Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю палітычным аглядальнікам з Беларусі і замежжа
З замежных журналістаў у Мінск прыехалі прадстаўнікі вядучых СМІ Расіі, Казахстана, Украіны, Малдовы. Сустрэча ў Палацы Незалежнасці доўжылася больш за чатыры гадзіны. За гэты час Прэзідэнт Беларусі адказаў на вострыя і актуальныя пытанні. А на пачатку размовы Аляксандр Лукашэнка пазначыў важнасць такога дыялогу:
— Традыцыйна такія сустрэчы — абсалютна найважнейшы канал зносін з шматмільённай аўдыторыяй. Магчымасць акрэсліць пазіцыі па праблемах, якія хвалююць людзей, паразважаць і атрымаць, вядома ж, пэўны водгук. Дастукацца да тых, хто па розных прычынах да канца не зразумеў сутнасці бягучага моманту.
Далей адзначыў:
— У тым ліку і да нашых замежных сяброў, якія часам не зусім дакладна ацэньваюць сітуацыю ў Беларусі і яе месца ў міжнароднай супольнасці.
Свет, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сёння жыве ва ўмовах сур’ёзных узрушэнняў, якія патрабуюць глыбокага аналізу:
— Мы практычна ў прамым эфіры назіраем злом звыклага ладу жыцця, апусканне планеты ў сістэмны крызіс. Галоўнай прычынай таго, што адбываецца, многія СМІ называюць каранавірус. Ужо казаў і паўтару, што гэта толькі падстава, шырма, прыкрываючыся якой глабальныя гульцы ў чарговы раз спрабуюць перарабіць свет на свой манер. Зразумела, што ёсць у іх планы і на постсавецкай прасторы, у тым ліку ў Беларусі. Парадаксальна, але гэта важкі аргумент, які пацвярджае, што беларуская дзяржава адбылася, мае палітычную вагу і сур’ёзны эканамічны патэнцыял.
Прэзідэнт таксама падкрэсліў:
— За чвэрць стагоддзя Беларусь пабудавала эфектыўную мадэль дзяржаўнага сацыяльнага ўстройвання, якая дазваляе адстойваць нацыянальныя інтарэсы. Беларусь стала членам клуба і касмічных, і атамных дзяржаў. На аснове высокіх тэхналогій стварае новую эканоміку.
Пазначыў Аляксандр Лукашэнка і краевугольны камень знешняй палітыкі:
— Мы ніколі не стваралі праблем нашым суседзям. Не толькі суседзям, але і далёкім краінам, дзе жывуць нашы сябры: Казахстан, Кітай і гэтак далей. Я ўжо не кажу пра Расію, Украіну, Польшчу, Літву, Латвію. Гэта нашы суседзі, мы іх не выбіралі. Іх не выбіраюць.
Аляксандр Піменаў