонёк» фота Кірылы Арлоўскага і прачытаў пра яго, усё атрымалася. Кірыла Пракопавіч наогул натхняў сваім жыццёвым стрыжнем многіх. Той жа Юрый Нагібін, калі ствараў сцэнарый да фільма «Старшыня», таксама спісваў вобраз з Арлоўскага. Адважны разведчык стаў і героем рамана Эрнэста Хемінгуэя «Па кім звоніць звон». У 1937 годзе ён быў у нелегальнай камандзіроўцы ў Іспаніі ў якасці камандзіра дыверсантаў. Яго група выконвала самыя складаныя аперацыі, а камандзір лічыўся чалавекам выключнай адвагі. Там жа, у Іспаніі, ён тыдзень жыў у мадрыдскай гасцініцы, дзе і пазнаёміўся з Хемінгуэем. З кастрычніка 1942-га да жніўня 1943-га Кірыла Арлоўскі паспяхова кіраваў буйным партызанскім атрадам «Сокалы», які дзейнічаў на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці. У лютым 1943-га атрад пад яго камандаваннем здзейсніў напад на канвой Генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Але Кубэ сярод немцаў не аказалася. І хоць з атрада Арлоўскага ніхто не загінуў, сам ён быў цяжка паранены — у руках разарвалася звязка толу. Прыйшлося ў палявых умовах ампутаваць правую руку і чатыры пальцы на левай. Рэзалі пілой па жывым, замест анестэзіі даўшы шклянку самагону. Узрывам камандзіру моцна пашкодзіла яшчэ і слыхавы нерв. Да баявой службы Арлоўскі быў ужо непрыгодны, і ў жніўні 1943-га яго адклікалі ў Маскву.
Цётка забрала на выхаванне
Валянціна Рудакова перажыла ўсе няшчасці ваеннага ліхалецця: голад, холад, страту любімай маці. Тая памерла ў самым пачатку вайны, пакінуўшы чацвярых дзяцей на бацьку. Пасляваенны перыяд быў вельмі цяжкі. Дом у Цейкавічах, дзе да вайны жыла сям'я, згарэў. Жылі дзе прыйдзецца. Неўзабаве бацька памёр, і 16-гадовую Валянціну забрала да сябе цётка Таццяна, жонка Арлоўскага.
— Так я стала прыёмнай дачкой Кірылы Арлоўскага, — усміхаецца Валянціна Кірылаўна. — Цётка гандлявала, у Бабруйску быў кіёск ад калгаса, і ёй прыходзілася ездзіць туды. Я ж была памочніцай. Дапамагала Кірылу Пракопавічу апранацца, давала паесці. Ён вельмі рана ўставаў і адпраўляўся правяраць, як там на фермах. У абед прыходзіў, снедаў і каля гадзіны адпачываў. Потым зноў адпраўляўся па калгасных справах. Арлоўскі клапаціўся пра мяне як пра родную. І адзявалі мяне як каралеву. Сукенкі былі нават з пан-аксаміту — з Масквы. Я ў іх жыла да таго часу, пакуль замуж не выйшла. Вяселле гулялі ў гэтым жа доме. Цётка з Арлоўскім пабудавалі сабе другі дом, што па суседстве. А гэты перааформілі на мяне, я яшчэ сімвалічную плату за яго ўносіла, такі быў парадак.
Пра маскоўскую сям'ю Кірылы Пракопавіча ў Мышкавічах усе добра ведалі. Некалькі разоў у вёску прыязджалі дзве яго дачкі. І нават першая жонка Наталля.
— Цётка Таццяна сказала ёй, што, калі тая захоча пераехаць да яго, то яна сыдзе, — успамінае Валянціна Кірылаўна. — Але масквічка адказала, што тут яна жыць не стане. Больш яна ў Мышкавічы не прыязджала. Адносіны цёткі і Кірылы Пракопавіча склаліся самі сабой. Спачатку ён здымаў у яе куток, а аднойчы прыйшоў, узяў за руку і — у чым яна была — павёў у загс. Без усякіх рамантычных прызнанняў і кветак. Кірыла Пракопавіч наогул быў чалавек рашучы.
На прыём у крамлёўскую бальніцу
Арлоўскі хоць не быў сентыментальны, але Валянціна заўсёды адчувала на сабе яго клопат.
— Калгас вельмі актыўна развіваўся, — успамінае жанчына. — Па загадзе Сталіна нам прыслалі цялят аж з Кастрамы. А я працавала на ферме цялятніцай. Так перажывала за сваю работу, што ў 25 гадоў у мяне нечакана забалела сэрца. 35 маленькіх цялятак былі на маёй адказнасці. Паіла іх з соскі, потым вучыла з вядра піць. Працавала нават у выхадныя. Вось сэрца і падкачала. Было так, што сядзіш, нічога не робіш, а яно як заб'ецца, аж з грудзей выскоквае. Арлоўскі мяне і ў Бабруйск вазіў, і ў Мінск — у лячэбную камісіі. Усюды ставілі парок сэрца і нічым дапамагчы не маглі. І тады Арлоўскі павёз мяне ў Маскву ў крамлёўскую бальніцу. Там мяне цалкам абследавалі і выявілі, што ў мяне не парок, а неўроз сэрца. Выпісалі лекі і адправілі дадому. Як прапіла ўсе тыя таблеткі, пракалола ўколы і жыву па сённяшні дзень — ніякіх праблем з сэрцам. 13 лістапада 90 гадоў адзначыла!
Кірыла Пракопавіч наогул вельмі ўважлівы быў. Пасля таго, як я сэрца сваё падлячыла, ездзіла з ім і з цёткай у санаторый на Каўказ. Адпачывалі 23 дні. Там табе і ванны, і мінеральная вада, і паветра крыштальнае.
