Калі вольны час вы праводзіце на канапе, утаропіўшыся ў тэлевізар, калі вы шмат ясце і мала рухаецеся, вы сямімільнымі крокамі набліжаецеся да ранняй дэменцыі. І не варта думаць, што вас гэта не закране...
Як выявіць на ранняй стадыі, лячыць, а ў ідэале — не дапусціць развіцця старэчай страты розуму, мы распыталі галоўнага герыятра Міністэрства аховы здароўя Людмілы Жылевіч.
Калі вы сталі ўсё забываць...
— Ці праўда, што ў нашы дні дэменцыя сустракаецца часцей, чым паўстагоддзя таму?
— Проста людзі цяпер жывуць даўжэй, чым раней. Яшчэ 30—40 гадоў таму чалавек не дажываў да дэменцыі: у 60 гадоў з'яўляліся толькі раннія сімптомы, якія былі яшчэ непрыкметныя. Сёння сярэдняя працягласць жыцця жанчын — 78,4, мужчын — 68 гадоў, і ў гэтым узросце дэменцыя праяўляецца ўжо больш яркай клінічнай карцінай. На жаль, праблема ў тым, што гэтую хваробу медыкам вельмі рэдка атрымліваецца «злавіць» на ранняй стадыі. Перш за ўсё, насельніцтва мала ведае (і ведаць не хоча) аб гэтай хваробе. Людзі не жадаюць пагадзіцца, што гэта можа мець адносіны да іх. Дапусцім, пажылы чалавек пачаў усё забываць — ён з цяжкасцю падбірае словы, пачынае дрэнна арыентавацца ў знаёмай мясцовасці, пастаянна губляе акуляры або кашалёк. Ён угаворвае сябе: я не выспаўся, стаміўся, прыдумвае сабе апраўданні. У гэтым яму дапамагаюць сваякі. І ўрачы, як правіла, маюць справу ўжо з запушчанай карцінай захворвання. А на гэтым этапе складана стабілізаваць сітуацыю. Зваротнага шляху ў гэтай хваробы, на жаль, няма. Добра, калі змены мозга зайшлі не надта далёка — можна вывесці чалавека на «плато», прыстасаваць яго і блізкіх да тых кагнітыўных збояў, якія ўжо ёсць. Ён застанецца жыць у соцыуме, у сваім доме са сваім звычайным асяроддзем. Але часта да нас звяртаюцца ўжо на трэцяй стадыі дэменцыі, калі родныя ўсё ж разумеюць, што блізкаму патрэбна дапамога. Такі чалавек стварае сур'ёзную небяспеку для сябе і сваёй сям'і: ён уцякае з дому, можа не выключыць газ, у сельскай мясцовасці, распальваючы печ, забывае адкрыць комін і г. д. І тут ужо застаецца толькі шукаць сядзелку або інтэрнат псіхіятрычнага профілю. Самае галоўнае — спыніць (дакладней, затрымаць) хваробу на этапе, калі чалавек яшчэ незалежны. Ён прыстасоўваецца да сваіх праблем, дзеці і ўнукі арганізуюць прастору ў яго кватэры так, каб ён мог спраўляцца сам. Калі ж чалавек становіцца залежым, гэта спалучаецца для сям'і з вялізнымі псіхалагічнымі, маральнымі і матэрыяльнымі нагрузкамі.
— Дэменцыя — абавязковы спадарожнік узросту?
— У нашы дні 60 гадоў — не нагода абмежаваць свае інтарэсы парніком і кветнікам. Шасцідзесяцігадовыя актыўна ўдзельнічаюць у жыцці грамадства, ставяць перад сабой мэты і дасягаюць іх. Ёсць людзі, што перасягнулі дзевяностагадовы рубеж, жыццялюбству якіх можа пазайздросціць моладзь. І ўсё ж зніжэнне кагнітыўных функцый надыходзіць у любога чалавека — але ў кагосьці ў 60, а ў кагосьці ў 100 гадоў. І максімальна адсунуць іх у часе — адна з галоўных задач кожнага.
— Ці праўда, што гэтая хвароба маладзее?
— Бываюць адзінкавыя выпадкі, калі падобныя сімптомы з'яўляюцца ў 40—45 гадоў. Прычыны — хранічная стомленасць, шматзадачнасць. Чалавек пастаянна не высыпаецца, не ўмее адпачываць, кожны яго дзень — подзвіг, у яго жыцці мала станоўчых эмоцый і фізічных нагрузак. Такія людзі хутчэй высільваюцца. Але часцей за ўсё ў маладым узросце дастаткова зразумець, якім чынам можна даць свайму мозгу адпачынак. Ранняй я б назвала дэменцыю, прыкметы якой узнікаюць у 60—65 гадоў. Часцей за ўсё з дэменцыяй людзі сутыкаюцца пасля 75-і. Першыя праявы — гэта парушэнні, звязаныя з памяццю. Чалавек выходзіць з дома і забывае, куды ішоў. Ставіць нагу на падножку аўтобуса і раптам адчувае: не можа ўспомніць, куды ён едзе і навошта яму туды трэба. Ён забывае словы, яго слоўнікавы запас скарачаецца, расце абыякавасць да сацыяльнага жыцця і праблем сям'і.
