Не так даўно давялося пабываць у самым паўночным горадзе Гродзенскай вобласці. Вядома, хацелася даведацца аб найбольш знакавых падзеях і асаблівасцях гэтага края. І такіх тут нямала. У раёне знаходзіцца знакаміты Крэўскі замак, а яшчэ — былая сядзіба кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. Тут праходзіла лінія фронту падчас Першай сусветнай вайны, дзе ваяваў той самы жаночы батальён, гісторыя якога стала асновай для вядомага кінафільма. А яшчэ тут выпякалі папулярныя смаргонскія «абваранкі», пагалоска аб якіх абляцела ўсё наваколле. Аказваецца, тыя самыя абаранкі, якія мы ўсе любім з самага дзяцінства, бяруць свой пачатак адсюль, са Смаргоні. Але ці засталося што-небудзь ад таго старажытнага промыслу? Таму на пошукі страчанага брэнда і быў скіраваны мой шлях па Смаргоні.
Відавочна, што ў гэтай справе не абысціся без краязнаўцаў. Таму найперш наведала гісторыка-краязнаўчы музей, што знаходзіцца ў цэнтры горада. Сапраўды, мясцовы «абараначны» летапіс тут ведаюць даволі дасканала. А пачатак свой славутыя «смаргонкі» бяруць у ХVІІ стагоддзі і звязаны яшчэ з адной гарадской асаблівасцю. Месцілася тут, ні больш ні менш, сапраўдная «мядзведжая акадэмія». Так назвалі заснавальнікі Радзівілы «ўстанову» па дрэсіроўцы гэтых драпежнікаў. Як расказала навуковы супрацоўнік музея Вольга Самаркіна, для «вучобы» карысталіся сухімі хлебнымі кансервамі ў выглядзе палачак. Гэтыя хлябцы дрэсіроўшчыкі бралі для мядзведзяў у падарожжа па гарадах і мястэчках. Гатавалі такія кансервы проста: замешвалі крутое цеста з мукі і вады і варылі яго ў кіпятку. Потым рэзалі на палоскі і выпякалі ў печы. Такі корм і ў дарозе няцяжкі, і лахматым «акадэмікам» падабаўся. Паступова адбылася «рэфармацыя» выпечкі — палачкі сталі скручваць у кругляшы, каб павадырам было зручней насіць іх на вяроўках. І называліся гэтыя вырабы «абваранкі», таму што спачатку варыліся ў кіпені. У хуткім часе рэцэпт удасканалілі і прапанавалі людзям. «Абваранкі» сталі пасыпаць цукрам, дадаваць у цеста мёд, кагор ці мак. А слава смаргонскіх «абваранкаў» была нараўне з «мядзведжай акадэміяй».
З Вольгай Самаркінай падыходзім да імправізаванай печы. Здаецца, перад вачыма праходзіць увесь працэс нялёгкай ручной працы жанчын. Дзве — каля стала замешваюць цеста і паляць у печы, яшчэ па адной — каля печы і катла. Цеста рабілі на рошчыне, усе асноўныя складнікі — мука, вада і дрожджы. Рошчыну потым дабаўлялі ў цеста, каб яно хутчэй падыходзіла.
...Вось жанчыны-калястольніцы кладуць кругляшы ў вялікі чыгунны кацёл. Каб «абваранкі» былі бліскучыя і румяныя, у ваду дабаўляюць яшчэ і мёд. Акрамя мукі, вады і дражджэй, клалі яйкі, цукар, масла, мак, ваніль. Калі кругляшы ўсплылі, іх перакладаюць на бляхі і выпякаюць у вялізнай печы, якую палілі выключна альховымі дровамі. У звычайныя дні пяклі простыя, посныя «абваранкі». А вось на кірмаш — здобныя. Гатовае печыва складалі ў мяхі і нанізвалі на вяроўкі.
