Горад, «дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала гарластая і хударлявая, дасціпная і яхідная парода людзей, якіх завуць студэнтамі»... Неаднойчы ў творах Уладзіміра Караткевіча мы трапляем туды.
Кіеў... Украіна, з якой у вялікага беларускага рамантыка, які, праўда, не любіў, каб яго называлі рамантыкам, была вялікая лучнасць.
Ён любіў і ведаў украінскую літаратуру, ён меў верных украінскіх сяброў, менавіта ў перакладзе на ўкраінскую выйшла ягонае культавае эсэ «Зямля пад белымі крыламі» — перш, чым на беларускай... Вядома, што спрабаваў пісаць вершы на ўкраінскай мове. І ў бронзавым выглядзе ўжо некалькі гадоў стаіць у Кіеве, і каля яго фатаграфуюцца ахвотныя, якіх заўсёды шмат... Я таксама ў свой час збегала да бронзавага свайго настаўніка, на вуліцу Кацюбінскага, і патрымалася за надзейны локаць, сфоткаўшыся хоць так, не патрапіўшы сустрэцца ўжывую... А за спінай у нас з ім гучалі радкі з разгорнутай вялізнай кнігі:
«І пад птушак зялёны гоман
Нарадзіліся для абшараў
Плод кахання бору і хмары —
Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман».
Давайце напярэдадні юбілею класіка ўспомнім украінскія старонкі яго біяграфіі.
Падлеткам Караткевіч трапіў у разбомблены Кіеў і закахаўся
У спадчыне Караткевіча ёсць два найбольш «украінскія» творы: гэта аповесці «Лісце каштанаў» і «У снягах драмае вясна». І хоць апошняя была напісана раней, гісторыя нашага класіка ва Украіне пачынаецца з сюжэта першай...
Гэта вельмі аўтабіяграфічная аповесць. Караткевіч трапіў у Кіеў у 1944 годзе, калі горад толькі вызвалілі ад акупантаў, на Крашчаціку стаяў адзіны ацалелы дом, і паўсюль былі сляды бамбёжак. Тады юны Караткевіч пасля няўдалых уцёкаў на фронт цудам з'яднаўся з бацькамі, але не перастаў рвацца ў бойку.
«Якраз у гэты момант праязджаў праз наш горад мой дзядзька, якога перавялі з Далёкага Усходу на фронт, і ўзяў нас з сабою ў вялікі паўдзённы горад, ад якога немцы адкаціліся куды далей, чым ад Лёзна.
Там у вялізным прасторным двары знайшлася кінутая хата, флігель, што ўвесь тануў у зараслях бэзу. Было цвёрда вядома, што гаспадары загінулі. І мы занялі флігель. І сталі жыць» — так сказана ў аповесці.
У жыцці згаданы дзядзька — гэта муж малодшай матчынай сястры пісьменніка, Яўгеніі Васілеўны, Уладзімір Іванавіч Усюкевіч, якога прызначылі начальнікам штаба чыгуначных войскаў 2-га Украінскага фронту.
Кажуць, дом апісаны дакладна: ён быў на цяперашняй вуліцы Багдана Хмяльніцкага, 52 (былыя назвы Фундуклееўская і Леніна).
У аповесці «Лісце каштанаў» галоўны герой, альтэр эга Караткевіча, беларускі падлетак Васіль, закахаўся ў мясцовую прыгажуню, баявітую Нонку Юніцкую. «...дзяўчо год пятнаццаці. Схілілася, пачэсваючы вельмі доўгія, падрапаныя ногі шакаладнага колеру, пасля пацёрла каленкам аб каленка, ускінула галаву — чорна-бурыя валасы цяжкай хваляй шыбанулі назад — і ўсміхнулася мне, і я ўбачыў цёмна-сінія вочы з ненатуральна велічэзнымі, па-вар'яцку вясёлымі чорнымі зрэнкамі».
Даследчыкі сцвярджаюць, што ў гэтай гераіні быў рэальны прататып.
Лёс герояў трагічны: іх падлеткавая дружная каманда трапляе на міны, шукаючы зброю, каб адправіцца на фронт. Выжываюць толькі Нонка і Васіль.
У аповесці Васіль праз шмат гадоў вяртаецца ў Кіеў, адшуквае Нонку і жэніцца з ёю.
У рэальнасці Уладзімір Караткевіч згубіў след свайго юначага кахання, пра якое не аднойчы згадваў у лістах. Праўда, ёсць гіпотэза, што ў Кіеўскі ўніверсітэт ён мог паступіць з разлікам, што знойдзе сваю Нонку...
