Праект бярэцца ажыццявiць новы рэзiдэнт СЭЗ «Гроднаiнвест» з Iрландыi. Прадпрыемства «Скайват» зарэгiстравана ў кастрычнiку гэтага года. Iнвестыцыйны праект прадугледжвае будаўнiцтва фотаэлектрычнай станцыi для энергетычнага забеспячэння рэзiдэнтаў СЭЗ.
Як расказалi ў адмiнiстрацыi СЭЗ, сетка фотаэлектрычнай станцыi будзе размеркавана на зямельных участках свабоднай эканамiчнай зоны. Агульная магутнасць комплексу звыш 12 МВт. Згодна з праектам, аб'ём iнвестыцый складзе больш за 5 мiльёнаў еўра. У склад комплексу ўваходзяць дзясяткi тысяч фотаэлектрычных панэляў з акумулятарамi, дзе назапашваецца сонечная энергiя.
Гэта другая па магутнасцi сонечная станцыя ў Гродзенскай вобласцi. Па iнфармацыi Гродзенскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем палiўна-энергетычных рэсурсаў Дэпартамента па энергаэфектыўнасцi РБ, у Смаргонскiм раёне дзейнiчае фотаэлектрастанцыя, магутнасць якой складае амаль 18 МВт. А ўсяго ў рэгiёне 16 электрастанцый, якiя працуюць ад сонечнай энергii. З пачатку года iмi атрымана 27 мiльёнаў кВт электраэнергii. Невялiкiя станцыi функцыянуюць на тэрыторыi некаторых беларускiх прадпрыемстваў.
Праз некалькi гадоў «зялёную» электраэнергiю змогуць атрымаць i спажыўцы iрландскага рэзiдэнта СЭЗ «Гроднаiнвест». Падлiчана, што ўвод станцыi дазволiць прадпрыемствам знiзiць сабекошт прадукцыi. У адмiнiстрацыi СЭЗ падкрэслiлi, што гэта важна i для развiцця кааперацыйных сувязяў з мiжнароднымi канцэрнамi, якiя скiраваны на пашырэнне выкарыстання энергii з аднаўляльных крынiц.
Трэба сказаць, што iрландскiя кампанii з аналагiчнымi праектамi прыйшлi не толькi ў Гродна. Сёлета iнвестары маюць намер будаваць такiя станцыi i ў iншых СЭЗ, у прыватнасцi Вiцебску i Брэсце. Праўда, iх магутнасцi меншыя.
Маргарыта Ушкевiч, фота дадзена СЭЗ «Гроднаiнвест»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/energetyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/sonechnaya-elektrastancyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/grodna