Да Першай сусветнай вайны ў горадзе налічвалася каля 60 арцеляў па вытворчасці абвараных кругляшоў. Іх пяклі і вазілі прадаваць на рынкі ў Вільню. Прадавалі нядорага. 5-10 капеек звязка, вялікая баранка — 10 капеек. Савецкая ўлада ўвяла для прыватных вытворцаў вялікія падаткі, і ўсе арцелі аб'яднаў адзін «Харчавік». Затым на змену прыйшоў хлебазавод. Дарэчы, ён і цяпер працуе, гэта філіял Гродзенскага хлебазавода. І тут у асартыменце таксама ёсць абаранкі. Але больш вядомыя смаргонскія сушкі некалькіх відаў. З задавальненнем іх пакаштавала.
Аб папулярнасці абаранкаў за межамі Беларусі пісаў у ХІХ стагоддзі вядомы беларускі этнограф Адам Кіркор. Маўляў, у Смаргоні Ашмянскага павета Віленскай губерні амаль усё мяшчанскае насельніцтва займаецца выпечкай маленькіх абаранкаў, ці крэндзялькоў, якія набылі вялікую вядомасць пад назвай «смаргонскіх абваранкаў». Ён сцвярджаў, што літаральна ўсе вандроўнікі абавязкова купляюць некалькі звязак. Магчыма, і сучасныя турысты не адмовіліся б пакаштаваць сапраўдных «смаргонак», прыгатаваных па даўнейшых рэцэптах. Аказалася, пытанне ў тым, як наладзіць падобны промысел.
— Каб наладзіць вытворчасць, трэба шэраг дазволаў, атрымаць іх няпроста і па санітарным стане і па лініі МНС, — расказвае Вольга Самаркіна. — Таму пакуль мы можам гэта зрабіць толькі ў тэатральнай форме. Праводзім тэматычныя экскурсіі. Частуем смаргонскімі сушкамі.
Дык няўжо знакаміты брэнд так і застанецца ў мінулым? Відавочна, што адраджэнне промыслу важнае і для турыстычнага патэнцыялу рэгіёна. Вядома, у краязнаўцаў ёсць жаданне аднавіць старажытны промысел. Хоць бы дэманстраваць майстар-клас для турыстаў. І памяшканне для гэтага ёсць. Нават была ідэя адкрыць міні-пякарню. З гэтай мэтай спецыялісты музея азнаёміліся з работай такой пякарні ў суседзяў-палякаў. Напрыклад, у Кракаве такая выпечка карыстаецца вялікім попытам у мясцовых жыхароў і турыстаў, нават мае свой фірменны знак.
Аб такой вытворчасці мараць і смаргонскія краязнаўцы. Яны нават прадставілі свой праект у праграму трансгранічнага супрацоўніцтва, але пакуль не атрымалі адказу. Таму работнікі музея самі шукаюць магчымасць зладзіць такі праект.
— Абаранкі — беларускае нацыянальнае вынаходніцтва, Смаргонь — іх сталіца. Таму тут трэба зладзіць былую вытворчасць і частаваць турыстаў, — лічыць Вольга Самаркіна.
У аддзеле культуры Смаргонскага райвыканкама паведамілі, што пэўныя захады для адраджэння былога брэнда робяцца. У 2017 годзе ўпершыню прайшоў фестываль-кірмаш «Смаргонскія абаранкі». Шырока святкавалі яго і летась. Праўда, наколькі ідэя атрымае працяг у перспектыве, невядома.
— Цяпер пакуль усё спынена, многае, што планавалі правесці, не адбылося. Меркавалі, што музей зможа набыць па праекце патрэбнае абсталяванне, каб выпякаць абаранкі. Але пакуль гэта тэма спынілася. Таму анансаваць крокі па адраджэнні промыслу пакуль рана, але ідэя, вядома, ёсць, — растлумачыла начальнік аддзела культуры Таццяна Ражава.
Загадчыца аддзела культуры і вольнага часу Вішнеўскага дома культуры Ала Дыро знайшла ў сваёй вёсцы жанчыну, якая гатавала абаранкі па рэцэпце сваёй свекрыві.
