Многія, а магчыма, і ўсе ведаюць, як выглядае верабей. З дзіцячых гадоў мы назіраем гэтых птушак каля чалавечага жытла. Яны ўвесь час цвыркаюць наперабой. Нават выраз “шчабятаць, як верабей” азначае амаль без перапынку гаварыць. Птушкі гэтыя вельмі спрытныя і ўвішныя. Здольнасці і асаблівасці вераб’ёў зрабілі іх героямі шматлікіх народных казак, прыкмет, павер’яў і абрадаў.
Сусед і біяіндыкатар
Вераб’і – самыя знакамітыя птушкі Паўночнага паўшар’я. А калі гаварыць пра іх сямейства наогул, то Вераб’іныя, ці Ткачыкавыя, – самыя шматлікія птушкі планеты. Усяго на Зямлі каля 100 мільярдаў асобін птушак, у тым ліку не менш за 3$4 мільярды ткачыкаў. Дамавы верабей – найбольш тыповы прадстаўнік гэтага сямейства. Ад больш дробнага палявога, які жыве побач з ім, самец дамавога вераб’я адрозніваецца таксама шэрай “шапачкай”, якая выдзяляецца на агульным карычневым фоне галавы, і вялікім чорным “гальштукам” на грудзях.
Продкі вераб’ёў паходзяць з трапічнай Афрыкі, адкуль яны распаўсюдзіліся па даліне Ніла ў краіны Міжземнамор’я. Тут узнік новы іх від – верабей дамавы. А затым пачалася яго экспансія. За два апошнія стагоддзі дамавы верабей стаў самай распаўсюджанай птушкай планеты. Гэта адзін з найбольш разумова развітых крылатых, які выдатна прыстасуецца да любых абставінаў.
Праз асаблівасці будовы вачэй вераб’і бачаць свет у ружовым святле. А ў шыі гэтых птушак у два разы больш пазванкоў, чым у жырафы.
Існуе меркаванне, што дамавы верабей як адзін з самых блізкіх суседзяў чалавека можа выступаць у ролі біялагічнага індыкатара, і па стане папуляцыі віду можна меркаваць пра змены ў навакольным асяроддзі. Колькасць гэтых птушак у Беларусі, як і на большай частцы Еўропы, знізілася. Верагоднымі прычынамі сталі акультурванне дваровых тэрыторый, падрыў харчовай базы для птушанят (большасць вясковых жыхароў ужо не трымаюць гаспадарку) і высокая канкурэнцыя з боку шпакоў.
Верны сем’янін
Вераб’і – вельмі верныя “мужы” і “жонкі”. А яшчэ яны адважна бароняць сваю сям’ю, адбіваючы ахвоту супернікам. Мабыць, таму гэтая птушка ва ўяўленнях беларусаў увасабляла мужчынскі пачатак і надзялялася шлюбнай, любоўна$эратычнай сімволікай. Паводле прыкметы, калі верабей звіў гняздо на даху хаты, дзе жыве дзяўчына, хутка трэба чакаць сватоў. Часам у шлюбных песнях жаніха клічуць вераб’ём:
– Чаму, верабейка, ды не жэнішся?
Прыйдзе пара – дзе ты дзенешся?
– Ды мне ў гэтым бары ды мне пары няма:
Узяў бы сінічку – дык сястрычка мая,
Узяў бы зязюльку – ў яе бацькі няма,
Узяў бы сароку – шчабятліва яна,
Узяў бы варону – у яе нос даўгі.
– Во там у бары перапёлачка
– Для верабейкі была б жоначка.
Верабеечка як лятаць, дык лятаць,
Перапёлачку як шукаць, дык шукаць.
Перапёлачка ж у пшаніцы была,
Для верабейкі ды дачушку дала,
Для мілага зяця пірагоў напякла.
Існуе і беларускі народны танец “Верабей”, які раней выконваўся на вяселлях. Этнограф і фалькларыст Павел Шэйн апісаў варыянт, які ён убачыў на Магілёўшчыне: “”Вераб’я” танцавалі ў некалькі пар так: танцуючыя склалі круг, унутры якога хадзілі дзяўчаты, звонку – хлопцы; спачатку рухаліся ў адзін бок, ціха, прагульваючыся, а потым, калі музыка рабілася больш жвавай, усе пары вакол паварочваліся і пачыналі падскокваць весялей...” Танец суправаджаўся песняй:
Чы-чы, чы-чы, верабей,
He клюй маіх канапель, –
А я таму вераб’ю
Калом ногі пераб’ю.
Верабейка скача,
Па ножцы плача.
Танец быў распаўсюджаны ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Ад дабра да шкоды
Ва ўяўленнях беларусаў, як і іншых славян, вераб’ям адводзілася важнае месца. Лічылі: “калі пад хатаю разводзяцца ластаўкі ці вераб’і або галубы, та хата будзе шанцаваць гаспадару, калі ж птушкі пажылі ды разляцеліся, та будзе якоесь няшчасця”.
