Цяжка пераацаніць значэнне ініцыятыў грамадзян у вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Менавіта іх намаганнямі з кожным годам становіцца больш прыгожай, утульнай, камфортнай малая радзіма, павышаецца якасць жыцця і адпачынку мясцовых жыхароў. На іх рахунку — уладкаванне закінутых тэрыторый, сквераў, паркаў, стадыёнаў, стварэнне безбар'ернага асяроддзя для інвалідаў-калясачнікаў, месцаў адпачынку і заняткаў спортам для людзей розных узростаў і катэгорый — усяго не пералічыш. Менавіта аб сваіх дасягненнях расказалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці ўсіх абласцей Беларусі падчас выніковай канферэнцыі.
Другое дыханне старога парку
Старшыня Крамяніцкага сельскага Савета дэпутатаў Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці Аляксандр Дзерачэнік прэзентаваў праект «Адпачынак у Князеве». У аграгарадку з аднайменнай назвай знаходзіцца стары парк, які вядзе сваю гісторыю з канца XІX стагоддзя. Яго заснавальнікі — знакаміты род князёў Журавых. Гэта ўнікальны парк, дзе растуць рэдкія рэліктавыя дрэвы. У савецкія часы ён быў месцам культурнага жыцця. На шматлікія мерапрыемствы збіралася мноства людзей розных узростаў. Кіраўнік праекта прызнаўся, што мару вярнуць былую славу гэтаму ўнікальнаму прыродна-гістарычнаму кутку выношваў даўно. Але, каб ажыццявіць яе, неабходны былі фінансавыя рэсурсы. Падказку падкінула жыццё. Старшыня падаў заяўку на конкурс сацыяльных праектаў «TANDEM», арганізаваны асветніцкім грамадскім аб'яднаннем «Фонд імя Льва Сапегі» і выйграў грант.
Уладкоўвалі аб'ект сумеснымі намаганнямі: моладзь, мясцовыя жыхары, валанцёры, супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Сельскагаспадарчае прадпрыемства «Князева» выступіла суінвестарам праекта, выдзяляла тэхніку для розных работ.
Канешне, прыйшлося нялёгка, каб удыхнуць у гэты ўнікальны парк другое дыханне. Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць. І цяпер зялёны масіў не пазнаць. Тэрыторыю ачысцілі ад звалак, смецця, прыбралі прыбярэжную зону возера, зрабілі пірс. Для водных прагулак закуплены лодкі, катамараны. У парку з'явілася сучасная зона адпачынку з дзіцячай, спартыўнай, танцавальнай пляцоўкамі, альтанкі, лаўкі, мангал для прыгатавання шашлыкоў, пракладзены дарожкі. Як прызнаўся Аляксандр Дзерачэнік, давялося спілаваць мінімальную колькасць дрэў у парку, але ўся драўніна пайшла ў справу. Больш за тое, спатрэбіліся і валуны, якія размалявалі студэнты. Вулічныя сведкі гісторыі толькі ўпрыгожылі тэрыторыю.
Абноўлены парк здадзены ў верасні. І менавіта ва ўсёй сваёй велічы ён сустракаў раённыя «Дажынкі», якія сабралі шмат гасцей.
Аляксандр Дзерачэнік кажа, што зацікаўлены ў далейшым развіцці тэрыторыі. Яго падтрымліваюць і землякі. Ён спадзяецца, што для гэтага знойдуцца інвестары.
Спартыўны комплекс для ўсіх
Па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле групы грамадзянскіх актывістаў, настаўнікаў створаны культурна-спартыўны комплекс «ЭкаСмартЛэнд», — расказала спецыяліст аддзела па адукацыі Віцебскага райвыканкама, прадстаўнік грамадскага аб'яднання садзейнічання сацыяльна-эканамічнаму развіццю Віцебскага раёна «Прыдзвінскі край» Вольга Чэрапава. Комплекс узнік на стадыёне Даўжанскай школы, але займацца, тут могуць, як вучні, так і ўсе ахвотныя. Разлічаны ён на розныя спартыўныя густы і схільнасці наведвальнікаў. Збудаванне ўключае наступныя сектары: спартыўных вулічных трэнажораў, для правядзення святочных мерапрыемстваў са сцэнай, для настольных гульняў, дзіцячую пляцоўку.
З'яўленне аб'екта такога тыпу стала магчыма дзякуючы перамозе ў конкурсе мясцовых ініцыятыў і атрыманаму гранту.
