Старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па мiжнародных справах i нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ правёў прыём грамадзян па асабiстых пытаннях.
Як падкрэслiў у размове з журналiстамi старшыня профiльнай камiсii, работа са зваротамi грамадзян знаходзiцца ў цэнтры ўвагi ўсiх сенатараў. Так, напрыклад, сёлета за дзевяць месяцаў у Савеце Рэспублiкi было зарэгiстравана больш за тры тысячы зваротаў грамадзян.
— Мы вельмi ўважлiва i старанна прапрацоўваем усе звароты, — акцэнтаваў увагу Сяргей Рачкоў. — Увага зараз аддаецца якасцi разгляду зваротаў i iх вынiковасцi. Дарэчы, у Пастаянную камiсiю па мiжнародных справах i нацыянальнай бяспецы трапляюць звароты не толькi па профiлi дзейнасцi камiсii, тым не менш мы разглядаем усе звароты грамадзян i iмкнёмся максiмальна заахвоцiць мясцовыя органы ўлады для аказання дапамогi насельнiцтву.
Ён расказаў, што за апошнi час з удзелам членаў профiльнай камiсii вырашалiся пытаннi будаўнiцтва, рамонту i добраўпарадкавання дарог, аказання дабрачыннай дапамогi шэрагу навучальных устаноў.
— Мы таксама звярнулi ўвагу ва ўмовах распаўсюджвання каранавiруснай iнфекцыi на сiстэму аховы здароўя i якасць аказання медыцынскай дапамогi насельнiцтву, — прывёў прыклад сенатар. — У прыватнасцi, па такiх дастаткова складаных пытаннях, як анкалагiчныя захворваннi, таму што сёння людзi пакутуюць не толькi ад каранавiруса, але i канешне ж, працягваюць пакутаваць ад шматлiкiх хранiчных захворванняў.
Ён растлумачыў, што ў Пастаянную камiсiю звярнулася сястра вiцяблянiна, закрануўшы тэму наяўнасцi медыкаментаў для яе хворага брата, i адзначыў, што да вырашэння згаданага пытання падышлi ўважлiва настолькi, наколькi гэта магчыма ў такой сiтуацыi.
Што датычыцца цяперашняга прыёму, то да Сяргея Рачкова прыйшоў заяўнiк, якi цiкавiцца тэматыкай будаўнiцтва БелАЭС.
— Гэта найбуйшейшы сумесны праект Рэспублiкi Беларусь з Расiйскай Федэрацыяй. Канешне ж, ён мае не толькi нацыянальнае, але i мiжнароднае значэнне, — падкрэслiў актуальнасць тэмы сенатар. — Таму грамадзянiн, як эксперт у гэтай галiне (ён кандыдат тэхнiчных навук) выказаў шэраг прапаноў, сваiх меркаванняў аб далейшых перспектывах ядзернай энергетыкi.
Яго iдэi i прапановы ўважлiва выслухалi i запэўнiлi, што яны патрабуюць больш глыбокага вывучэння. Таму для падрыхтоўкi абгрунтаванага адказу заяўнiку iх накiруюць у адпаведныя зацiкаўленыя арганiзацыi i ведамствы.
— Мы будзем iмкнуцца да таго, каб патэнцыял гэтага навукоўца быў задзейнiчаны, выкарыстаны для ўдзелу ў навуковых сiмпозiумах, магчыма, практычных кансультацыях, — рэзюмаваў старшыня Пастаяннай профiльнай камiсii.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki
[6] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rachkou