Для жыхароў горада падрыхтавана мноства мерапрыемстваў. Раскажам толькі пра некаторыя з іх.
З 5 снежня свае гандлёвыя рады раскіне каля абласнога лячэбна-дыягнастычнага цэнтра навагодні кірмаш «Калядная крама».
Старт асноўным навагоднім і калядным мерапрыемствам будзе дадзены на адкрыцці галоўнай гарадской ёлцы на плошчы Леніна 11 снежня. Праз тыдзень на базе дзіцячай бібліятэкі № 9 Янкі Купалы адкрыецца рэзідэнцыя Дзеда Мароза.
Аматараў спартыўных забаў запросіць футбольны манеж па вуліцы Якубоўскага. Там адбудзецца грандыёзнае футбольна-казачнае шоу «Навагоднія прыгоды „Днепр STARS“ у снежным каралеўстве».
У Магілёўскім гарадскім Цэнтры культуры і вольнага часу пройдзе навагодні канцэрт «Ад сэрца да сэрца» Магілёўскай гарадской капэлы з удзелам людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Асабліва насычанымі будуць дні, пачынаючы з 23 снежня. У гарадской выставачнай зале адкрыецца традыцыйная выстава-кірмаш вырабаў рамеснікаў і майстроў «Навагодні настрой,». У парку Падніколле адбудуцца святы «Зімовыя забавы» і «Хітрыкі цёткі Мяцеліцы».
А самую загадкавую навагоднюю экскурсію правядзе «астраном» — загадчыца кафедры агульнай фізікі МДУ імя А. Куляшова Іна Івашкевіч. Сустрэча а палове на шостую 26 снежня на плошчы Зорак.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Прэв’ю: mycity.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/magilyou
[2] https://zviazda.by/be/tags/novy-god