Увагу людзей увесь час прыцягвала і тое, што верабей не ходзіць, а скача адразу на дзвюх лапах. На гэты конт існуе легенда. Апавядаюць, што менавіта верабей награшыў падчас распяцця Хрыста, выдаў яго сваім крыкам “жыў-жыў-жыў!”, калі яго ўкрыжавалі. За гэта Бог пакараў птушку, зблытаўшы ёй ногі.
Большасць прадстаўнікоў сямейства па зямлі перамяшчаюцца скачкамі, бо маюць кароткія ногі.
Пры гэтым верабей, паводле беларускіх народных уяўленняў, – шкоднік, злодзей, які крадзе зерне, дзе б яно ні знаходзілася, і знішчае частку ўраджаю на злакавых палетках. Асабліва яго нападам падвяргаліся каноплі (таму вераб’ёў яшчэ звалі канаплюкамі). У Маларыцкім раёне зафіксаваны Калядны звычай “гоняты воробухы”. Існаваў і звычай лавіць вераб’ёў напярэдадні Новага года. Увечары збіраліся хлопчыкі і дарослыя, запальвалі ліхтар і ішлі ў пуню. Верылі, што, колькі зловяць вераб’ёў у гэтым годзе, столькі коп (капа – 60 штук чаго-небудзь) іх загіне ў наступным.
У горадзе Баранавічы ў 2003 годзе на бульвары Хейнола з’явіўся помнік вераб’ю. Аўтарам праекту стаў вядомы беларускі скульптар Станіслаў Цалюк. На высокім пастаменце, дзе сядзіць бронзавы верабей, ёсць надпіс: “2003 год – год вераб’я дамавога. Да вас я назаўсёды прыляцеў. Не вырай вабіць, а Радзіма”.
У народным слове
З вераб’ём звязана вялікая колькасць фразеалагізмаў, напрыклад, “вераб’іная ноч”. Першапачатковая форма спалучэння – “рабіная ноч”. Гэта рабая, падобная да вераб’я ноч з ветрам, калі цемра перамяжоўваецца маланіцамі і бліскавіцамі. У такі час вераб’і вылятаюць з гнёздаў, трывожна цвыркаюць, збіраюцца ў чародкі. На аснове выразу “рабіная ноч” пазней, у выніку этымалагічнага перараджэння, атрымаўся размоўны абарот “рабінавая ноч”, а затым і “вераб’іная ноч”.
У “Фразеалагічным слоўніку беларускай мовы” можна таксама знайсці наступныя фразеалагізмы:
стары верабей – вельмі вопытны, спрактыкаваны чалавек. З такім жа значэннем ужываецца і фразеалагізм “стрэляны верабей”;
з вераб’ёў (вераб’іны) нос – 1) вельмі мала; 2) невялікі па колькасці, памерах і пад.;
вераб’ю па калена – 1) вельмі мелка, неглыбока (у рэчцы, ручаі і пад.); 2) вельмі мала (вады ў рэчцы, ручаі і пад.);
на вераб’іны скок – зусім нязначна, нямнога;
вераб’ям дулі паказваць – гультаяваць, займацца пустымі справамі;
вераб’іны харч – выпадковыя сродкі існавання, здабытыя дзе прыйдзецца і як папала;
як спуджаны верабей (дыял.) – перапалоханы, які вельмі хутка падняўся і ўцёк.
Згадваў народ вераб’я і ў прыказках, з якіх вынікае, што ён – спрытная, кемлівая, хітрая, але баязлівая птушка:
Малады верабей, ды спрытны.
Увосень і верабей сыты.
У вераб’я багата сям’я: у кожнага верабейкі па тры капейкі.
І верабей на сваім падворку спраўны.
На сваім сметніку і верабей гаспадар.
Слова не верабей, вылеціць – не зловіш.
Калаціцца, як у вераб’я сэрца (дыял.).
Верабей увасабляе прыхільнасць да чалавека, меланхалічнасць, а таксама нізасць, задзірлівасць, прагнасць, пажадлівасць. Беларуская народная казка “Верабей на былінцы” распавядае пра хітрасць і нахабства гэтай птушкі, якая, умела маніпулюючы асяроддзем, дасягала сваёй мэты (каб былінка пакалыхала).
***
На жаль, цяпер забыліся многія традыцыі і выразы, звязаныя з вераб’ём. А разам з імі і сама птушка неяк нябачна знікла з падворкаў ды падстрэшшаў. Мабыць, пакрыўдзілася на беларусаў, што занядбалі сваю традыцыйную культуру, дзе ёй адводзілася значнае месца.
Ганна АСІПУК,
навуковы супрацоўнік сектара “Прырода і экалогія”
УК “Брэсцкі абласны краязнаўчы музей»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/verabey
[2] https://zviazda.by/be/tags/ptushki