Чаму Караткевіча ўзрушвалі кіеўскія каштаны
Аповесць «Лісце каштанаў» пачынаецца з таго, што апавядальнік прызнаецца: ён не любіць тых каштанаў — «візітоўку» Кіева:
«...Нехта можа не паверыць мне, але я і сам не люблю адной з самых прыгожых з'яў на зямлі. Не люблю лістоты каштанаў. Жоўтай, асенняй, залацістай пад сонцам, лапчастай (а за ёй сіняе-сіняе неба залатой восені).
Прыгажэй за яе няма на зямлі. Вулкі ў залатых каштанах ныраюць то ўгору, то ўніз. Наводдаль цьмяна, як праз ваду, плавяцца ў няяркім сонцы залатыя купалы цэркваў. Лістота звініць, калі яе зграбаюць у купы, у якіх так добра куляцца дзецям і закаханым юнакам. Замілаванне такое, што глянь на ўсё гэта — і памры, бо сэрца разрываецца ад прыгажосці ўвядання».
Але герою прыгажосць каштанаў нагадвае трагічны выпадак, калі загінулі сябры. А для аўтара аповесці яшчэ і — пра няспраўджанае каханне... І тое, у 1944-м, да невядомай Нонкі, і пра другое, што здарылася пазней, падчас вучобы ў Кіеўскім універсітэце, апісанае ў аповесці «У снягах драмае вясна».
«Будзь праклятым,
юнацтва маё!
Будзь праклятым! Каштаны
квітнелі вясной,
Хаваў нас бэзавы дым.
І былі мы з ёю — адно, адно,
І ніколі не будзем адным».
«Раяль пра нешта
дарагое плача
І прывіды каштанаў у акне».
Ну вось урэзаўся ў памяць пісьменніка гэты моцны вобраз — кіеўскія каштаны... І цяпер заўсёды будзе ўражваць чытачоў прыгажосцю, настальгіяй і трывогай.
У студэнцтве класік ледзь не загінуў на трамваі
«У сорак дзявятым годзе я паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Вучыўся, быў шчаслівы, меў шмат сяброў і, усё ж, успамінаю гэты час са змешаным пачуццём глыбокай пяшчоты і сораму. Пяшчоты таму, што была навука, старыя рукапісы, кнігі, музеі, музыка, дзяўчаты, сябры, свае і чужыя вершы. Сораму таму, што нярэдка даводзілася тады сустракацца са звычайнай вульгарызацыяй навукі. Мне хацелася самому зразумець, чаму і нашто, і таму на некаторыя лекцыі я не хадзіў, а замест таго сядзеў у публічнай бібліятэцы».
Аднакурсніца Уладзіміра Караткевіча па Кіеўскім універсітэце, галоўны бібліятэкар Нацыянальнай парламенцкай бібліятэкі Украіны Муза Сняжко ўспамінала: «Любімым месцам Валодзі была Кіева-Пячэрская лаўра. Гэта для яго святая святых: найстаражытная кропка горада і абсалютная дасканаласць архітэктуры».
А як ён любіў Дняпро! Той самы Дняпро, які асвяціў і ягоныя праведзеныя на Беларусі гады, які працякае старонкамі эпапеі «Каласы пад сярпом тваім»!
Муза Сняжко згадвае, што студэнтамі яны ўдзельнічалі ў аднаўленні разбомбленага горада. А яшчэ, што Караткевіч з першага курса зацікавіўся кіеўскай старажытнасцю, пешшу абышоў усе славутыя мясціны, наведваў храмы, пра што, вядома, не распавядаў. Не раз адпраўляўся на баржы на востраў пасярод Дняпра, дзе студэнты ў летнююю сесію любілі рыхтавацца да экзаменаў.
А быў і яшчэ надзвычайны выпадак... Адам Мальдзіс занатаваў, як яны з Караткевічам блукалі па Кіеве каля ўніверсітэцкіх муроў, прыехаўшы на нейкую канферэнцыю.
«Тут Караткевіч стаў згадваць свае студэнцкія гады. Паказаў той трамвайны спуск, дзе ён цудам застаўся ў жывых. Ехаў перад стыпендыяй без білета, і на прыпынку кандуктар высадзіла яго. Ідзе пакрыўджаны і раптам чуе грукат, скрыгатанне металу. Аказваецца, на павароце трамвай сышоў з рэек і з усяго размаху ўрэзаўся ў браму... Успамінаючы пра тую катастрофу, з якой мала хто выйшаў жывым, Валодзя запар выкурыў дзве папяросы і кожны раз, па студэнцкай звычцы, падпальваў запалкай белыя пасмы тапалінага пуху на асфальце».
Гэты выпадак дзіўным чынам перагукваецца з фіналам аповесці «Лісце каштанаў» — там герой, які прыехаў з Беларусі, таксама цудам пазбягае ў Кіеве смерці.
Ва ўніверсітэце Караткевіч пісаў пра легенды і перажыў здраду
Тая пара, навучанне ва ўніверсітэце, падарыла Караткевічу яшчэ адно ўкраінскае каханне... Даследчык прататыпаў яго гераінь Дзяніс Марціновіч цытуе ліст Караткевіча да сябра Гальперына ад 5 лютага 1957 года: «Я дважды любил взаимно — одна уехала, другая — умерла, и я не знал обеих так, как желал. А в других случаях те, кто любили меня, были мне безразличны, а те, которых любил я, наверное, не любили меня. И была одна в Киеве».
Гэтая «адна» — Святлана, прататып Алёнкі з аповесці «У снягах драмае вясна». Аднакурсніца героя, каханню з якой перашкодзіў зайздрослівы сябар. Герой, Уладзіслаў Берасневіч, не змог паступіць у аспірантуру — з-за таго ж зайздросніка, які наважыўся на паклёп. Уладзіслаў сустракаецца з Алёнкай праз некалькі гадоў, будучы вясковым настаўнікам, каханне ўспыхвае зноў... А што ў жыцці?
Магчыма, знаёмства са згаданай Святланай прыпадае на вясну 1950 года, калі будучаму класіку было ўсяго дзевятнаццаць. Тады і звярнуў увагу на дзяўчыну з «пушыстымі валасамі над чыстым ілбом, міндалевіднымі сінімі вачыма, маленькім прамым носам, трошкі велікаватай ніжняй губкай, тонкай, дзіцячай яшчэ шыяй»; з «агульным выразам чагосьці дзіцячага, нясмелага і, разам з тым, хітрага».
З лістоў Караткевіча вынікае, што з дзяўчынай не зладзілася яшчэ і таму, што калі яму, як і яго герою, не ўдалося паступіць у аспірантуру, строгая маці Святланы палічыла яго нявартым кавалерам.
Дыпломная работа Караткевіча «Казка. Легенда. Паданне», як пішуць, «выклікала неадназначную рэакцыю». На шчасце, знайшліся смелыя выкладчыкі, якія падтрымалі, Караткевіч атрымаў найвышэйшую адзнаку... Але вось у аспірантуру не паступіў. Адам Мальдзіс згадвае ўспаміны аднакурсніка Караткевіча па Кіеве, вядомага польскага паэта і перакладчыка Фларыяна Няўважнага, пра вальнадумства Караткевіча: «У дзень смерці Сталіна ўстроіў у інтэрнаце дэманстрацыйнае застолле. Потым, калі сталі прыпіраць да сцяны не толькі яго, але і сяброў, баронячы іх, выкручваўся: з гора... Караткевіча вельмі любіў і заўсёды бараніў акадэмік Бялецкі. Ён хацеў узяць Валодзю ў аспірантуру, нават тэму падабралі пра паўстанне 1863 года ў славянскіх літаратурах. Але будучы «клясык» зрэзаўся на экзаменах на пытанні пра Берыю. Праўда, выпіскі для дысертацыі працягваў рабіць. Потым яны прыдаліся для «Каласоў...».
У аповесці «У снягах драмае вясна» Бялецкі выведзены пад прозвішчам Бялевіч, а Фларыян Няўважны пазнаецца ў Яне Уважным.
Так што аўтару «Дзікага палявання» давялося адпрацоўваць два гады настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лесавічы Тарашчанскага раёна Кіеўскай вобласці.
Вядома, дзяўчыну з заможнай сям'і, якая сур'ёзна займалася музыкай, бацькі не жадалі бачыць жонкай вясковага настаўніка з нявызначаным будучым. «А я обострил со всеми отношения, высек стихами многих начальников из университета. Я не жалею, но не стоили они такой моей жертвы».
Муза Сняжко, аднак, сцвярджае: Караткевіч не разглядаў сваю настаўніцкую працу як прыступку ўніз ці як што-небудзь непатрэбнае. «Валодзя да любой з'явы жыцця ставіўся з вялікай дапытлівасцю... Ён апісваў сваіх гаспадароў і вучняў у пісьмах, яшчэ і малюнкі досыць выразныя рабіў. А па натуры Караткевіч — вялікі жыццялюб, яго ўсё вельмі цікавіла...»
Даследчык Анатоль Верабей лічыць, што менавіта тады паэт напісаў верш, згадваючы няспраўджанае каханне:
«Вон он, поезд, в дымке
исчезает...