— Нейроны мозга, што гінуць у выніку дэменцыі, немагчыма аднавіць?
— Чалавечы мозг і сёння — загадка. Часам мы бачым у двух чалавек адны і тыя ж змены ў мозгу, але пры гэтым адзін жыве актыўна і захоўвае яснасць мыслення, а другі — з відавочнымі прыкметамі дэменцыі. Ёсць збітая фраза: нервовыя клеткі не аднаўляюцца. Але гэта не так. Рэзервы чалавечага арганізма велізарныя. І ўсе ж арганізм зношваецца. Трэба быць уважлівым да свайго здароўя — асабліва да праяў, якія выходзяць за межы стандарту. Стаў больш стамляцца? Задрыжалі рукі? Пачаліся перабоі ў рабоце сэрца або галаўныя болі? Гэта падстава звярнуцца да ўрача. І яшчэ вельмі важна выконваць медыцынскія рэкамендацыі. А яны могуць быць простыя: пазбавіцца ад шкодных звычак, нармалізаваць працягласць сну, дадаць фізічнай актыўнасці. Як правіла, гэта ўспрымаецца пацыентамі, як надакучлівае гудзенне пра здаровы спосаб жыцця. Але ж ні курс таблетак, ні ін'екцыйныя прэпараты без пастаяннай працы над сабой не даюць устойлівага выніку.
— Часам дастаткова проста памяняць спосаб жыцця?
— У многіх выпадках — так. Адно з найважнейшых правілаў прафілактыкі дэменцыі — гарманізацыя мазгавой і рухальнай дзейнасці. Тут ёсць нюанс: фізічныя нагрузкі павінны быць адэкватныя ўзросту. Занадта высокія — таксама могуць стаць прычынай зрыву. Вельмі важна пагадзіцца са сваім узростам і ўсвядоміць, што на гэтым жыццёвым этапе прыярытэтам павінны стаць клопат пра сябе. Але ўсё гэта датычыцца маладых пенсіянераў. Ва ўзросце 70 + проста здаровага спосабу жыцця недастаткова. Неабходныя спецыяльныя трэніроўкі памяці, пальцавая гімнастыка, якая стымулюе функцыі мозга. Вельмі важная дробная маторыка. Чаму раней у вёсках дэменцыя практычна не сустракалася? Людзі былі пастаянна занятыя, і значная частка гэтых заняткаў была звязана з дробнай маторыкай. Бабулі вязалі і вышывалі, дзядулі, напрыклад, плялі сеткі або рамантавалі рыбалоўныя снасці. Сярод доўгажыхароў, якія захавалі кагнітыўныя здольнасці, абсалютная большасць займалася працай, звязанай з дробнай маторыкай. Вельмі важнае і харчаванне. Многія пенсіянеркі цяпер захапляюцца дыетамі, абмяжоўваючы сябе ў бялку. Між тым бялок абавязковы ў рацыёне пажылога чалавека — не толькі жывёльны, але і раслінны (напрыклад, фасоля). А да жывёльнага бялку ў прапорцыі 1:3 трэба дадаваць раслінную ежу — моркву, капусту, зеляніну. І вельмі важна менавіта ў сталым узросце спажываць калорый столькі, колькі вы расходуеце.
«Камп'ютарныя» бабулі
Але нават гіпадынамія і няправільнае харчаванне — не галоўныя правакацыйныя фактары развіцця дэменцыі. Асноўнай яе прычынай герыятры называюць адзіноту.
— Раней старыя заўсёды знаходзіліся ў сям'і. Яны былі акружаныя блізкімі людзьмі і ўдзельнічалі ў іх жыцці. Сёння мы пасялілі іх у асобныя кватэры, пазбавіўшы самага галоўнага — сацыялізацыі. У вёсцы шчыльнасць насельніцтва нізкая, і часам бабулі няма з кім словам перакінуцца. У горадзе пажылыя людзі зачыненыя сам-насам з тэлевізарам на сваіх паверхах, з якіх яны не заўсёды могуць сысці.
Адным са шляхоў вырашэння праблемы Людміла Жылевіч бачыць павышэнне камп'ютарнай адукаванасці сталага насельніцтва краіны.
— У тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнай абароны мы арганізуем камп'ютарныя курсы. Цікавасць пажылых людзей да іх велізарная. Калі да нас прыйшлі першыя валанцёры-настаўнікі, яны спачатку ставіліся да ідэі з асцярогай. Але аказалася, што асвоіць сацсеткі пад сілу і 70-, і 80-гадовым. І тут вялікая роля дзяцей і ўнукаў: навучыце сваіх бацькоў або бабуль-дзядуляў карыстацца інтэрнэтам, спішыцеся з дзецьмі і ўнукамі іх сяброў юнацтва і дайце ім магчымасць мець стасункі. Галоўнае, што могуць зрабіць сваякі — не дапусціць для сваіх пажылых бацькоў ізаляцыі, — кажа суразмоўніца.
