Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу ліквідаваць прабел у патрыятычным выхаванні. На гэта ён звярнуў увагу, калі прыняў з дакладам міністра абароны Віктара Хрэніна.
Па словах кіраўніка краіны, адзін з недахопаў у гэты час у грамадстве — адсутнасць сапраўднага патрыятызму, асабліва ў мужчынскай часткі насельніцтва. «Гэта перад усім у тых, па студэнтам бачым, хто не прайшоў службу ва Узброеных сілах, хто не паспытаў гэтага хлебу. Ёсць і сярод тых, што прайшлі гэта. Але іх адзінкі. Таму ў патрыятычным выхаванні ў нас вялікі прабел, яго трэба ліквідаваць», — дадаў Прэзідэнт і запытаў, якім чынам міністр мяркуе вырашаць праблему.
Кіраўнік краіны заўважыў, што за апошнія часы Узброеныя сілы Беларусі прайшлі сур’ёзны этап — прайшлося падымаць часці, адмабілізоўваць, высоўваць іх на найбольш небяспечныя кірункі.
«Пасля ўсіх нашых мерапрыемстваў і зараз пасля звальнення ў запас і прызыву на тэрміновую ваенную службу, які стан Узброеных сіл і якія асноўныя праблемы ва Узброеных сілах? Другая тэма, мы гэта не скрываем, — супрацьдзеянне дэструктыўным сілам, якія спрабуюць раскачаць краіну і не проста раскачаць, а абрынуць яе», — падкрэсліў кіраўнік краіны.
Як адзначыў Прэзідэнт, у свеце ўсё больш напружаных кропак, таму ўзрастае запатрабаванасць ў міратворчых аперацыях. Беларускія вайскоўцы з’яўляюцца ўдзельнікамі міратворчых місій Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
«Мы былі ў свой час у Віцебску, глядзелі дзеянні нашай міратворчай роты. У нас створана рота. Якая тут сітуацыя? — пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. — Дзе нам прыйдзецца ў якасці міратворцаў удзельнічаць па лініі місіі ААН, які тут стан маральны, і тэхнічны, і фінансавы, бо гэта пэўныя страты? ААН іх кампенсуе. Але тым не менш, галоўнае — маральны стан Узброеных сіл і хлапцоў, якія прызваны ўдзельнічаць у міратворчых місіях».
Прэзідэнт пацікавіўся і фінансавым станам Узброеных сіл напярэдадні новага году.
«Узброеныя сілы здольны выканаць пастаўленыя перад імі задачы»
Пра гэта далажыў кіраўніку краіны і пасля пацвердзіў у размове з журналістамі міністр абароны Віктар Хрэнін.
Па яго словах, ва Узброеных Сілах скончаны перыяд навучання 2019–2020 гадоў. З 1 снежня 2020 года прыступаюць да новага перыяду навучання. Усе мерапрыемствы, як дадаў міністр, якія былі запланаваны ў плане падрыхтоўкі мінулага года, выкананы ў поўным аб'ёме. Пазапланава праведзены тры этапы неспадзяваных праверак баегатоўнасці Узброеных сіл.
За мінулы год прызваны каля 9000 ваеннаабавязаных для павышэння ўзроўню падрыхтоўкі па ваенна-ўліковай спецыяльнасці і абслугоўванню тэхнікі, узбраення.
«Было адзначана, што людзі, якія прызываліся з народнай гаспадаркі, з высокім узроўнем разумення ставіліся да дадзеных працэсаў і годна выконвалі свае задачы», — сказаў Віктар Хрэнін.
Як паведаміў міністр абароны, сёння беларускія вайскоўцы ўдзельнічаюць у міратворчых місіях у Ліване (пад эгідай ААН) і ва Украіне (пад місіяй АБСЕ).
«Гэтыя пытанні мы плануем развіваць, пашыраць. У нас ёсць падрыхтаванае падраздзяленне для выканання гэтых задач, міратворчая рота ў Віцебску. Яна гатова да выканання задач. Мы прапрацоўваем далейшыя кірункі, каб увайсці ў адну з міратворчых місій, — заявіў Віктар Хрэнін. — Мы хочам дадаткова ўвайсці ў місію пад эгідай ААН у Ліване адным нашым узводам».
Міністр абароны прапанаваў Прэзідэнту стварыць Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі пад эгідай Узброеных сіл на базе Брэсцкай крэпасці.
«Кіраўнік краіны гэту прапанову падтрымаў і мы зараз прыступім да яе дэтальнай прапрацоўкі. Я думаю, у бліжэйшы час, у наступным годзе ў нас з’явіцца свой цэнтр, дзе мы будзем займацца нашай моладдзю», — канстатаваў кіраўнік ваеннага ведамства.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/viktar-hrenin
[6] https://zviazda.by/be/tags/armiya
[7] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-abarony