От души твоей меня увёз. <...>
Расставанье будет невесёлым,
Встреча вряд ли
будет веселей...
Впереди ж пока родные сёла
И печаль великая полей».
І менавіта таямнічай С.М. прысвечаны верш «Размова з Кіева-Пячэрскім сланом», у якім гучыць любоў Караткевіча не толькі да гераіні, але і да цудоўных мясцін:
У асеннім прысмерку
над Дняпром
Замігцеў агеньчык сляпы.
Ад дажджу пачарнеў
небарака-дом
І дубоў магутных слупы.
Ад дажджоў стаў зялёным
стары паркан,
Парадзела лісце садоў.
Пабяжы на поўдзень,
Дняпро-рака,
Панясі прывітанне з вадой.
Прынясі яго ў горад юнацтва
майго,
Дзе плылі тапаліныя дні,
Дзе чырвоныя паркі
ля берагоў,
Дзе якраз запалілі агні.
Ў гэтым горадзе,
дзе златабрамскі сквер
Зараз, пэўна, ад ветру пажоўк,
Ёсць любімы раён,
што завецца «Пячэрск»,
Ёсць каштаны ў імжацы
дажджоў.
Колькі я недакуркаў
там раскідаў
У начны нечапаны снег,
Колькі раз пад вокнамі
ноччу стаяў,
Каб пабачыць цень у акне.
Сапраўдная Алёнка-С.М. выйшла замуж за іншага... Уладзімір Караткевіч з'ехаў на Беларусь, дзе яго чакала літаратурная ніва. Але на кіеўскія свае каханні не забыўся ніколі.
Украінскі раманіст натхняўся творам «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»
Прафесар Вячаслаў Рагойша, які разам з калегай і спадарожніцай жыцця Таццянай Кабржыцкай шмат пісаў пра беларуска-ўкраінскія сувязі Уладзіміра Караткевіча, так распавядае пра ўкраінскага пісьменніка Рамана Іванычука: «У час згаданай ужо нашай з Іванычуком ракаўска-іслацкай сустрэчы аўтар «Мальваў» расказаў: толькі што прачытаў у «Нёмане» аповесць Караткевіча «У снягах драмае вясна» — і літаральна быў уражаны падабенствам гэтага твора беларускага пабраціма да сваёй ранняй аповесці «Прыпыніся, падарожнік!». Тэма, сюжэтныя хады амаль тыя самыя: студэнцкае жыццё, 1952 г., пярэдадзень смерці Сталіна... Ды і доля падобная абодва творы напаткала: аповесць Караткевіча, напісаная ў 50-я гг., надрукавана толькі ў канцы 80-х; аповесць Іванычука, знятая цэнзурай з друку ў 1966 г., з'явілася ў свет прыблізна ў той самы час...»
Дарэчы, той самы Іванычук успамінаў пра Караткевіча: «Да першай і адзінай сустрэчы, не бачыўшы яго ў вочы і ведаючы толькі па творах і лістах, я лічыўся з Караткевічам як з настаўнікам, хоць былі мы равеснікамі, не пераставаў вучыцца ў яго майстэрству і пасля асабістага знаёмства; я чытаў і перачытваў «Каласы пад сярпом тваім», «Чазенію», «Дзікае паляванне караля Стаха», з тых твораў паўставаў перада мной добры і мудры чалавек, які бясконца любіць сваю Беларусь, яе гісторыю і глыбока шануе маю Украіну, разумеючы і наш боль, і нацыянальны гонар. Для мяне, гістарычнага раманіста, Караткевіч заўсёды быў узорам майстра, які ўмела валодаў і чэсна распараджаўся гістарычным матэрыялам, не раўнуючы як добры гаспадар набытай у поце чала маёмасцю; пад уплывам Караткевічавага рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» я напісаў ці не самы ўдалы свой твор «Манускрыпт з вуліцы Рускай», пакарыстаўшыся мастацкімі рэцэптамі беларускага пабраціма».
Караткевіч і Шаўчэнка
Адам Мальдзіс згадваў, як у Кіеве, калі яны пайшлі дэлегацыяй у музей Тараса Шаўчэнкі, Караткевіч расказваў пра класіка ўкраінскай літаратуры столькі, колькі экскурсаводы расказаць не маглі. А памятаеце, як у «Каласах пад сярпом тваім» князь Алесь Загорскі наведвае санкт-пецярбургскі салон, дзе таемна сустракаюцца будучыя паўстанцы, і бачыць адметнага чалавека:
«Колькі яму магло быць год? Пэўна, далёка за пяцьдзясят. Ва ўсякім разе, аб гэтым неабвержна сведчылі вельмі сівыя вусы, склератычны румянец на шчоках і скронях, нос, што калісьці, відаць, быў вастраваты і трошкі задзёрты, а цяпер, з гадамі, абвіс і зрабіўся ўжо нават трохі чырвоны. Дый бровы былі як у старога: кусцістыя, суровыя бровы.
Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экзэмпляр роду чалавечага. Вусы варухнуліся, але нават калі б гэтага не было, аб усмешцы можна было б здагадацца па вачах.
Вось што маладзіла чалавека: вочы! Залаціста-карыя і, дальбог, пякуча-сінія, як паўдзённае неба.
У вачах нейкая пакутлівая вечная думка, якая катавала і нават у хвіліну весялосці не давала палёгкі. Цяжкі, знясілены нейкай неадчэпнай думай, змардаваны і грозны твар.
— А таго ты не ведаеш? — спытаў Алесь, збіраючыся ўжо ісці назад у курыльню.
— Ведаю.
— Хто?
— Шаўчэнка».
Менавіта вялікаму ўкраінскаму паэту Алесь Загорскі ўпершыню чытае свой верш — пра беларускую мову.
«Гарачыя, сінія цяпер, глядзелі на Алеся вочы. І Алесь раптам адчуў, што яму будзе не сорамна чытаць гэтаму чалавеку нават слабыя радкі, што ён нават хоча чытаць, што падсвядома, яшчэ палову гадзіны назад, марыў аб гэтым...
— Ты мой жытні хлеб
і каханы май,
Песня продкаў,
нашчадкаў палі.
Без цябе, не з табой —
не патрэбен мне рай
На душы,
Ў небясі,
На зямлі».
Шаўчэнка, паслухаўшы верш, цалуе збянтэжанага Алеся Загорскага ў лоб, як бы бласлаўляючы на творчасць.
І нельга не заўважыць падабенства гэтай сцэны да знакамітай сустрэчы Пушкіна і Дзяржавіна ў Царскасельскім ліцэі.
Менавіта Шаўчэнка, змагар за нацыянальную мову, перадае эстафету пачынаючаму беларускаму паэту, які таксама мусіць за сваю мову, за незалежнасць свайго народа змагацца. І маладзён Алесь знаходзіць словы, каб суцешыць украінскага генія, які змарнаваў сілы ў салдатчыне.
«— Вы думаеце, вы канец? — спытаў Алесь. — Вы — пачатак. З часам мірыяды людзей сальюцца ў любові да вас, таму што вы нідзе не саступалі, таму што справа ваша — высакародная, таму што такой любові, як ваша, яшчэ пашукаць на зямлі. Такой любові, калі адзін чалавек ратуе цэлы народ».
Марыў блукаць па Кіеве вершамі
Прачытала звесткі, што ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Украіны захоўваюцца тры сцэнарныя заяўкі на мастацкія фільмы, якія беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч прапанаваў зрабіць на Кіеўскай кінастудыі імя Даўжэнкі. Шкада, што гэта не здзейснілася... У завяршэнні аповесці «Лісце каштанаў» Уладзімір Караткевіч прыводзіць развагі героя каля помніка Багдану Хмяльніцкаму: «Багдан узвышаўся нада мною. А я падумаў, што вось пакінуў жа ў Кіеве свой след на гэтай плошчы адзін беларус, скульптар, што зрабіў яго. А можа, пакіну і я? Хаця б тымі вершамі, што я мармытаў і забыў. Шмат год яны будуць лунаць гэтымі завулкамі, нябачныя для вачэй іншых, будуць ціха гучаць у вушах закаханых нават у той нязмерна далёкі час, калі мяне, магчыма, не будзе. І яны, юнакі, будуць прыслухоўвацца да гэтых водгукаў, да водгулля далёкага шчасця і думаць, што гэта ў іхніх душах. А гэта буду я і вершы, забытыя мной дзеля гэтых вуліц і завулкаў. Вечныя вандроўнікі кахання, што блукаюць уначы па гэтай зямлі».
Караткевіч не памыліўся — ягоныя творы гучаць і ва Украіне... І яго самога там не забыліся... І разам з намі адзначаюць ягоны юбілей.
Калі будзеце ў Кіеве — прыслухайцеся: магчыма, у вулічным шуме, у шолаху лісця каштанаў вы пачуеце водгулле вершаў на беларускай мове, Караткевічавых вечных вандроўнікаў кахання...
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ
Фота са зборніка ЖЗЛБ «Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/lyudmila-rubleuskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karatkevich