— Калі яны рухомыя, знайдзіце ім клуб па інтарэсах. Трэба не ленавацца і адшукаць тое, чым захоча займацца ваша мама ці што будзе цікава бацьку (дарэчы, мужчыны больш схільныя да дэменцыі, чым жанчыны). Такіх клубаў досыць шмат пры тэрытарыяльных цэнтрах — там і танцуюць, і спяваюць, ёсць гурткі паэзіі і аматараў кніг, клубы садаводаў-агароднікаў. Праўда, усё гэта стэрэатыпныя, яшчэ з савецкіх часоў спосабы заняць пажылых людзей. Сучасным пенсіянерам яны не заўсёды падыходзяць. Зрэшты, ужо ёсць і новыя кірункі работы. З'яўляюцца цэнтры актыўнага даўгалецця, універсітэты трэцяга ўзросту. Напрыклад, пажылыя людзі могуць вывучыць замежную мову — нават не для выкарыстання, а як практыкаванне, спосаб абудзіць свой мозг.
— А валанцёрства даступнае для пажылых людзей?
— Так, і мы стараемся развіваць гэтую форму работы. У Рэспубліканскім цэнтры геранталогіі ёсць праект «Банк вольнага часу». Людзі самага рознага ўзросту, у тым ліку пажылыя, могуць прыйсці да аўдыторыі і прачытаць лекцыю па сваёй дысцыпліне або навучыць прысутных бабуль і дзядуляў якому-небудзь навыку. Мы стараемся развіваць рух «Срэбнае валанцёрства»: як правіла, людзі сталага ўзросту лепш за ўсіх ведаюць праблемы сваіх аднагодкаў у тым ці іншым рэгіёне — удзельнікі руху шукаюць шляхі іх вырашэння. У цэлым частка пажылога насельніцтва краіны вельмі актыўная і сучасная. Але ёсць і пасіўная частка нашых пенсіянераў. На яе ў найбліжэйшай будучыні мы плануем зрабіць акцэнт. Вельмі важна вярнуць цікавасць да жыцця менавіта ім. Бо радасць і жаданне жыць — тое, што адсоўвае чалавека ад дэменцыі.
Незаменныя старыя
Людзі пенсійнага ўзросту — бясцэнны рэсурс для дапамогі маладым, кажа Людміла Жылевіч. Пры гэтым адна з прычын дэменцыі — пачуццё незапатрабаванасці.
— Успомніце: яшчэ гадоў 30 таму сям'я трымалася на бабулі і дзядулю. Яны гадавалі ўнукаў, пакуль іх дзеці былі на рабоце. Так, сёння родныя ўнукі часам жывуць за многія сотні кіламетраў ад сваіх бабуль і дзядуляў. Але ж у вашым пад'ездзе або ў вашай вёсцы ёсць і іншыя дзеці. Ёсць і мамы, якія літаральна разрываюцца паміж домам і работай. Бабуля, якая робіць урокі з вучнямі малодшых класаў або забірае з садка малых, каб мама не неслася з работы праз увесь горад — такая бабуля будзе нарасхват! Гэта можа быць валанцёрства ці падпрацоўка: прыбаўка да пенсіі. Да таго ж, у жыццё пажылога чалавека дадаецца незаменны кампанент — навучанне: успамінаючы школьную праграму, ён аднаўляе функцыі мозга. Ёсць прымяненне і дзядулям. Звярніце ўвагу: сёння хлопчыкі растуць практычна без мужчын. Настаўнікі ў школе, выхавальнікі ў дзіцячым садзе — на 95 працэнтаў гэта жаночыя калектывы. Таты або ў разводзе з мамамі, або ўвесь час працуюць. А дзядулі маглі б навучыць хлопчыкаў у сваім двары, як забіць цвік, як працаваць з інструментамі і мноству іншых неабходных мужчыне навыкаў. І гэта быў бы ўзаемавыгадны абмен.
Тым больш, адзначае спецыяліст, калі пажылы чалавек знаходзіцца ў соцыуме, ён перастае быць лёгкай здабычай для ашуканцаў — побач будуць тыя, хто зможа яго аберагчы.
— Ну, а самая галоўная прафілактыка развіцця старэчай дэменцыі — гэта падзяка. Тэлефануйце бацькам, бабулям і дзядулям часцей, наведвайце іх пры любой магчымасці. І кожны раз кажыце ім «дзякуй» — за любую дробязь і нават без прычыны. Ад гэтага «дзякуй» у жыцці пажылога чалавека ўсё мяняецца. Ён адчувае сябе патрэбным, і гэта пачуццё не дае хваробе ніводнага шанцу.
Дзіяна РОНІНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/dyyana-ronina
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/demencyya-0