...Колькi жыву на свеце, столькi цешуся Творцам: якi ж ён адмысловы дызайнер, як хораша размясцiў на зямлi пагоркi i далiны, як граматна «праклаў» рэкi!
Наша, напрыклад, некалi была настолькi глыбакаводная, што на ёй стаяў вадзяны млын, а па ёй сплаўлялi лес. Аднак гэта было даўно, у пачатку мiнулага стагоддзя, бо ў канцы яго наша рэчка ўжо абмялела, аддала свае поймы дзецям пад футбольнае поле, людзям пад сенажацi ды месцы для выпасу хатняй жывёлы i птушак. Яны ў нас хадзiлi чародамi. Цешылi гаспадынь: гэта ж колькi пуху на падушкi будзе, колькi смачнага мяса!
I яно сапраўды было б, калi б...
Праўду кажуць: няма лесу без ваўка, а сяла без злодзея. Неяк увечары цётка Уладзiха недалiчылася гускi — сказала гаспадару. Пагаравалi ўдваiх, падумалi, што тая, бедная, мо ў карчы дзе забiлася цi сабакi з'елi?
Для парадку схадзiлi яшчэ да рэчкi, пашукалi — нiдзе, нiякiх прыкмет знiкнення. «Што ж, — сказалi, — у гаспадарцы не без страт». I, напэўна, змiрылiся б, калi б праз тыдзень-другi ў iх не прапаў гусак.
— Мусiць, не ў драпежнiках справа? — прызнала тады гаспадыня. — Мусіць, яны двухногiя тут арудуюць... Але як не злоўлены, то i не злодзей?
— Значыць, злаўлю! — паабяцаў ёй муж. — Слова дэсантнiка.
У наступны вечар ён абышоў усе прыбярэжныя хмызнякi, на пагорку ў высокiм кусце «абсталяваў» назiральны пункт, выразаў ёмкi арэхавы прут, на ўсякi выпадак падрыхтаваў вяроўку i стаў чакаць.
Сонца ўжо хiлiлася да захаду, гусi пайшлi на апошнi заплыў. Iм як быццам нiчога не пагражала? «Не ўдалося злавiць лося», — хацеў ужо змiрыцца Уладзя, як раптам з хмызняку паказалася постаць... Саўка, сын мясцовых п'янiц... Скiнуў з сябе адзенне, зайшоў у ваду — паплыў да гусей.
Тыя, адчуўшы небяспеку, расплылiся ва ўсе бакi. Саўка пачакаў, пакуль «сплывуцца» назад, супакояцца, i нырнуў... Раз, другi... I вось жа ўдача — схапiў адну птушку за ногi, прыцiснуў да грудзей, паплыў да берага...
А сагнуўся там, каб узяць штаны, i тут жа апынуўся на зямлi, пачуў над вухам: «Ах ты, падлюка! Будзеш вырывацца, — прыдушу!»
Саўка гэты голас пазнаў i нават не рыпаўся: чуў, што сярод дэсантнiкаў былых не бывае, ведаў, што супрацiўляцца — толькi час марнаваць.
Значыць, трэба прасiць прабачэння, слова даваць, што сплацiць за скрадзеных птушак, што болей на чужое нiколi... Нi-нi...
Уладзя яму паверыў — з мiрам адпусцiў дадому, нават паабяцаў, што нiкому нiчога не скажа.
Але ж Саўка на ўсякi выпадак з нашай вёскi з'ехаў, недзе, казалi, уладкаваўся на работу, з часам ажанiўся — зажыў як нармальны чалавек!
Я гэта ўсё да таго, што наколькi важна бывае злавiць злодзея ў пачатку яго «кар'еры», i як важна спынiць — адразу, бо потым...
Пра Саўку — я дакладна ведаю — прапаў бы, не было б з яго людскага чалавека.
Нiна Несцяровiч, г. Магiлёў
Надоечы пазванiла суседка, запрасiла да сябе ў лазню.
Я ў адказ ёй: «Шчыры дзякуй! Прыйду! Абавязкова!»
