15 лістапада памёр вядомы ў Беларусі і за яе межамі дыпламат (адзін час ён быў паслом Рэспублікі Беларусь у Вялікабрытаніі і па сумяшчальніцтву ў Ірландыі), мастацтвазнаўца, перакладчык Уладзімір ШЧАСНЫ, чалавек, які прыклаў неймаверна шмат намаганняў для прадстаўлення ў нашай Айчыне яе славутых і дагэтуль малавядомых ураджэнцаў — мастакоў Парыжскай школы.
Кніга Уладзіміра Шчаснага «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» стала падзеяй, шырока разышлася сярод спецыялістаў у галіне выяўленчага мастацтва, калекцыянераў, культуролагаў, усіх, хто нераўнадушны да беларускай гісторыі. На працягу многіх гадоў, да 2013-га года, спадар Шчасны ўзначальваў Нацыянальную камісію Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЭСКА. Несумненна, і зараз гэтая кніга патрабуе перавыдання.
Дарэчы, цікаўнасць да беларускага мастацкага слова ва ўраджэнца Смаргоні, гарадка, багатага на культурныя і асветніцкія памяткі, нарадзілася яшчэ ў маладыя гады. Авалодаўшы ў час вучобы такой экзатычнай, як па ранейшым часе, мовай, як урду, Уладзімір Шчасны перакладаў прозу пісьменнікаў Пакістана. Публікацыю некаторых перакладаў на беларускую мову здзейсніў літаратурна-мастацкі альманах «Далягляды».
Такіх асоб, як Уладзімір Шчасны з іх светлай зацікаўленасцю беларускай нацыянальнай культурай, іх неўтаймаванай энергіяй, скіраванай на дасягненне высокіх мэтаў, з іх разуменнем, што і Беларусь — краіна з багатым генетычным культурным кодам, заўжды не хапае. Шкадуючы пра сыход з жыцця адметнай і яркай асобы, заўсёды думаеш пра тое, што нехта ж павінен прыйсці следам…
Кастусь ЛЕШНІЦА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kastus-leshnica
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-shchasny