— У Вішневе жыве Ядвіга Фларыянаўна Хадалёнак, ёй нядаўна споўнілася 78 гадоў, — расказвае Ала Лявонаўна. — Яна ўвогуле вялікая майстрыха — і швачка, і вышывальшчыца, і ткачыха, і кулінарка. Вось яна пагадзілася паказаць на свяце майстар-клас і выпечы абаранкі. Свята было вельмі шматлюднае, і яе абаранкі вельмі спадабаліся, многіх яна частавала.
Да папулярызацыі брэнда Ала Лявонаўна ставіцца вельмі станоўча. Яна ўпэўнена, што «Свята абаранка» будзе працягвацца і надалей. Што датычыцца адкрыцця майстар-класа, справа гэта складаная з-за таго, што патрэбна руская печ. І ўсё ж нават пры сучасным абсталяванні сам працэс абварвання і выпечкі таксама цікавы. Асабліва, калі ёсць магчымасць яшчэ і пакаштаваць. Міні-пякарня магла б узяць на сябе такі эксклюзіўны кірунак.
Увогуле, нічога асаблівага ў выпечцы абаранкаў няма, запэўніла кулінарка Ядвіга Хадалёнак. Для цеста патрэбныя самыя звычайныя інгрэдыенты — вада, дрожджы, мука, цукар, масла і крыху малака. Менавіта з такога цеста выпякалі абаранкі ў яе сям'і. Рабілі гэта звычайна на святы. Ядвіга Фларыянаўна прызналася, што і цяпер вельмі любіць абаранкі. Яна купляе гатовыя, намочвае іх у вадзе, кладзе на бляху, а дзірку запаўняе начынкай — розным фаршам альбо тварагом з ягадамі. Зверху змазвае яйкам. Вось такі ўдасканалены рэцэпт старажытнага промыслу ад Ядвігі Фларыянаўны атрымала ў выніку знаёмства.
Увогуле, гэты пласт заслугоўвае таго, каб яго ўнесці і ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. У раённым цэнтры культуры, такую магчымасць не выключаюць. Але для разгляду заяўкі патрэбны менавіта носьбіты гэтай справы. Каб прадукт гатаваўся жанчынай па ўсіх правілах — з рускай печкай, чыгунным катлом, металічнымі бляхамі — і па старых рэцэптах. Пакуль дасканала ўзнавіць гэты працэс не ўдалося. Але ў Смаргоні спадзяюцца на поспех. Нездарма ў гэтым кірунку зроблены важны крок — зацверджаны брэндавы фестываль «Свята абаранка». Чарговы, трэці па ліку, кірмаш плануецца правесці налета.
Пакідаючы Смаргонь, прайшлася па цэнтры горада. Раз-пораз на вочы траплялі каменныя скульптуры і металічныя інсталяцыі. Падумала, што не хапае тут скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай знакамітым смаргонскім абаранкам-«абваранкам». Добрая атрымалася б фотазона…
У тэму
У Смаргоні расказалі яшчэ і рэцэпт прыгатавання сушак. Для выпечкі патрэбны: бляшанка згушчонага малака, 2 яйкі, пачак ванільнага цукру, крыху солі, 50 грамаў масла альбо маргарыну, паўчайнай лыжкі соды, каля 600 г мукі. Яшчэ жаўток, крыху малака і маку. У місцы перамяшаць яйкі, згушчонку, ванільны цукар, соль і масла. У муку дадаць соду і замясіць цеста. Яно павінна быць не тугое, але і не занадта мяккае, нават крыху ліпкае. Раскатаць жгуцікі таўшчынёй у сантыметр. Надаць форму абаранка. Абмакнуць верх у сумесь жаўтка, малака і маку. Пакласці на бляху з паперай для выпечкі, выпякаць мінут 12—15 да залацістага колеру.
Маргарыта УШКЕВІЧ, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/krayaznaustva
[4] https://zviazda.by/be/tags/smargon
[5] https://zviazda.by/be/tags/grodzenshchyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[7] https://zviazda.by/be/tags/abaranki
[8] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya