Нацыянальная стратэгія Беларусі «Актыўнае даўгалецце-2030» зацверджана пастановай Савета Міністраў ад 3 снежня 2020 года нумар 693, паведамляе [1] БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Палажэнні стратэгіі будуць улічвацца пры распрацоўцы праектаў праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, дзяржпраграм да 2030 года, прававых актаў.
Нацстратэгія распрацавана для стварэння ўмоў для найбольш поўнай і эфектыўнай рэалізацыі патэнцыялу пажылых грамадзян, устойлівага павышэння якасці іх жыцця праз адаптацыю дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў да праблемы старэння.
Стратэгія накіравана на вырашэнне 6 асноўных задач. Гэта забеспячэнне абароны правоў і годнасці пажылых грамадзян, стварэнне ўмоў для іх сацыяльнай уключанасці і ўсебаковага ўдзелу ў жыцці грамадства; стымуляванне больш доўгага працоўнага жыцця, фарміраванне камфортнага ўзроўню даходу пажылых грамадзян; забеспячэнне магчымасці для навучання на працягу ўсяго жыцця, пашырэнне доступу да адукацыі і павышэння кваліфікацыі. Сярод задач таксама стварэнне ўмоў для здаровага і бяспечнага жыцця, актыўнага даўгалецця; развіццё сацабслугоўвання; стварэнне адаптаванай да патрэбнасцей пажылых грамадзян інфраструктуры і асяроддзя жыццядзейнасці.
У дакуменце 55 мерапрыемстваў для рэалізацыі стратэгіі. Гэта ўдасканаленне заканадаўства аб сацабслугоўванні, забеспячэнне ў калектыўных дагаворах, тарыфных пагадненнях норм супраць узроставай дыскрымінацыі пры прыёме і звальненні работнікаў, арганізацыя работы саветаў пажылых грамадзян пры мясцовых органах улады, гурткоў, экскурсійных паездак, распрацоўка турыстычных маршрутаў, адаптаваных для пажылых грамадзян, павышэнне кваліфікацыі для медработнікаў у частцы геранталогіі і інш.
Прэв’ю: brand-mag.com
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/society/view/natsstrategija-aktyunaga-daugaletstsja-da-2030-goda-zatsverdzhana-u-belarusi-94447-2020/
[2] https://zviazda.by/be/tags/nacstrategiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/dakument
[4] https://zviazda.by/be/tags/savet-ministrau