Беларусь зацікаўлена пашырыць свой удзел у працы Энергетычнага клуба Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка сёння на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў ШАС у фармаце відэаканферэнцыі, перадае [1] БелТА.
«Беларусь актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва па пытаннях умацавання ядзернай бяспекі і выкарыстання атамнай энергіі ў мірных мэтах. Мы зацікаўлены ў пашырэнні ўдзелу нашай краіны ў працы Энергетычнага клуба ШАС», — сказаў Раман Галоўчанка.
Паколькі арганізацыя аб’ядноўвае некалькі ядзерных дзяржаў, кіраўнік беларускага ўрада мяркуе, што прыйшоў час падумаць над стварэннем у ШАС асобнага механізму, які прадугледжвае рэгулярныя сустрэчы, нарады па пытаннях атамнай энергетыкі і ядзернай бяспекі па аналогіі з мерапрыемствамі, што праводзяцца па іншых напрамках. «Упэўнены, што стварэнне такога фармату ўзаемадзеяння будзе адказваць сучасным выклікам у галіне ядзернай бяспекі, а таксама садзейнічаць умацаванню міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай сферы», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.
Беларускі бок таксама лічыць вельмі запатрабаваным стварэнне паўнавартаснага фінансавага інстытута, «не залежыць ад рашэнняў і дзеянняў заходніх структур».
Галоўнымі напрамкамі дзейнасці гэтага інстытута, на думку беларускага боку, магло б стаць не звязанае з фінансаваннем інвестыцыйных праектаў крэдытаванне, а таксама прадастаўленне стабілізацыйных пазык, у тым ліку на падтрымку праграм развіцця.
«Гэтая ідэя ў поўнай меры адпавядае расійскай ініцыятыве аб прыняцці міжбанкаўскага аб’яднання ШАС дарожнай карты па пераадоленні наступстваў пандэміі COVID-19 для эканомік краін — членаў ШАС. З улікам значнага вопыту ў фінансавай і банкаўскай сферах Міжбанкаўскае аб’яднанне ШАС магло б распрацаваць і ўнесці праект канцэпцыі стварэння дадзенай фінансавай арганізацыі», — адзначыў Раман Галоўчанка.
Прэв’ю: БелТА
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/economics/view/belarus-zainteresovana-rasshirit-svoe-uchastie-v-rabote-energeticheskogo-kluba-shos-golovchenko-417942-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/raman-galouchanka
[3] https://zviazda.by/be/tags/shas