А пакуль яна, тая лазня, грэецца, я пра iншыя ўспомню.
...Некалi, у мiнулым стагоддзi, нас, студэнтаў, адправiлi на цалiну, на ўборку ўраджаю, у дзень прыезду запрасiлi ў лазню. Мы, вядома ж, з дарагой душой!
Прыходзiм. Бачым, што памяшканне там не маленькае i на дзве палавiны: справа — раздзявальнi, злева — парылка i ўсё астатняе, а пасярэдзiне — доўгi калiдор.
Дзверы ў iм расчынены насцеж ды яшчэ i падпёрты: трэба разумець, каб не зачынiлiся, бо спёка на дварэ такая, што не прадыхнуць...
I таму наша Мiла, раздзеўшыся самай першай, стаiць там ды чакае iншых. А я ў гэты час праз акенца бачу, што якраз насупраць дзвярэй запынiлiся тры казахi. Кажу:
— Мiла, на цябе мужчыны глядзяць (бо яны i сапраўды пазiралi...)
Сяброўка ў адказ:
— Што?.. Дзе, — пытае, — ты бачыш мужчын? Павай iдзе ў той канец, дзе яны стаяць, згiнаецца, адкiдвае падпорку, зачыняе дзверы i дадае:
— ...Там жа адны дзяды.
Як зараз помню: тым казахам было пад 40, i мы, студэнткi, iх лiчылi старымi. А цяпер за куды старэйшых дзеўкі замуж iдуць.
...Другая прыгода — з майго дзяцiнства, з пасляваеннага Вiцебска. Людзi тады жылi ў зямлянках i бараках, каму дужа пашчасцiла — у хатах, якiя цудам ацалелi...
Але ж горад пакрысе будаваўся. I я добра помню, як у нас з'явiлася лазня.
Само памяшканне было невялiчкае, ахвотных памыцца — шмат. Запускалi па пяць чалавек. Я ў чарзе сядзела з мамай i з кнiжкай, бо калi яшчэ возьмеш лёгкi вушасценькi тазiк, калi яшчэ нальеш цёпленькай вадзiчкi ды сядзеш на палок...
У той дзень мы ўжо мылiся, як раптам прапала халодная вада.
Тут жа з парылкi выскачылi жанчыны, паклiкалi слесара. Ён (у ваенным адзеннi... Мужчыны тады ў чым з фронту вярталiся, тое i насiлi) зайшоў у памяшканне (там пара, паўзмрок) — стаў корпацца каля кранаў. Жанчыны — усе галяком, хто з венiкам, хто з тазам — яго абступiлi, нешта гавораць, раяць... I, бачу, недарэмна! Пайшла вада! А далей — вiск, лямант:
— О, божа! Мужчына! (Раней як быццам не бачылi?!)
Што ён?
— Цыц, сарокi! — строга загадаў. — Растрашчалiся тут... Пахавалiся... А чаго я на вас не бачыў? Вось у мужчынскiм аддзяленнi цiкавей: некаму пазайздросцiць можна, некаму — паспачуваць... А вы ж — ну ўсе як адна!
Сказаў так i пайшоў.
А я, помню, з iм не згадзiлася: ну як гэта, думаю, мы ды раптам аднолькавыя? Мама вунь, як былiначка тоненькая, цётку Любу нам удзвюх не абняць, а я i зусiм малая...
I пра мужчын я нiчога не зразумела: ну чаму iм трэба зайздросцiць альбо спачуваць?
...Вось гэта, зрэшты, я не вельмi разумею i цяпер, бо, дзякуй богу, апроч мужа, iншых мужчын у лазнi не бачыла.
З. М., г. Вiцебск
Пытанне на засыпку: дзе ў мужчын найбольш прыгод?
Правiльна: у камандзiроўках, бо мужчыны — яны ж як куры: 20 метраў ад дома i ўжо нiчые. А тут — за 200 кiламетраў часам... I вольнiца: нi табе жонкi-бензапiлы з яе «мала грошай», «колькi ты будзеш пiць?» ды «вынесi смецце» (а то вынесе ж мозг!), нi работы па доме, нi дзiцячых праблем... Можна расслабiцца. Альбо адарвацца... Што многiя i робяць.
