Сёлетнi лiстапад стаў часам трагiчных выпрабаванняў для Эфiопii. Гэтая афрыканская дзяржава апынулася на мяжы грамадзянскай вайны. Супрацьстаянне федэральных ваенных i паўстанцаў рэгiёна Тыграй, якiя мараць аб незалежнасцi, ужо прывяло да баявых сутычак i вялiкай колькасцi ахвяр. Як лiчаць эксперты, небяспечны канфлiкт будзе распальвацца i пагражае дэстабiлiзаваць абстаноўку не толькi ў рэгiёне Афрыканскага Рога, а i ў еўрапейскiх дзяржавах. Чаму лiхаманiць адну з найбуйнейшых краiн Чорнага кантынента?
Надзвычайнае становiшча
З пачатку лiстапада ў Эфiопii вельмi неспакойна. На мяжы з суседняй Эрытрэяй успыхнулi баявыя дзеяннi. Урад Эфiопii абвясцiў аб увядзеннi ў рэгiёне Тыграй надзвычайнага становiшча тэрмiнам на паўгода. Там адключылi мабiльную сувязь i iнтэрнэт. Прэм'ер-мiнiстр краiны Абiй Ахмед заклiкаў мабiлiзаваць войскi пасля таго, як з'явiлiся паведамленнi аб тым, што паўстанцы з Народнага фронту вызвалення Тыграя (НФВТ), якi дабiваецца незалежнасцi для рэгiёна, напалi на ваенную базу ўзброеных сiл Эфiопii, размешчаную ў рэгiёне. Улады заявiлi пра тое, што тыя, хто нападаў, «паспрабавалi ўкрасцi агнявыя сродкi артылерыi i ваеннае абсталяванне Паўночнага камандавання», паведамiла iz.ru.
У вынiку пачалося ваеннае супрацьстаянне. За першыя днi канфлiкту загiнула больш чым паўтысячы вайскоўцаў, аднак дакладная колькасць ахвяр пакуль невядомая. Паступае супярэчлiвая iнфармацыя. Урад Эфiопii сцвярджае, што паўстанцы на працягу месяца здзяйснялi правакацыi i ў рэшце рэшт «перасеклi чырвоную лiнiю». У сваю чаргу, НФВТ абвiнавачвае ўлады ў тым, што яны хацелi «сiлай падпарадкаваць насельнiцтва Тыграя». У вынiку рэгiянальныя ўлады забаранiлi эфiопскiм ваенным перамяшчацца па тэрыторыi Тыграя. З'яўлялiся паведамленнi, што на бок НФВТ ужо перайшло Паўночнае камандаванне эфiопскiх узброеных сiл. Аднак у офiсе прэм'ера гэтую iнфармацыю абверглi.
Свавольны рэгiён
Эфiопiя — федэратыўная дзяржава, падзеленая на дзесяць правiнцый са сваiмi парламентамi i прэзiдэнтамi. Чатыры найбуйнейшыя народнасцi — арома (34 % насельнiцтва), амхара (27 %), тыграi i самалi (па 6 %) жывуць у правiнцыях, у якiх яны складаюць большасць. Дзясяткi меншых народаў сваiх аўтаномiй не маюць, некаторыя з iх за гэтае права змагаюцца. Этнiчная разнастайнасць дапаўняецца рэлiгiйнай. Сярод амхара i тыграi пераважаюць вернiкi Эфiопскай праваслаўнай царквы, амаль палова арома i практычна ўсе самалi — мусульмане.
Тыграй знаходзiцца памiж Эфiопiяй i Эрытрэяй. Насельнiцтва рэгiёна — больш чым пяць мiльёнаў чалавек (а гэта каля шасцi працэнтаў 110-мiльённага насельнiцтва краiны). Тут жывуць прадстаўнiкi народнасцi тыграi, якая складае большасць насельнiцтва суседняй Эрытрэi.
На працягу апошнiх 30 гадоў НФВТ уваходзiў у кiруючую каалiцыю «Рэвалюцыйна-дэмакратычны фронт эфiопскiх народаў», аднак год таму сышоў у апазiцыю з-за незадаволенасцi палiтыкай новага прэм'ера Абiя Ахмеда. Звязаныя з НФВТ палiтыкi абвiнавачвалi кiраўнiка эфiопскага ўрада ў тым, што пад выглядам барацьбы з карупцыяй ён iмкнецца зачысцiць палiтычную прастору ад iншадумцаў, да таго ж Абiя Ахмед спрабаваў звалiць на рэгiяналаў усе промахi цэнтральнага ўрада.