Памёр Арлоўскі ў 1968 годзе ад раку страўніка. А пачалося ўсё з таго, што аднойчы, калі ён паказваў чарговаму высокаму начальству ферму, аднекуль выскачыў бык і моцна ўдарыў яго пад грудзі.
— Кірыла Пракопавіч упаў у каляіну ад трактара, яго гэта тады выратавала ад немінучай гібелі, — кажа Валянціна Кірылаўна. — Але пасля развілася цяжкая хвароба. Ён яшчэ некалькі гадоў пражыў пасля гэтага. Сканаў за сталом, не дажыўшы некалькі дзён да свайго дня нараджэння.
На пахаванне з Мінска прыехала шмат розных чыноў. У тым ліку і Пётр Машэраў. Ён вельмі перажываў смерць свайго сябра, да якога неаднойчы прыязджаў пры жыцці.
— Наогул Кірыла Пракопавіч быў вельмі паважаны чалавек, — кажа Валянціна Рудакова. — Мог наўпрост звярнуцца да Сталіна. Пісаў яму, прасіў грошы на будаўніцтва і ўзводзіў канюшні, фермы, дамы. Арлоўскі сваё слова стрымаў, яго калгас стаў мільянерам і грымеў на ўвесь Савецкі Саюз.
А вось на памяць аб Арлоўскім у жанчыны нічога не засталося. Калі не лічыць цётчынай іконы, што стаіць у чырвоным куце. Старшыня хоць і не быў набожны чалавек, але ікону не чапаў.
З дзяцінства марыў пра яблыневы сад
У аграгарадку Мышкавічы шмат што напамінае пра славутага ўраджэнца. Наогул і сама вёска, дзякуючы намаганням валявога старшыні, пераўтварылася ў прыгожы, я нават сказала б — гарадскога тыпу населены пункт. Уздоўж вуліцы, якая носіць яго імя, стаяць двухпавярховікі, пабудаваныя яшчэ пры яго жыцці. На жаль, дабудаваць Дом культуры, які і сёння ўражвае сваімі памерамі, у Арлоўскага не атрымалася. Хоць гэта была менавіта яго ініцыятыва. Там усё па вышэйшым разрадзе — люстэркавая зала для заняткаў гімнастыкай, спартыўная зала са шклянымі сценамі, зімовы сад. У садзе нават фінікі з бананамі пладаносяць. Праўда, плады не выспяваюць. Вось і зараз на бананавым дрэве вісіць звязка зялёных бананаў, якія, кажуць, так і засохнуць, не набраўшы сіл.
Ёсць у Доме культуры і музей, дзе можна азнаёміцца з дзейнасцю выдатнага старшыні і гісторыяй вёскі. На сцяне вісіць фота 1944 года, калі Арлоўскі толькі прыехаў у Мышкавічы. Побач — яшчэ некалькі, дзе людзі галасуюць за старшыню. Погляд падае на зусім невялічкі чамадан.
— Кажуць, што з ім ён прыехаў падымаць калгас, — усміхаецца загадчыца Дома культуры. — Але дакладна невядома, прамых пацвярджэнняў няма.
Тут нават можна параўнаць, што было да таго, як у вёску прыехаў Арлоўскі, і што стала пасля. Мышкавічы павялічыліся амаль удвая, захапіўшы яшчэ тэрыторыю прылеглай Папоўшчыны.
Не менш цікавы музей у мясцовай школе. Тут наогул вельмі шмат рарытэтных рэчаў, якія калісьці належалі Арлоўскаму. Мяркуючы па тым паліто, што захавалася, ён быў мужчына сярэдняй камплекцыі, а вось туфлі насіў 37-га памеру. На сцяне вісіць фота, дзе Таццяна Васілеўна налівае Кірылу Пракопавічу гарбату. На заднім плане бачны сервант, на якім стаіць падобны на царскі гадзіннік. Гэтыя гадзіннік і кубачак з фота можна памацаць рукамі, бо яны таксама захоўваюцца ў школьным музеі.
— Большасць музейных рэчаў — гэта падарункі Кірылу Пракопавічу, — кажа настаўніца гісторыі Наталля Шчэрбіч. — Вось ваза, якую яму на 70-годдзе перадаў Магілёўскі аблвыканкам. Кнігі з яго дома. Вось гэтая наогул у адзінкавым экзэмпляры — называецца «Які можа быць калгас». Ён яе сам напісаў. Кніга была выдадзеная ў 1955 годзе і больш не перавыдавалася. Яшчэ адна вельмі рэдкая кніга належыць аўтару Якаву Цветаву — ён яе цалкам прысвяціў нашаму старшыні. Вось, паглядзіце, яго дароўны подпіс. А вось гэты камбайн з тэлевізарам таксама падарунак. Зараз ад яго толькі прыёмнік працуе.
Вельмі даражаць тут альбомам, у які ўклеены лісты і паштоўкі да Кірылы Пракопавіча. А пісалі яму з усяго Савецкага Саюза. Прасілі дапамогі, парады, проста віншавалі і дзякавалі.
— Наш Кірыла Пракопавіч быў чалавекам з вялікім сэрцам, — кажа Наталля Аляксандраўна. — У сям'і ён быў 11-м дзіцем. Бацька выхоўваў у яго любоў да працы. І хлопчык з дзяцінства збіраў кішэнныя грошы, каб пасадзіць яблыневы сад каля дома. А атрымалася не толькі сад пасадзіць, а калгас саюзнага значэння зрабіць. Для нашых дзяцей вельмі вялікі гонар, што яны нарадзіліся там, дзе жыў і працаваў Кірыла Арлоўскі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/svitanak