На тэлеканале «Беларусь 2» заўтра стартуе новае кулінарна-забаўляльнае шоу «На тыдзень», якое дакажа, што дастаткова выдзеліць адзін дзень для прыгатавання ежы, каб уся сям'я засталася сытая.
Ні для кога не сакрэт, што людзі імкнуцца ісці ў нагу з часам: хочуць быць стыльныя, здаровыя, займацца самаадукацыяй, а не толькі праводзіць свой час на кухні. Але ж як усё паспець, калі нават штодзённае гатаванне адбірае шмат часу? Стваральнікі праграмы «На тыдзень» пераканаюць аўдыторыю, што гэта вельмі проста. Вядучай шоу стала шэф-повар адной з папулярных сталічных устаноў Ніна Шабан. Яна прадэманструе не толькі прыгатаванне страў рознай ступені цяжкасці, але і падзеліцца прафесійнымі рэкамендацыямі па іх замарозцы для хуткага выкарыстання на працягу ўсяго тыдня.
— Рэцэпты, якія публікуюцца ў кулінарных выданнях ці ў інтэрнэце, часта выкарыстоўваюць даволі фармальны падыход, — кажа вядучая. — Змяшаць усё ў пэўным парадку і ў зададзеных прапорцыях, а потым зварыць, падсмажыць альбо спячы — і гатова. Але, каб гатаваць па-сапраўднаму смачна, важны і творчы падыход, які я і прадэманструю аўдыторыі. Дарэчы, менавіта таму ў праграме будуць сустракацца рэцэпты ўсім знаёмых страў, але ў маёй аўтарскай дапрацоўцы.
Кулінарнае шоу будзе выходзіць на канале па суботах, і прэм'еру чакаем 5 снежня ў 12.20.
Алена ДРАПКО
Фота дадзена Белтэлерадыёкампаніяй
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/gatuem-razam
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus-2-2