Старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна РУНЕЦ правяла прамую лінію.
Як паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента, геаграфія званкоў датычылася розных рэгіёнаў краіны, а іх тэматыка была вельмі разнастайная.
Заяўнікі звярталіся з просьбамі пасадзейнічаць у вырашэнні асабістых пытанняў, у прыватнасці, у пераглядзе крымінальнай справы, правядзенні капітальнага рамонту жылля, атрыманні новай арэнднай кватэры, пераводзе ацяплення ва ўласным жыллі з пячнога на электрычнае, змене юрыдычнага адраса, устаноўцы шлагбаума на дваровай тэрыторыі, выплаце дывідэндаў акцыянерам, разліку па заробку і іншых.
Дарэчы, не ўсе заяўнікі ўзнімалі толькі тэмы, якія датычацца менавіта іх саміх — былі і такія, хто звяртаў увагу сенатара на пытанні, што закранаюць інтарэсы шырокага кола грамадства. Напрыклад, выкарыстання чэкаў «Жыллё», выплат па дагаворах страхавання, асвятлення ў сродках масавай інфармацыі сітуацыі з распаўсюджаннем каранавіруснай інфекцыі, будаўніцтва дарогі ў Мінскім раёне.
Як удакладнілі ў профільнай камісіі, на прамой лініі гучалі і розныя ініцыятывы. У прыватнасці, кіраўнік аднаго з інавацыйных прадпрыемстваў прапанаваў, каб падчас мадэрнізацыі прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці швейнае абсталяванне, якое маральна і фізічна састарэла, не накіроўвалася на металалом, а атрымлівала новае жыццё, дзякуючы далейшаму перааснашчэнню. Ад гэтага ўсе будуць у плюсе: і тыя, хто мадэрнізуецца, і тыя, хто ўдыхне ў састарэлае абсталяванне новае жыццё, і тыя, хто ў далейшым атрымае магчымасць выкарыстання для сваёй вытворчасці яшчэ прыдатнага абсталявання. Цікавую прапанову накіруюць для разгляду і вывучэння перспектыў яе прымянення на практыцы ў канцэрн «Беллегпрам».
Акрамя таго, прагучала прапанова па карэкціроўцы нормы дзеючага падатковага заканадаўства, якая датычыцца вызвалення ад аплаты зямельнага падатку і падатку на маёмасць пенсіянераў па ўзросце, але толькі ў тым выпадку, калі ў жылых дамах, размешчаных на гэтых зямельных надзелах, не зарэгістраваны працаздольныя людзі. Пенсіянер, жыхар мікрараёна індывідуальнай забудовы, прапанаваў распаўсюдзіць гэтую льготу і на пенсіянераў, што жывуць з паўналетнімі членамі сям'і, але ўвесці да пенсіянераў узроставы мінімімум — не раней за 70 гадоў.
Дарэчы, як адзначылі ў профільнай камісіі, такое пытанне ўзнімалася ў шматлікіх зваротах. Пры прапрацоўцы змен і дапаўненняў у Падатковы кодэкс гэтая ініцыятыва будзе разгледжана Пастаяннай камісіяй сумесна з зацікаўленымі міністэрствамі.
Акрамя таго, падчас прамой лініі грамадзяне гаварылі і аб палітычнай сітуацыі ў краіне, выказвалі спадзяванні, што ў хуткім часе ўсё вырашыцца на карысць канструктыўнай часткі грамадства і закончацца несанкцыянаваныя мітынгі, шум і абмежаванні руху на дарогах.
Трэба сказаць, што па многіх пытаннях, агучаных на прамой лініі, Таццяна Рунец давала адказы і тлумачэнні адразу, тыя, што патрабуюць больш шчыльнага вывучэння, накіраваны ў профільныя дзяржаўныя органы для разгляду і прыняцця неабходных мер.
Вольга АНУФРЫЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-runec
[4] https://zviazda.by/be/tags/pramaya-telefonnaya-liniya