А найбольш — дык, па-мойму, шафёры i ў доўгiх далёкiх рэйсах. Бо там жа не тое, што з пункта «А» выехаў, у пункт «Б» прыехаў, i там ужо нешта пачнецца. Прыгоды ў шафёраў паабапал дарогi стаяць, а ўжо на месцы...
Пятро, мой добры знаёмец, у свой час МАЗам кiраваў. Не, на жаль, не заводам, — а вялiкай, магутнай машынай. Iх на аўтабазе да халеры было — розныя грузы вазiлi, найчасцей — на будоўлi, у тым лiку дарог.
I тады ўжо — нi на вячэру, нi нанач дамоў не вярталiся (хiба на вялiкiя святы ды выхадныя аўтобус прывозiў), бо гэта ж далёка, па ўсёй краiне, бо гэта ж камандзiроўка: дзе аб'ект — там жытло, у бытоўцы халадзiльнiк, плiта... Харчы — у складчыну, гарэлка — таксама. I без рознiцы п'еш ты цi не... Над капейкай нiхто не тросся, бо зараблялi хлопцы — дай божа, а бывала ж, яшчэ i халтурылi. У той раз на прасеках паабапал дарог мясцовы бранскi люд сабе дровы нарыхтоўваў. А яны, брыгадай, за 25 савецкiх рублёў грузiлi i за 10 адвозiлi на падворкi. Разлiк на месцы быў, пажадана — з «натурпрадуктам».
Дык вось — чарговая «аперацыя» i чарговая двухлiтровая бутля («пластмасак» яшчэ не было).
Самагонку з яе збiралiся пiць у чатырох (астатнiя спаць пайшлi) i на траўцы каля МАЗа, якi злёгку падсвечваў фарамi...
Карацей, атмасфера была рамантычная, калi не iнтымная... Закусь — што трэба! Ды i гарэлка — таксама. Выпiваюць хлопцы ды яшчэ нахвальваюць: маўляў, умеюць гнаць расiяне: самагон — амаль як наш — «Старадарожскi»! Цi нават «Пушчанскi»!
...У той раз яны добра да яго прыклалiся. I ўвесь як быццам не выпiлi: у бутлi яшчэ заставалася, а нахiляеш, каб налiць — то цячэ, то раптам не цячэ... Санёк (ён на «разлiве» быў) альбо змесцiва тады пабоўтае, альбо палец у рыльца ўсуне... I «ўсё пуцём», глядзiш — у шклянкi палiлося.
Карацей, «угаманiлi» сябры той бутылёк — разышлiся спаць. Ранiцой прачнулiся — вясёлыя, бадзёрыя (ну што там пiць было — па паўлiтра на «нос»?), бачаць — на iхняй «паляне» iхняя ж «тара» валяецца. Санёк яе выкiнуць хацеў, але спачатку зiрнуў унутр. Сказаў:
— Ага... Дык вось чаму не лiлося!.. Я так i падумаў, што нешта ляжыць! Мыш... Маленькая...
Сам стаiць ды яе разглядае, а сябры яго — урассыпную: ходу i чым далей, бо вывернула з iх нават тое, што пазаўчора елi!..
I потым цэлы дзень на вадзе жылi... Хiба, назаўтра снедаць прыйшлi ды лыжкi пабралi... А Санёк за сваё:
— А добра, хлопцы, мы тады пасядзелi! I заўважце — у расiян не так, як у нас. У iх — гарэлка i мяса з таго ж «фугаса».
«Сядзельшчыкаў» iзноў нiбы ветрам знесла!
Праўда, на трэцi дзень ужо нiхто не жартаваў: мужчыны спакойна паснедалi, паабедалi, павячэралi... Вось толькi мясцовы самагон больш нiколi не пiлi: ездзiлi па гарэлку.
Але ж гэта ўжо iншая гiсторыя. Значыць, пра яе трэба iншым разам.
Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскi раён
Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР
Прэв'ю: фазенда24.рф
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou