З пачатку года ў Мiнску ратавальнiкi выязджалi тушыць пажары ў гаражах восем разоў. Прычым па месяцах года гэтыя выпадкi размеркавалiся нераўнамерна: па два ў лютым i ў сакавiку, па адным разе — у красавiку i маi. Амаль паўгода тут панавала зацiшша, i вось за першыя тры днi лiстапада — два ўзгараннi.
Чым жа небяспечныя такiя пажары i чаму i як яны адбываюцца? Пра гэта спыталiся ў афiцыйнага прадстаўнiка Мiнскага гарадскога ўпраўлення па надзвычайных сiтуацыях Вольгi Мельчанкi.
— Сярод сталiчных раёнаў у сумных лiдарах Фрунзенскi... А асноўная прычына, па якой адбываюцца такiя здарэннi, — гэта парушэнне правiл выкарыстання электрычных сетак i абсталявання. Уладальнiкi гаражоў выкарыстоўваюць падаўжальнiкi, нярэдка перагружаюць сеткi, ды i само абсталяванне нярэдка знаходзiцца ў няспраўным стане. Радзей здараюцца пажары з прычыны неасцярожнага абыходжання з адкрытым агнём. Скажам, вырашыў пакурыць гаспадар гаража i выпадкова выпусцiў недакурак. А той пачаў тлець.
У сховiшчах для аўтамабiляў iснуе даволi высокая пажарная нагрузка. Не сакрэт, што iх выкарыстоўваюць для захоўвання не толькi аўтамабiля, але i малапатрэбных рэчаў з дому. Да таго ж у гаражных масiвах сценкi, як правiла, тонкiя. А гэта значыць, што калi загарыцца адно памяшканне, то агонь можа вельмi лёгка перакiнуцца на суседнiя.
Зусiм нядаўна такое адбылося ў масiве па вулiцы Аўтамабiлiстаў. Успыхнулi перагародкi памiж некалькiмi гаражамi, праз што абрынулiся дахi. Гаспадар аднаго з iх толькi цудам не пацярпеў. Чаго не скажаш, аднак, пра маёмасць, бо было пашкоджана шэсць гаражоў i сем аўтамабiляў.
А вось у Заводскiм раёне ўсё скончылася сапраўды трагiчна. Ранiцай 19 мая выратавальнiкам стала вядома, што ў прыватным сектары гарыць цагляны гараж. Агонь ахапiў i драўляную абшыўку пастаўленай побач пунi. Супрацоўнiкi выратавальнай службы знайшлi мужчыну ў непрытомным стане. На месцы была «хуткая», але рэанiмаваць небараку не ўдалося — медыкi канстатавалi смерць. Пазней аказалася, што гаспадар дазволiў знаёмаму пажыць у гаражы некаторы час, а той праявiў сябе не з лепшага боку. Прычынай трагедыi стала неасцярожнасць падчас курэння...
— Наколькi моцна павялiчваюць пажарную нагрузку канiстры з палiвам, якiя часам знаходзяцца ў гаражах? — пытаемся ў спецыялiста.
— Паказальны выпадак адбыўся ў гаражным масiве на ўскрайку Мiнска. Дастаткова сказаць, што плошча пажару склала 24 квадратныя метры, сам гараж быў моцна закураны, а дах месцамi абвалiўся. Пасля высветлiлася, што гаспадар з нейкай мэтай выкарыстоўваў адкрыты агонь. I калi полымя выйшла з-пад кантролю, то кiроўца спрабаваў як мага хутчэй вывесцi адтуль аўтамабiль. 59-гадовы мужчына атрымаў апёкi 7 % паверхнi цела i быў шпiталiзаваны. Пасля ў гаражы былi знойдзены канiстры i нават прымус.
У МНС прыгадваюць яшчэ адзiн пажар у гаражы, якi адбыўся ў глыбiнях прыватнага сектара ў Цэнтральным раёне Мiнска. Аднойчы ён ужо трапляў у зводкi службы МНС — у канцы 2015 года. Тады агонь пашкодзiў там легкавы аўтамабiль. I вось праз пяць гадоў у тым наваколлi iзноў давялося тушыць полымя. На гэты раз мужчына са сваiм сынам i сябрам праводзiлi рамонтныя работы. Нешта пайшло не так, i загарэлася маёмасць у гаражы. Iстотныя пашкоджаннi атрымалi два легкавiкi, тры чалавекi пацярпелi. У аднаго з iх было дыягнаставана 20 % апёкаў паверхнi цела.
Пры гэтым патушыць пажар у гаражным масiве не заўсёды проста. На дадзены працэс уплывае ступень складанасцi праезду да месца падзей. Адна справа, калi нешта падобнае адбываецца ў сектары прыватнай забудовы, дзе кожны дом мае свой адрас, i зусiм iншая — на прасторы, дзе адначасова месцяцца сотнi аднолькавых гаражоў. Да таго ж планiроўка i схемы могуць не адпавядаць рэчаiснасцi.
— Разам з тым магчыма паспрыяць таму, каб урон ад узгарання аказаўся як мага меншы. Канешне ж, мець пры сабе вогнетушыцель вялiкага аб'ёму. У аўтамабiлi ён мусiць быць абавязкова, — адзначае Вольга Мельчанка. — У выпадку невялiкага пажару можна паспрабаваць патушыць яго самастойна, але калi змаганне няроўнае, то трэба тут жа выклiкаць ратаўнiкоў. А пакуль яны будуць ехаць, трэба не правакаваць яшчэ большае разгаранне. Таму трэба шчыльна зачынiць дзверы i, калi ёсць сувязь з вартаўнiком, паведамiць яму канкрэтныя звесткi, каб пасля не марнаваўся час на пошукi.
Валяр'ян ШКЛЕННIК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/mns
[4] https://zviazda.by/be/tags/pazhar
[5] https://zviazda.by/be/tags/garazh