Народны фронт захаваў поўны кантроль над Тыграем i пачаў кампанiю супраць федэральных улад. Адным з галоўных спрэчных пунктаў стала пытанне выбараў. Урад вырашыў перанесцi мясцовыя i парламенцкiя кампанii, спаслаўшыся на пандэмiю. Першапачаткова яны павiнны былi прайсцi ў жнiўнi, аднак пасля iх было вырашана пасунуць на нявызначаны тэрмiн. У вынiку перанос галасавання падоўжыў паўнамоцтвы Абiя Ахмеда, адзначыла iz.ru.
Аднак у Тыграі, нягледзячы на пандэмiю, рэгiянальныя выбары ўсё-ткi правялi ў вераснi. Федэральныя ўлады вынiкi галасавання анулявалi, а новаабранае кiраўнiцтва не прызналi. Да таго ж прынялi рашэнне, у адпаведнасцi з якiм, фiнансаваннем гэтага свавольнага рэгiёна цяпер займаецца не ўрад, а мясцовыя адмiнiстрацыi.
Ускладняе напружаную сiтуацыю i пытанне кантролю федэральнымi вайскоўцамi за актывамi ў Тыграі. Справа ў тым, што пасля заканчэння вайны памiж Эфiопiяй i Эрытрэяй (за гэта, дарэчы, прэм'ер-мiнiстр Абiя Ахмед летась атрымаў Нобелеўскую прэмiю мiру) у рэгiёне застаецца каля 80 працэнтаў усiх цяжкiх узбраенняў краiны. Федэральныя ўлады апасаюцца ўзмацнення Тыграя, а таксама вялiкага ваеннага вопыту мясцовых салдат. У рэгiёне толькi падаграваюць гэтыя трывогi — ладзяць парады i ўсяляк дэманструюць сваю ваенную моц.
У вынiку федэральны ўрад яшчэ некалькi месяцаў таму пачаў сцягваць войскi да паўднёвых межаў Тыграя. Афрыканскi саюз, ААН i iншыя арганiзацыi выказалi занепакоенасць баявымi дзеяннямi, баючыся, што яны могуць перакiнуцца на iншыя часткi Эфiопii i дэстабiлiзаваць макрарэгiён.
Барацьба за Нiл
Канфлiкт у Эфiопii абвастрыўся на фоне аднаўлення перамоў краiны з Егiптам i Суданам па эфiопскай плацiне «Адраджэнне» (гiдраэлектрастанцыя «Хiдасэ»). Справа ў тым, што Каiр i Хартум выступаюць супраць будаўнiцтва гэтага аб'екта, яны мяркуюць, што новая плацiна на эфiопскай частцы Нiла пазбавiць iх неабходных водных рэсурсаў, а гэта балюча ўдарыць па эканомiцы.
У эфiопскага ўрада, наадварот, вялiкiя планы на ГЭС. Цяпер толькi менш чым у паловы насельнiцтва ёсць доступ да электраэнергii. Новая электрастанцыя павiнна быць у паўтара раза больш магутная, чым усе, што цяпер працуюць у краiне. У Егiпце i Судане лiчаць, што запуск ГЭС i хуткае запаўненне вадасховiшча могуць павярнуцца для iх трагедыяй: прывесцi да засухi, праблем на Асуанскай ГЭС, а значыць, перабояў у вытворчасцi электраэнергii, страты ўраджаю i рабочых месцаў. Непакоiць Егiпет i тое, што цяпер ён больш не можа аднаасобна распараджацца воднымi рэсурсамi Нiла.
У 1929-м Англiя i Егiпет падпiсалi дагавор, а праз 30 гадоў пагадненне заключылi Каiр i Хартум. Згодна з гэтымi дакументамi, Егiпет атрымаў права накладаць вета на будаўнiцтва любых дамбаў i плацiн на Нiле. Аднак у Адыс-Абебе лiчаць, што Эфiопiю гэтая дамова нi да чаго не абавязвае, i дыктаваць краiне ўмовы нiхто не можа. Пасля поўнага запуску «Хiдасэ» можа стаць самай магутнай ГЭС у Афрыцы i ўвайсцi ў дзясятку найбуйнейшых у свеце. Будаўнiцтва гэтай гiдраэлектрастанцыi пачалося ў 2011-м, завяршэнне работ намечана на 2023 год.
Трохбаковыя перагаворы доўгi час буксавалi, аднак нядаўна аднавiлiся. Пры гэтым на бок Эфiопii ўстала Эрытрэя, якая першапачаткова падтрымлiвала Егiпет. Прэзiдэнт Эрытрэi Iсаяса Афеворка падчас вiзiту ў Эфiопiю наведаў плацiну — i хоць ён не зрабiў афiцыйнай заявы аб падтрымцы Адыс-Абебы, эксперты тлумачаць гэты крок менавiта так.