У вёсцы стала прасторней
Непадалёк ад Мінска на тэрыторыі Міханавіцкага сельсавета знаходзіцца населены пункт Серафімова. У савецкія часы гэта была звычайная вёска. Затым на ўскрайку вырас пасёлак катэджнага тыпу для трактаразаводцаў. Тут былі праведзены газ, электрычнасць, водаправод, цэнтральную вуліцу заасфальтавалі, пачалі вырашаць пытанне з каналізацыяй. Але развал Савецкага Саюза перапыніў планы. Інфраструктура з цягам часу рабілася непрыгоднай. Больш за тое, тут не было ніводнага месца, дзе можна пагуляць з дзецьмі, сабрацца разам мясцовым жыхарам. Аляксей Галубовіч і яго жонка задумаліся над тым, як зрабіць Серафімова лепшым і паказаць прыклад тым беларусам, якія мараць, каб іх радзіма была прыгожай і ўтульнай. А пачалося ўсё з таго, што Аліна стала пераможніцай дабрачыннага конкурсу «Актывія 2.0» у намінацыі «Урбаністыка» і атрымала 5,5 тысячы рублёў. Іх вырашылі ўкласці ў развіццё грамадскай прасторы на двух закінутых пажарных вадаёмах, якія ператварыліся ў звалку. Каб прывесці тэрыторыю ў прыстойны выгляд, давялося чысціць вадаёмы ад ілу, выразаць на берагах зараснікі, хмызнякі, праводзіць добраўпарадкаванне, падрыхтаваць і выраўнаваць участак. Для чаго спатрэбілася не адна машына зямлі. Затым тут уладкавалі дзіцячую пляцоўку з гульнявымі прыстасаваннямі, паставілі лаўкі, зрабілі рознаўзроўневыя ляжанкі, дзе можна пабегаць дзецям і адпачыць дарослым.
Да распрацоўкі праекта сямейная пара прыцягнула маладых архітэктараў. Але ажыццявіць усе іх задумы не ўдалося, у працэсе рэалізацыі планы карэктавалі з прычыны недахопу сродкаў. Дарэчы, грошы Аляксей збіраў і шляхам краўдфандынгу. І яго здзівіла, што адгукнуліся нават незнаёмыя людзі, якія не маюць адносін да гэтых мясцін.
На адкрыццё аб'екта сабралася шмат бацькоў з дзецьмі. Мясцовыя жанчыны частавалі ўсіх дамашняй выпечкай ды рознымі ласункамі.
Праект працягваецца, у Аляксея Галубовіча шмат задум, на ажыццяўленне якіх патрэбны грошы. Зрэшты, пра гэта казалі і іншыя ўдзельнікі канферэнцыі. На іх думку ў фінансаванні грамадзянскіх ініцыятыў павінны прымаць удзел больш зацікаўленых дзяржаўных інстытуцый. Для чаго павінен быць прыняты адпаведны закон.
Платформа для зносін з уладай
— Прававое рэгуляванне формаў удзелу грамадзян у працэсе прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні ў Беларусі у многім не адпавядае сучасным рэаліям і патрабаванням, паколькі большасць прававых нормаў была падрыхтавана і ўкаранёна ў 1991—1995 гадах. Неабходны іх карпатлівы аналіз і абнаўленне, накіраваныя на дэбюракратызацыю, павышэнне эфектыўнасці, актывізацыю і матывацыю грамадзян для ўдзелу ў працэсе вырашэння праблем на мясцовым узроўні, — лічыць старшыня праўлення асветніцкага грамадскага аб'яднання «Фонд імя Льва Сапегі» Міраслаў Кобаса.
На яго думку, адсутнасць механізмаў фінансавання грамадзянскіх ініцыятыў за кошт бюджэтных сродкаў стрымлівае актыўны ўдзел насельніцтва ў вырашэнні мясцовых праблем. Для стымулявання іх актыўнасці і ўстойлівага развіцця грамадзянскай супольнасці неабходна адпаведная дзяржаўная палітыка і падтрымка. Першымі крокамі ў гэтым кірунку маглі б быць заканадаўчыя інавацыі, накіраваныя на ўдасканаленне і лібералізацыю рэгулявання дзейнасці грамадзянскіх аб'яднанняў. У прыватнасці, укараненне ў практыку Бюджэтаў грамадзянскага удзелу, як аднаго з механізмаў падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў.
— Па вялікім рахунку размова ідзе не аб тым, як патраціць частку мясцовага бюджэту. У першую чаргу гэта размова аб стварэнні платформы для зносін грамадзян з уладай і паміж сабой, якая дасць магчымасць больш абмяркоўваць развіццё сваёй вуліцы, мікрараёна, горада, знаходзіць узаемаразуменне, браць адказнасць за якасць свайго жыцця, — падсумаваў суразмоўнік.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Прэв’ю: nlomov.pnzreg.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/praekty
[5] https://zviazda.by/be/tags/gramadzyanskaya-supolnasc