Андрэй Супрановіч з Мінска выйграў 172 тысячы расійскіх рублёў у інтэлектуальнай гульні «Слабое звяно». Выпуск [1] з яго удзелам выйшаў у эфіры тэлеканала «Мір» сёння.
Андрэю 34 гады, ён працуе журналістам. Піша матэрыялы для расійскіх выданняў на спартыўную і аўтамабільную тэматыку. Скончыў школу віна – прызнаецца, што падчас пандэміі вырашыў набыць дадатковыя веды ў іншай галіне. Гуляе ў «Што? Дзе? Калі?», з’яўляецца ўладальнікам Малой Крышталёвай Савы (вясна 2013).
Сёмы раўнд з удзелам Андрэя, дзе заставаліся толькі ён і яго супернік, прынёс у банк 41 тысячу расійскіх рублёў – максімальную суму за ўсе папярэднія туры. Да таго ж гэта сума, паводле правіл гульні, была падвоена і дабаўлена да тых грошай, якія назбіраліся ў банку за час усёй гульні. Такім чынам, на кон былі пастаўлены 172 тысячы расійскіх рублёў. У эквіваленце гэта каля 6 тысяч беларускіх.
У заключным раўндзе Андрэй правільна адказаў на два пытанні, яго візаві не ўдалося справіцца ні з адным.
У красавіку яшчэ адзін беларус, 28-гадовы Яўген з Віцебска, таксама даходзіў [2] да фінала «Слабога звяна», але перамагчы ў ім не здолеў.
Спасылкі
[1] https://www.youtube.com/watch?v=wN_9Pql3uwY
[2] https://zviazda.by/be/news/20200417/1587151762-belarus-z-vicebska-dayshou-da-finala-gulni-slaboe-zvyano-ale-praygrau
[3] https://zviazda.by/be/tags/slaboe-zvyano