Шок для Рога
Пры гэтым у НФВТ напружаныя адносiны як з федэральнымi ўладамi, так i з Эрытрэяй, адзначыў iz.ru старшы навуковы супрацоўнiк Афрыканскага цэнтра Атлантычнага савета Габрыель Негату.
— I Адыс-Абеба, i Асмэра варожа ставяцца да НФВТ, хоць i з розных прычын. У сваю чаргу, паўстанцы з Народнага фронту вызвалення Тыграя абвiнавачваюць улады Эрытрэi ў тым, што тыя ўсталi на бок Абiя, каб звесцi з Тыграем старыя рахункi. Пры гэтым няма нiякiх доказаў удзелу Эрытрэi ў гэтай вайне. Страцiўшы ўладу ў 2018 годзе, НФВП усяляк iмкнецца падарваць намаганнi Абiя па правядзеннi рэформаў. Лiчыцца, што менавiта Народны фронт стаiць за большай часткай успышак этнiчнага гвалту, ад якiх Эфiопiя пакутуе да гэтага часу, — растлумачыў палiтолаг.
Пасля таго як абвастрыўся канфлiкт памiж уладамi Тыграя i федэральным урадам, па сталiцы Эрытрэi было выпушчана некалькi ракет. Дзве з iх трапiлi на тэрыторыю аэрапорта Асмэра. Адзначаецца, што ракеты выпусцiлi з тэрыторыi Тыграя. Улады гэтага рэгiёна прыгразiлi Эрытрэi ўдарамi ў выпадку, калi яна працягне падтрымлiваць федэральныя эфiопскiя ўлады.
Яго калега, старшы навуковы супрацоўнiк Афрыканскага цэнтра Атлантычнага савета Кэмеран Хадсан упэўнены, што напружаная сiтуацыя ў Эфiопii ўяўляе пагрозу для многiх краiн у рэгiёне.
— Рашэнне прэм'ер-мiнiстра ўвесцi федэральныя войскi ў Тыграй выклiкала шок у рэгiёне Афрыканскага Рога i за яго межамi. Эфiопiя — другая па велiчынi краiна ў Афрыцы, яна мяжуе з шасцю iншымi афрыканскiмi дзяржавамi. Ва ўсiм рэгiёне пануе нестабiльнасць i адзначаюцца вострыя гуманiтарныя праблемы. Калi супрацьстаянне ўнутры краiны зацягнецца, то праз мяжу хлынуць сотнi тысяч бежанцаў, — лiчыць палiтолаг.
Генеральны сакратар ААН Антонiу Гутэрыш заявiў, што «стабiльнасць у Эфiопii важная для ўсяго рэгiёна Афрыканскага Рога». Вайна ў краiне можа негатыўна паўплываць на iншыя ўсходнеафрыканскiя краiны i нават на Еўропу, адзначыў BBC News.
Без «цудаў»
Узброены канфлiкт фактычна сарваў маштабныя пераўтварэннi ў Эфiопii, якiя аналiтыкi называлi «эканамiчным цудам», заўважыў CNBC. З 2004 да 2019 года краiна мела адзiн з самых высокiх тэмпаў эканамiчнага росту ў свеце — у сярэднiм 11 працэнтаў у год. Аднак цяпер мясцовыя актывы становяцца для iнвестараў значна менш прывабныя. Трымальнiкi каштоўных папер ужо пазбаўляюцца ад iх i распрадаюць нацыянальную валюту — быр, што прыводзiць да яе аслаблення. Аналiтыкi прадказваюць, што ў выпадку эскалацыi канфлiкту i перарастання яго ў паўнавартасную грамадзянскую вайну будуць парушаны знешнегандлёвыя сувязi Эфiопii з асноўнымi партнёрамi.
«Канфлiкт выходзiць з-пад кантролю з кожным днём i можа каштаваць дзясяткаў тысяч жыццяў. Нельга цалкам выключаць перспектыву распаду краiны», — заўважыў «Бi-бi-сi» Алекс дэ Ваал, выканаўчы дырэктар World Peace Foundation пры Унiверсiтэце Тафтса ў Бастоне i аўтар некалькiх кнiг аб Усходняй Афрыцы. Упраўленне Вярхоўнага камiсара ААН па справах бежанцаў заявiла аб поўнамаштабным гуманiтарным крызiсе. У суседнiм Судане ўжо знаходзяцца больш 30 тысяч тыграйскiх бежанцаў, iх колькасць штодня ўзрастае, паведамiў на брыфiнгу ў Жэневе прадстаўнiк Упраўлення Бабар Балох. «Людзi прыбываюць з Эфiопii моцна напалоханыя i расказваюць, што збеглi ад цяжкiх бесперапынных баёў», — дадаў ён. Нiводны з бакоў пакуль не выказвае гатоўнасцi да перагавораў.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty
[5] https://zviazda.by/be/tags/efiopiya