Мінскае выдавецтва “Мастацкая літаратура” прадаўжае выданне адмысловай кніжнай серыі — зборнікаў казак на кожны дзень “Дванаццаць месяцаў”
На паліцах кнігарняў і ў некаторых бібліятэках краіны цяпер запатрабаваны ранейшыя выпускі гэтай серыі. А нядаўні, вераснёўскі зборнік адкрываецца кітайскай народнай казкай “Нефрытавая чара і гліняны збан” — яе на беларускую мову пераклалі Алесь Карлюкевіч і Вераніка Карлюкевіч. Твор праілюстраваны малюнкамі маладой мастачкі Ганны Канстанцінаўны Крук.
Далей у вераснёўскім зборніку можна пачытаць беларускія ды рускія народныя казкі, апрацаваныя беларускім пісьменнікам Уладзімірам Ягоўдзікам ды вядомым рускім збіральнікам фальклору, даследчыкам духоўнай культуры славян Аляксандрам Афанасьевым. Прывітаннем з далёкага замежжа прыйшлі да тых беларусаў, якія любяць чытаць творы адпаведнага жанру, іспанская народная казка “Селянін і маладыя сеньёры” (пераклад Віктара Гардзея), партугальская казка “Селянін і тры саветнікі караля” (па-беларуску яе перастварыў таксама Віктар Гардзей), казка “Зайка-зладзюжка” Пранаса Машотаса (яе з літоўскай пераклаў Алесь Разанаў), кітайская казка “Чырвоная лілея” (перакладчык — Міхась Пазнякоў).
У кнізе, пра якую гаворка, ёсць і арыгінальныя творы М. Пазнякова, Л. Чарскай, Л. Талстога, У. Гаршына ды іншых беларускіх і рускіх пісьменнікаў.
Сярод ілюстратараў чарговага “казачнага календара” — Міхаіл Дайлідаў, Валянцін Ціхановіч, Паліна Гадуйка ды іншыя цікавыя кніжныя графікі.
У беларускіх кнігарнях яшчэ можна набыць зборнікі казак на кожны дзень “Дванаццаць месяцаў”. Дзякуй за тое супрацоўнікам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, пісьменнікам, мастакам. Знаёмства з вераснёўскай кнігай, як, між іншым, і з усёй серыяй, прынясе сапраўдную асалоду і дзецям, і дарослым.
Сяргей Шычко
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-21-2020-small.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy